Невычарпальны рэсурс

- 9:19В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Ці магчыма раённы горад ператварыць у сучасны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, спыталі ў начальніка ўпраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэя Загурскага. 

— Адразу трэба адзначыць, што развіццю Аршанскага рэгіёна ўдзяляецца асаблівая ўвага. Паспрыяў гэтаму Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2018 года № 506 “Аб развіцці Аршанскга раёна Віцебскай вобласці”. Дзякуючы прыняццю такога дакумента, забяспечана значнае фінансаванне сістэмы адукацыі, — пачаў размову Андрэй Уладзіміравіч. — Так, з 2019 года толькі на капітальныя і бягучыя рамонты накіравана 17 мільёнаў 900 рублёў. Капітальна былі адрамантаваны 9 устаноў адукацыі, пабудаваны або мадэрнізаваны спартыўныя пляцоўкі трох устаноў. Ва ўсіх без выключэння выкананы бягучыя рамонты: упарадкавана тэрыторыя, адрамантаваны харчаблокі, інжынерныя сеткі, дахі, асфальтавае пакрыццё, фасады, сістэмы ацяплення, водазабеспячэння і каналізацыі, заменены вокны, дзверы.

Дарэчы, рэбрэндынг лабараторыі “Трасавы мадэлізм” у Аршанскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ў гэтым годзе таксама праведзены дзякуючы ўказу Прэзідэнта. Траса пабудавана па міжнародных патрабаваннях. Тут можна праводзіць нават чэмпіянаты свету: ёсць 8 дарожак, раней было 4, усталявана адпаведная камп’ютарная праграма, якая фіксуе момант фінішу кожнага ўдзельніка, час, які ён затраціў на праходжанне дыстанцыі, і месца сярод сапернікаў. Плануем ужо ў красавіку — сакавіку 2023 года арганіза­ваць тут рэспубліканскія спаборніцтвы. 

Дзеці ў віртуальным свеце праводзяць шмат часу. І наша задача — навучыць іх быць не толькі дасведчанымі карыстальнікамі, але і самім ствараць годны кантэнт. Прастора інтэрнэту — гэта сур’ёзная пляцоўка для ўзаемадзеяння.

І, безумоўна, асобы акцэнт — на развіццё інфармацыйных тэхналогій. Гэта адметная рыса Аршанскага раёна. Нам адным з першых быў пастаўлены камплект “віртуальная школа”. Акрамя таго, Міністэрства адукацыі прадаставіла 31 інтэрактыўную панэль — цяпер 100 працэнтаў школ і гімназій рэгіёна забяспечаны мультыбордамі. Істотна абнавіліся камп’ютарныя класы. Такой тэхнікай абсталёўваюцца і дзіцячыя сады. Таму нашы ўстановы дастаткова якасна арганізуюць работу як у вочным рэжыме, так і дыстанцыйна.

— Ведаю, што ў раённым упраўленні па адукацыі працуе інфармацыйны рэсурсны цэнтр. Якая яго функцыя?

— Так, ён быў адкрыты ў 2009 годзе пры вучэбна-метадычным кабінеце дзякуючы падтрымцы Парка высокіх тэхналогій. Яго ўзнікненне дазволіла вырашаць пытанні сертыфікацыі педагогаў. Таксама тут праводзяцца экзамены па ахове працы (закуплена спецыяльнае праграмнае забеспячэнне). Зараз ён актыўна выкарыстоўваецца пры запаўненні статсправа­здач, вядзенні баз даных. Акрамя таго, у нас створаны так званы цэнтр бяспекі: сістэмы відэаназірання дзіцячых садоў звязаны ў адзінае цэлае і ў рэжыме анлайн прама ў рэсурсным цэнтры можна кантраляваць, што адбываецца ў кожнай установе адукацыі. Гэта вельмі зручна.  

— Чым ён карысны непасрэдна для педагогаў?

— Пагадзіцеся, калі спецыяліст сам-насам робіць справаздачу, у яго часта ўзнікае шмат пытанняў. А тут яны збіраюцца разам, дзеляцца вопытам. Да таго ж адразу можна атрымаць кансультацыю эканаміста, кіраўніка адпаведнага аддзела, напрыклад, дашкольнай або агульнай сярэдняй адукацыі. Таксама ёсць магчымасць раздрука­ваць неабходныя матэрыялы, у тым ліку на каляровым прынтары, скарыстацца перфабіндарам. Пры падрыхтоўцы рэкламна-інфармацыйнай прадукцыі не трэба звяртацца ў камерцыйныя арганізацыі. Што мае шэраг плюсоў: па-першае, не страчваецца час, па-другое, эканомяцца значныя сродкі.  

— А навучэнцы сюды могуць прыхо­дзіць? 

— І для іх прадугледжаны пэўныя паслугі. Вучням 9 і 11 класаў прапану­юць прайсці прафтэсціраванне, пагутарыць з псіхолагам. Такім чынам, дзеці маюць магчымасць даведацца, да чаго яны больш здольныя і ў якім кірунку трэба развівацца. 

— Падчас нашай размовы не адзін раз пачула пра супрацоўніцтва з ПВТ. 

— З Паркам высокіх тэхналогій мы сябруем з 2008 года. Я пазнаёміўся з яго намеснікам дырэктара Аляксандрам Міхайлавічам Марцінкевічам, калі працаваў у Лёзненскім раёне. Ужо тады разумеў, што інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі — гэта невычарпальны рэсурс. Мы право­дзілі вялікую колькасць мерапрыемстваў на нашай базе — рэспубліканскія конкурсы па Scratch-праграмаванні, сустрэчы праекта “Інфарматыка без разеткі”. Некаторыя сумесныя ініцыятывы рэалізуем зараз у Оршы. Так, у 2016 годзе пры падтрымцы ПВТ на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі была адкрыта дзіцячая ІТ-акадэмія “КомпАС”. Першапачаткова ў яе склад уваходзіла адна лабараторыя. Але цікавасць да такіх заняткаў у навучэнцаў пастаянна ўзрастала. У сувязі з гэтым была распрацавана канцэпцыя далейшага развіцця адукацыйнага цэнтра. Яна прадугледжвала стварэнне структуры, якая дае магчымасць сканцэнтраваць на адной тэрыторыі навучанне і выхаванне будучых спецыялістаў тэхнічных профіляў і інфармацыйных тэхналогій. Быў зроблены рамонт у памяшканнях былога вучэбна-вытворчага камбіната і набыта неабходнае абсталяванне. У 2018 годзе Беларусь наведаў стваральнік мовы праграмавання Scratch і распрацоўшчык робатаў LEGO Мітчэл Рэзнік. Першы дзень ён быў у Мінску, на другі — прыехаў у Оршу. І вось што прафесар напісаў пра нас на сваёй старонцы ў Facebook, калі вярнуўся дамоў, што ў такім маленькім рэгіянальным горадзе столькі ўвагі ўдзяляецца навучанню дзяцей інфармацыйным тэхналогіям — дзіву даешся. 

У ІТ-акадэміі арганізавана работа 39 аб’яднанняў па інтарэсах. Займаецца больш за 600 вучняў ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 10 педагогаў.

Гэта чарговае пацвярджэнне таго, што мы ідзём у правільным кірунку. 

— І колькі зараз лабараторый запрашаюць дзяцей? 

— Пяць. “Камп’ютарныя сеткі і тэлекамунікацыі”, “Робататэхніка і нейрапілатаванне”, “3D-мадэляванне і камп’ютарная графіка”, майстэрня “Фаблаб”. І апошнюю — медыястудыю — мы адкрылі зусім нядаўна, у 2022 годзе. Тут арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах “Фотастудыя”, “Студыя гуказапісу”, “Мантаж відэафільмаў”. На занятках дзеці распрацоўваюць творчыя праекты, ствараюць якасныя фотаработы, анімацыйныя і відэаролікі на прафесійным узроўні, вывучаюць асновы медыяжурналістыкі.

— Існуе меркаванне, што журналістыка — выміраючая прафесія. Ці будзе ў сучасных падлеткаў карыстацца попытам медыястудыя?

— Ведаеце, каб быць паспяховым, неабходна ўмець адчуць, што трэба рабіць сёння, і хутка пераарыентавацца. Як адзін з прыкладаў: калі пачалася пандэмія, мы не гублялі марна час, а адразу ж пачалі выраб­ляць у нашай лабараторыі “3D-мадэляванне і камп’ютарная графіка” шчыткі для медыкаў. Больш за тое, удасканалілі працэс, што дазволіла за той жа самы час выпу­скаць у некалькі разоў больш сродкаў індывідуальнай засцярогі.

Школа № 20 сумесна з БДУІР рэалізуе цікавы праект — у гэтым навучальным годзе адбудзецца першы выпуск базавага класа, вучні якога адначасова з агульнай сярэдняй адукацыяй атрымліваюць рабочую прафесію — кваліфікацыю тэхніка-праграміста. 

Наступны момант. Паглядзелі, што сёння ў моладзі карыстаюцца папулярнасцю рабочыя спецыяльнасці, і прапанавалі яшчэ адзін цікавы праект. Яго зараз рэалізуе школа № 20 сумесна з БДУІР — у гэтым навучальным годзе адбудзецца першы выпуск базавага класа, вучні якога адначасова з агульнай сярэдняй адукацыяй атрымліваюць рабочую прафесію — кваліфікацыю тэхніка-праграміста. На цяперашні момант мы з’яўляемся эксперыментальнай пляцоўкай, БДУІР плануе гэтую практыку потым распаўсюдзіць на іншыя рэгіёны. 

Такім жа чынам паступілі і з медыястудыяй. Падкрэслю: мы збіраемся вучыць школьнікаў не традыцыйнай журналістыцы, а медыйнай — той, якая сёння запатрабавана ў інтэрнэце. Падабаецца нам ці не, але даводзіцца прызнаваць як факт: дзеці ў віртуальным свеце праводзяць шмат часу. І наша задача — навучыць іх быць не толькі дасведчанымі карыстальнікамі, але і самім ствараць годны кантэнт. Мы ўжо даўно зразумелі, што прастора інтэрнэту — гэта сур’ёзная пляцоўка для ўзаемадзеяння. Таму, акрамя афіцыйнага сайта раённага ўпраўлення па адукацыі, існуюць акаўнты ва ўсіх папулярных сацыяльных сетках. Прычым стварылі іх гадоў 10 назад. Дзейнічаюць два Telegram-каналы — “Адукацыя Аршаншчыны” і “Сапраўдная моладзь”. У апошняга, дарэчы, каля 4 тысяч падпісчыкаў. На мой погляд, гэта добры паказчык.  

— Пры такой рабоце падрыхтоўка педагогаў павінна адпавядаць патрабаванням часу?  

— Менавіта так. Многія з іх прайшлі навучанне ў ПВТ. Я сам скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і аспірантуру пры Акадэміі пасля­дыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Інфармацыйныя тэхналогіі”. Аб узроўні кампетэнцыі аршанскіх спецыялістаў сведчыць хаця б той факт, што два нашы метадысты зараз працуюць у адукацыйным цэнтры ПВТ.  

— Не шкада было адпускаць?

— Мы заўсёды з імі на сувязі, плённа супрацоўнічаем. А на ваша пытанне адкажу так: любому прафесіяналу неабходна развівацца. Гэта закон жыцця. Таму, дарэчы, мяне заўсёды прываблівала сістэма адукацыі. З аднаго боку, многія рэчы ў гэтай сферы статычныя і традыцыйныя. Яны ўтвараюць надзейны падмурак. А з другога — кожны год узнікаюць нейкія інавацыі, і табе неабходна ўвесь час рухацца наперад, нешта выдумваць, не толькі зыхо­дзіць з агульнавядомых аксіём, але і даказ­ваць свае тэарэмы. А значыць — сумаваць няма калі. 

Святлана ЛОЦМАНАВА.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий