Развіццё камунікатыўных уменняў вучняў на ўроках беларускай літаратуры праз выкарыстанне метадаў тэхналогіі французскіх педагагічных майстэрняў  

- 11:45II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Гродна”

 

 

Сёння настаўнік апынуўся перад праблемай: сучасны школьнік чытае вельмі мала. Чаму так адбываецца? У век інфармацыйных тэхналогій роля кнігі істотна змянілася, цікавасць і любоў да чытання падае. Дзіця больш часу праводзіць за камп’ютарам, тэлефонам або планшэтам. Вядома, калі вучань чытае толькі па неабходнасці, прымушаючы сябе, то гэта не толькі не садзейнічае фарміраванню камунікатыўных уменняў, але паступова адбівае ахвоту займацца чытаннем. Атрымліваецца, што жывых зносін ён пазбаўлены, у поўнай меры не адчувае хараства, выразнасці айчыннага слоўнага мастацтва.

На жаль, найчасцей чытацкі дыяпазон вучняў абмяжоўваецца толькі творамі, якія ўваходзяць у школьную праграму. Больш таго, з кожным годам павялічваецца колькасць падлеткаў, якія не робяць нават і гэтага. У лепшым выпадку яны знаёмяцца з творамі мастацкай літаратуры ў скарочаным варыянце. Што дасць такі спосаб “чытання”? Пэўную інфармацыю – так! Улічваючы, што ўключэнне вучняў у працэс камунікацыі па-беларуску адбываецца ў асноўным толькі ў межах урока, таму праблема развіцця камунікатыўных уменняў бачыцца асабліва вострай і актуальнай.

Ці трэба гаварыць пра тое, што галоўнае прызначэнне ўрокаў літаратуры заключаецца ў тым, каб данесці да вучняў чарадзейнае святло жывога слова пісьменніка. Пры гэтым данесці так, каб яно заўсёды жыло і адгукалася ў юных сэрцах. Таму што ў літаратуры прасочваюцца ідэі і пачуцці, ідэалы і вера, этыка і эстэтыка, сацыялогія і псіхалогія – усё “вобраз свету, у слове пададзены” (Б.Пастэрнак).

На педагагічнай ніве я шчырую ні многа ні мала 30 гадоў. Падчас настаўніцкай працы я выразна акрэсліла для сябе жыццёвае і прафесійнае крэда: быць у пастаянным творчым пошуку, павышаць сваё настаўніцкае майстэрства, зацікавіць вучняў сваім прадметам, стаць тым маяком, ад якога ідуць прамяні пашаны і любові да багацця беларускага мастацкага слова, выхоўваць пачуцці павагі і гонару да роднай зямлі, да спадчыны паэтаў і пісьменнікаў.

Напэўна, зараз як ніколі можна творча, з азартам і натхненнем падысці да выкладання роднай мовы і літаратуры, таму што на дапамогу настаўніку прыйшлі сучасныя адукацыйныя тэхналогіі: тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, модульнае навучанне, Дальтан-план, тэхналогія праектнага навучання, рознаўзроўневая тэхналогія, інфармацыйна-камунікатыўная і іншыя. Заўважце – тэхналогій шмат, але якія ж выкарыстаць, каб навучанне і выхаванне было арыгінальным і эфектыўным, яркім і запамінальным, каб прыносіла задавальненне не толькі настаўніку, але і вучню, каб адкрывала шырокія магчымасці для творчай іх самарэалізацыі.

Гэты працэс можна параўнаць з прымеркай адзення ў магазіне: яно можа спадабацца, але не падысці. Я “прымерала” на сябе цэлы арсенал разнастайных метадаў і прыёмаў, але ў сваёй педагагічнай практыцы перавагу аддаю французскім педагагічным майстэрням. У чым жа сакрэт поспеху гэтых майстэрняў? Зразумець атмасферу майстэрні дапамогуць каментарыі, думкі расійскіх і французскіх настаўнікаў:

— час адмовіцца ад таго, каб іншыя думалі за мяне;
— свабода настаўніка развівае свабоду вучня;
— памылка – магчымасць узняцца на новую ступеньку пазнання;
— майстэрня – гэта маэстра, які наігрывае тэму, а я ў ёй тру, мну, сціраю, рыфмую, малюю, пішу, майструю, будую свой лёс, бо мая тэма – гэта я сам.

Мяне ўразілі і захапілі прынцыпы, на якіх будуюцца педагагічныя майстэрні. Адносна іх мяняецца роля настаўніка і вучня. Такія заняткі даюць прастору для думак, распальваюць фантазію. Вучань большую частку ўрока знаходзіцца ў пошуку. Гэта нараджае жаданне здзівіць, захапіць, уразіць. Тэхналогія карысная і плённая тым, што дае магчымасць чаргаваць індывідуальную працу з калектыўнай, работу ў групах і парах, стварае сітуацыю поспеху, дае права выбару відаў дзейнасці. Усе этапы цесна ўзаемазвязаны паміж сабой.

На такіх уроках падлеткі атрымліваюць веды не ў гатовым выглядзе, а здабываюць іх самастойна. Як будаўнік будуе дом, так вучні паступова назапашваюць веды, узбагачаюць свой досвед. У працэсе “будаўніцтва” сустракаюцца недахопы, памылкі, цяжкасці, але школьнікі не баяцца зрабіць памылку, бо выпраўляе яе не настаўнік, а таварыш, сябар, аднакласнік.

Выкарыстанне гэтай тэхналогіі развівае лагічнае мысленне, творчае развіццё асобы, абуджэнне ініцыятывы, імкненне да чытання твораў, да самастойнага пошуку, стварае ўмовы для развіцця мастацкага густу і ўзбагачэння духоўнага свету.

Абавязковымі ўмовамі для развіцця камунікатыўных здольнасцей павінны быць камфортная псіхалагічная атмасфера, стварэнне ўнутранай матывацыі вучня, карэктная педагагічная дапамога.

Пачаць урок незвычайна, эфектна – значыць адразу завастрыць увагу, запрасіць на роздум, накіраваць думкі вучняў у патрэбным кірунку. Для гэтага выкарыстоўваю метады, якія фарміруюць станоўчую матывацыю ў дзейнасці на ўроку, у развіцці пазітыўных эмоцый і пачуццяў. Гэта індукцыя. На думку А.Окунева, індуктар – будзільнік. «Мы спім, і неспадзявана ў наша жыццё ўрываецца нешта. Індуктар – момант абуджэння, які разгойдвае ківач адчуванняў. Галоўнае, каб адчуванні былі выкліканыя. Нават, калі індуктар выклікае зласлівасць – гэта таксама добра”.

Для таго, каб натхніць вучняў, стварыць пэўны эмацыянальны настрой прымяняю наступныя метады і прыёмы: паказваю фотаздымкі, зачытваем плакаты з выказваннямі, слухаем музыку, праглядваем відэаролік. Люблю пачынаць урок на паэтычнай хвалі. Слухаем лірычныя, задушэўныя вершы.

Падчас вывучэння аповесці Васіля Быкава “Аблава”, запрашаю павандраваць па лабірынтах гісторыі, стварыць атмасферу 30-х гадоў, у якасці індуктара выкарыстоўваю лозунгі, змест 58-га артыкула, нават анекдоты.

Адзінаццаты клас з ахвотай чытае аповесць Э.Хемінгуэя “Стары і мора”. На пачатку ўрока загадваю загадку: “Зранку ходзіць на чатырох нагах, удзень – на дзвюх, а ўвечары на трох”. Хто гэта? Вучні адказваюць: “Кожны чалавек праходзіць тры этапы свайго жыцця: раніцу – маленства, дзень – дарослае жыццё , вечар – старасць”. Задаю пытанне: “Дзеці, калі б вам добры чараўнік дазволіў адзін этап выкінуць са свайго жыцця, які б вы выкінулі?” Вядома, дзеці выбіраюць старасць.

Такім чынам, патрэбны настрой створаны, пачуцці вучняў разбуджаны.

На этапе самаканструкцыі (індывідуальнай працы) падбіраю заданні, скіраваныя на фарміраванне адпаведных пазнавальных якасцяў вучняў, непасрэдна звязаных з авалоданнем аб’ектаў навакольнага асяроддзя і ведаў пра яго. Такія заданні садзейнічаюць мабілізацыі творчага патэнцыялу вучняў, стымулююць актыўную разумовую дзейнасць, ажыццяўляюць усвядомлены выбар. Напрыклад: падабраць сінонімы да пэўнага паняцця, прадоўжыць ланцужок слоў, выбраць з раду прапанаваных паняццяў тыя, якія асацыіруюцца з пэўным словам, запоўніць дыяграму, кластар, табліцу.

На ўроку пры вывучэнні апавядання Янкі Брыля “Галя” даю заданне: прадоўжыць сказ: “Ці ёсць яно, шчасце людское?”

Старшакласнікі выказваюцца аб тым, што Галя, як кожная жанчына, хацела кахаць і быць каханай, мець дзяцей, стварыць сям’ю, але жорсткі час разбурыў яе гняздо. Агульначалавечыя праблемы валодаюць усемагутнай сілай і настаўніку трэба імкнуцца, каб вучні гэтыя каштоўнасці спраецыравалі на сябе, каб твор стаў для іх жыццёвым урокам. Дзецям неабходна на аснове свайго жыццёвага вопыту, асабістых назіранняў сфармуляваць уласнае меркаванне. Трэба сказаць, спачатку гэта не ва ўсіх атрымліваецца: хтосьці саромеецца сваіх выказванняў, некаторыя губляюцца перад класам, але паступова дзеці прывыкаюць да такой работы, пераймаюць вопыт аднакласнікаў і кожны стараецца паказаць сябе, “адкрыць сваю душу”.

У сваёй практыцы шырока выкарыстоўваю гульнёвую дзейнасць у форме творчых практыкумаў, трэнінгаў: “Пагуляем у рыфмы”, “Збяры рассыпаныя радкі”, “Я пачну, а ты працягвай”.

У класе з нізкай матывацыяй даю заданне: выбраць з прапанаваных слоў сінонімы да пэўнага паняцця. Напрыклад, запісаць у літаратурны сшытак сінонімы да паняцця “гуманізм”. На дошцы змешчаны словы: смеласць, дабрыня, чэрствасць, спагадлівасць, пяшчота, міласэрнасць, чуласць, адказнасць, бессардэчнасць, раўнадушша, чалавечнасць, мудрасць, ветлівасць, адвага, гераізм. Дзеці лёгка і хутка спраўляюцца з такім заданнем, адчуваюць задавальненне і жаданне працаваць далей.

На этапе самаканструкцыі вучні працуюць самастойна, робяць свой першы выбар.

Наступны этап – сацыяканструкцыя (праца ў пары, у групах).

Я поўнасцю згодна з Б.Шоу: “Калі ў двух чалавек ёсць па адным яблыку і яны абмяняюцца імі, то ў іх зноў будзе па адным яблыку. Але калі ў двух чалавек ёсць па адной ідэі і яны абмяняюцца імі, у кожнага будзе ўжо па дзве ідэі”.

Арганізоўваю вучнёўскі калектыў у міні-каманды або групы.

Кожнай з іх даю заданні, якія неабходна сумесна выканаць: абмеркаваць пытанні, знайсці на іх адказы, зрабіць падагульненні. Стараюся падабраць такія заданні, каб задзейнічаць усіх членаў групы.

На аснове зместу вучэбнага дапаможніка запоўніць інтэлект-карту “Жанравая шматграннасць сучаснай беларускай паэзіі” (1-я група – “Чарнобыль у беларускай паэзіі”, 2-я група – “Урбаністычная паэзія”, 3-я група – “Пошук і наватарства”). (Агучваюцца вынікі работы).

Пры вывучэнні тэмы “Гуманістычны пафас казкі Уладзіміра Караткевіча “Нямоглы бацька” клас падзяляецца на групы. Першая – “Удзячныя дзеці”, другая – “Няўдзячныя дзеці”, трэцяя – “Старыя бацькі”. Даю заданне запоўніць табліцу: у першую графу неабходна ўпісаць рысы характару герояў, у другую – учынкі, паводзіны, якія раскрываюць названыя рысы характару, у трэцяй – асабістыя адносіны да герояў. Затым прапануецца зрабіць вывад: “Чаму вучымся на прыкладзе гэтых персанажаў?”

На этапе сацыялізацыі развіваецца ўменне дзяцей выразна чытаць мастацкія тэксты, граматна выказваць свае думкі, перадаваць уласнае эмацыянальна-эстэтычнае ўражанне ад твора, адбываецца абмен думкамі, афішыраванне сваіх адказаў, робяцца вывады. Таксама могуць чытацца на памяць вершы, вывучаныя дома. Вучні абараняюць свае малюнкі, праекты. А пасля ўсяго робяць другі выбар.

Падрыхтаваныя праекты, ілюстрацыі мацую на дошцы для агляду і абмеркавання. Кожная група дэманструе і абараняе свой праект, творчае заданне. Гэты этап – сацыялізацыя і афішаванне.

Кульмінацыйны момант педагагічнай майстэрні – этап “разрыву”, на якім з’яўляецца новае бачанне твора, прыходзіць азарэнне. Тут адбываецца ўнутраны эмацыянальны канфлікт, які паглыбляе ў праблему, падштурхоўвае да пошуку адказаў, да зверкі новых ведаў з літаратурнай ці навуковай крыніцай. Адпрацоўваюцца навыкі паводзін дзяцей у новай, нязвыклай для іх сітуацыі, уменне шукаць выйсце з яе, рабіць правільны выбар. Дасягнуць гэтага дапамагаюць праблемныя пытанні, выказванні па дадзенай тэме знакамітых людзей, зачытванне цытат з навуковых або іншых аўтарытэтных крыніц. Вучні супастаўляюць свае работы з работамі аднакласнікаў з іншых груп, з навуковымі тэкстамі, з поглядамі дарослых і разумеюць неабходнасць у атрыманні новых ведаў. На гэтым этапе адбываецца трэці выбар.

Аналізуючы паэзію Яўгеніі Янішчыц, (11-ы клас) дзеці атрымліваюць канцоўку вершаваных радкоў, складаюць сваю вершаваную страфу, пасля чытаем увесь верш, параўноўваем з арыгіналам.

Прывабнымі для мяне з’яўляюцца педагагічныя майстэрні ў тым плане, што яны спрыяюць развіццю творчых здольнасцей, аналітычнаму мысленню, пашырэнню слоўнікавага запасу, выхаванню літаратурна-лінгвістычнай кампетэнцыі асобы.

Напрыклад, на ўроку па тэме “Гуманістычны пафас літаратурнай казкі “Нямоглы бацька” прапаную пяцікласнікам скласці свой гуманны закон, своесаблівую памятку, у якой гаворыцца аб тым, як хлопчыкі і дзяўчаты павінны паводзіць сябе ў адносінах да старых бацькоў. Разам прыходзім да важнай высновы: захаванне гэтых правіл неабходны, каб у сям’і панавалі любоў, гармонія, згода, дабро.

Практыкую такія формы работы з таленавітымі вучнямі, як ліст-падзяка паэтам і пісьменнікам, анатацыя, семінар, канферэнцыя, праект, дыспут, што дазваляе сфарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю дзіцяці, развівае літаратурна-творчыя здольнасці, вучыць быць яго незалежным, свабодным, адчуваць уласную значнасць.

Адораным, крэатыўным юнакам і дзяўчатам прапаную заданне: ці не захацелася вам таксама, як і героям твора Якуба Коласа “Дзядзька-кухар” (урывак з паэмы “Новая зямля”) пакаштаваць клёцак, звараных у бярозавым соку? Уявіце сабе, што вам прапанавалі стаць вядучым перадачы “Смак”. Даведайцеся кулінарны рэцэпт, падзяліцеся ім са сваёй аўдыторыяй. Прапануйце бацькам папоўніць стравамі старадаўняй беларускай кухні ваш стол. Паспрабуйце з дапамогай матулі прыгатаваць клёцкі, звараныя ў бярозавым соку. Падумайце, як вы звернецеся да старэйшых сямейнікаў, якія словы і выразы выкарыстаеце, каб папрасіць дапамогі. Запрасіце на вячэру сваіх таварышаў, аднакласнікаў. Прадумайце змест запрашэння, формулы маўленчага этыкету.

На аснове твораў, якія вывучалі, і дадатковага матэрыялу падрыхтаваць партфоліа “Гродна – культурная сталіца Беларусі”. Пры гэтым звярніце ўвагу на наступнае:

— кароткая гістарычная даведка пра горад;
— выявы некалькіх культурных і архітэктурных помнікаў;
— славутыя імёны Гродзеншчыны;
— 2-3 творы, прысвечаныя гораду над Нёманам (ідэйна-мастацкі змест)

Заключным этапам педагагічнай майстэрні з’яўляецца рэфлексія – адлюстраванне пачуццяў, якія ўзніклі ў вучняў падчас майстэрні.

Рэфлексія дапамагае развіваць уменне назіраць самога сябе, аналізаваць уласныя дзеянні, думкі, эмоцыі, разважаць аб сваім унутраным стане.

Часта выкарыстоўваю рэфлексіі: “Усё ў тваіх руках”, “Вясёлка”, метад “Бярозка ведаў”, скласці сінквейн, і іншыя.

Заўважыла, што некаторым вучням падабаецца выказваць свае адносіны пісьмова. Даю заданне дапісаць сказ:

— На ўроку (не) спадабалася…
— Я зразумеў, што…
— Шкадую, што…
— Наступны раз пастараюся…

Увогуле, я лічу, што эфектны пачатак і дастойны фінал – вось тыя перадумовы, якія дапамагаюць стварыць атмасферу добразычлівасці, даверу. Мне падабаецца зачытваць мудрыя выказванні, даваць наказы. Так напрыканцы ўрока, на якім гаварылі пра шчасце, даю рэцэпт сапраўднага чалавечага шчасця: “Вазьміце чашу цярплівасці, паліце туды ад поўнага сэрца любові, укіньце дзве жменькі шчодрасці, пырсніце туды ж гумару, абсыпце дабрынёй, дадайце як мага больш веры і – усё гэта змяшайце. Потым намажце на кавалак адведзенага вам жыцця і прапануйце ўсім, каго сустрэнеце ў сваім жыцці”. Трэба зазначыць, што дзеці з заміраннем сэрца ўспрымаюць гэтыя мудрыя і цёплыя словы.

Выкарыстоўваючы ў сваёй рабоце тэхналогію французскіх педагагічных майстэрняў, я прыйшла да высновы, што тыя прынцыпы, на якіх грунтуюцца майстэрні, дапамагаюць вучням як у навуковай дзейнасці, так і пазашкольным жыцці. Навучыўшыся на ўроках вырашаць адукацыйныя праблемы, дзеці лёгка адаптуюцца ў пазаўрочнай і пазашкольнай дзейнасці. Яны ўмеюць прымаць самастойныя рашэнні, супрацьстаяць няўпэўненасці, займацца самаадукацыяй, працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, адстойваць свае прынцыпы, працаваць у групе, згладжваць канфлікты, адказна ставіцца да працы, рашаць праблемы. Я ўпэўнена: гэтыя ўменні дапамогуць ім у далейшым уладкавацца ў жыцці.

Падсумоўваючы вышэй сказанае, хачу падкрэсліць, што настаўнік павінен быць для дзяцей і ўрадлівай глебай, і вільгаццю, якая жывіць, і цёплым сонейкам, якое сагрэе кветку дзіцячай душы. Менавіта тады раскрыюцца ўнікальныя здольнасці, уменні, таленты, якія дадзены кожнаму дзіцяці ад нараджэння.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий