Аднасастаўныя сказы. Урок у 11-м класе для вывучаючых беларускую мову на павышаным узроўні (II чвэрць, лістапад)
Ларыса МІХАЙЛОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Вайскоўская сярэдняя школа” Камянецкага раёна,
Брэсцкая вобласць
Мэты:
– актуалізаваць, сістэматызаваць і абагульніць веды вучняў пра аднасастаўныя сказы;
– дапамагчы вучням адчуць значнасць і выяўленчую сілу аднасастаўных сказаў у маўленні, мастацкай літаратуры на аснове тэкстаў Яўгеніі Янішчыц;
– удасканальваць уменне здабываць веды самастойна і ў сумесным пошуку;
– стварыць псіхалагічны камфорт, умовы для выхавання цікавасці да беларускай паэзіі праз творчасць Я.Янішчыц.
Форма правядзення: практыкум.
Абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, прэзентацыя, карткі.
Эпіграф:
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.
Яўгенія Янішчыц
Ход урока
І Арганізацыйны момант (Слайд 1)
ІІ Псіхалагічная настроенасць на ўрок
Добры дзень, паважаныя госці і вучні! Старажытныя грэкі казалі: “Добры настрой – палова поспеху!” Таму давайце падорым усмешку адно аднаму, і я жадаю вам плённай працы і поспехаў на ўроку. (Слайд 2), гучыць ціхая лірычная музыка.
Вучаніца чытае верш Я.Янішчыц:
Не шукаю гаманлівай славы
І вучуся сціпласці ў кабет.
Для мяне з лугоў надрэчных травы
Лепшы ў свеце вынеслі букет.
Сонца зачапілася за стрэхі,
Акрапіла мёдам верасы…
“Я люблю-ю!” – панесла ўдалеч рэха.
“Я люблю-ю!” – азваліся лясы.
“Я люблю-ю!” – пацвердзілі дубровы,
Светлыя, як лебедзя крыло.
І для песні падказала словы
Роднае палескае сяло.
У грудзях прачнулася натхненне.
І дыханне заняло.
“Люблю-ю!..”
І душа, як чуйнае карэнне,
Зноў адчула родную зямлю.
Настаўнік. Не здзіўляйцеся такому незвычайнаму пачатку ўрока. Мы не проста звярнуліся да творчасці Я.Янішчыц на ўроку мовы. Гэтай цудоўнай паэтэсе, нашай зямлячцы (нарадзілася ў Пінскім раёне) 20 лістапада споўнілася б 73 гады. Яе творы паслужаць нам дыдактычным матэрыялам пры паўтарэнні тэмы ўрока.
Падрыхтаваны вучань. (Слайд 3)
“Палеская ластаўка”, “Палесся мілае дзіця”, “Палеская летуценніца” – так назвалі ў нашай літаратуры гэтую выдатную паэтку, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго 40 гадоў. Месяц нараджэння – лістапад, адыход у нябыт – таксама лістапад.
Яўгенія Янішчыц нагадвае казачную птушку ў вечным палёце, якая хораша праляцела над родным Палессем, над Беларуссю, лёгкім крылом ускалыхнула аблокі, імкліва і нечакана растала за небасхілам. Схавалася ў далечыні. Але не знікла, пакінула прыкметны след у літаратуры. Сяргей Грахоўскі пра паэтку сказаў: “Ды будзе вечна блізкім рэхам звінець твой голас малады”.
Запіс вучнямі даты, тэмы ўрока. (Слайд 4)
Настаўнік. Эпіграфам да сённяшняга ўрока мне вельмі захацелася ўзяць цудоўныя радкі з ранняй лірыкі Я.Янішчыц (зачытваецца эпіграф). Скажыце, ці знайшла адлюстраванне тэма ўрока ў гэтых цудоўных радках?
Фармулёўка мэты ўрока.
Мэта нашага ўрока – паўтарыць будову і разнавіднасці сказаў з адным галоўным членам, удасканаліць уменне вызначаць аднасастаўныя сказы ў тэксце, вызначыць ролю аднасастаўных сказаў у мове.
ІІІ Матывацыйны этап (Слайд 5)
Міні-тэст. Вызначыце аднасастаўныя сказы.
1) Дзяўчынцы хочацца ў паэты.
2) Хмурны дзень у чыстым полі.
3) Прыйшоў дадому позна.
4) Пастукалі ў дзверы.
Настаўнік правярае заданне пры абходзе парт, называе колькасць памылак. Гэты ж тэст вучні выконваюць пасля паўтарэння тэмы, самастойна выпраўляюць памылкі.
IV Паглыбленае паўтарэнне, замацаванне на практыцы
1) Якія сказы называюцца аднасастаўнымі?
2) На якія групы падзяляюцца аднасастаўныя сказы?
3) Назавіце віды сказаў з галоўным членам выказнікам?
4) Як называюцца аднасастаўныя сказы з галоўным членам дзейнікам?
Правяраюцца і дапаўняюцца адказы, агучваецца схема. (Слайды 6–7)
Зварот да міні-тэсту. Выправіце свае памылкі.
Заданне 1. (Слайд 8) Запоўніце табліцу. Устанавіце адпаведнасць паміж відамі аднасастаўнага сказа і яго нумарам. Адказ запішыце ў сшытак.
Від аднасастаўнага сказа | Галоўны член сказа выражаны |
А. Пэўна-асабовы | |
Б. Няпэўна-асабовы | |
В. Абагульнена-асабовы | |
Г. Безасабовы | |
Д. Назыўны |
1) А самой вось не сядзіцца.
2) Прывязі, прашу, шыпшыны мне і мяты, гаварок палескі наш негаваркі.
3) Сіні вецер. Белы дзень.
4) Прынеслі пошту,
5) Новых сяброў нажывай, але і старых не забывай.
Заданне 2. Канструктары. (Слайд 9). Перабудуйце двухсастаўныя сказы ў аднасастаўныя безасабовыя. Падкрэсліце галоўныя члены сказа.
Мы адпачываем весела.
Моладзь верыць у будучае.
Я хачу вучыцца ва ўніверсітэце.
Заданне 3. Ці ведаеце вы прыказкі? (Слайд10). Закончыце прыказкі. Аднасастаўныя сказы якога віду атрымаліся? Дакажыце гэта.
Слова як птушка: | сваё гняздо бароніць. |
Усякая птушка | не бойся нікога. |
Як дбаеш, | вылеціць –не зловіш. |
Не рабі ліхога і | калі ў дзецях лад. |
Нашто лепшы клад, | век вучыся. |
Век жыві, | так і маеш. |
Заданне 4. Зрабіць сінтаксічны разбор сказа. (Слайд11)
Адзін вучань выконвае на дошцы, астатнія – у сшытках.
Благаслаўляю адчай і трывогу, медуніцу з сухім палыном. (Просты, ускладнены аднароднымі членамі, апавядальны, няклічны, аднасастаўны, пэўна-асабовы, развіты, поўны).
V Хвілінка адпачынку
Праца з афтальматрэнажорам (Слайд 12).
Заданне 5. Вы добра справіліся з вызначэннем відаў аднасастаўных сказаў, калі заданні былі састаўлены з асобных сказаў. Цяжэй гэта зрабіць у тэсце. Перад вамі верш Яўгеніі Янішчыц “Непрыручаная птушка”. Вам трэба ўставіць прапушчаныя знакі прыпынку і арфаграмы. Знайсці аднасастаўныя сказы і вызначыць іх від (Слайд 13).
Мне па душы глухія пуш..ы
Лістоты замець на двар.. .
Я (не) прыручанаю птушка..
Жыву міх сполаха.. і дрэў.
Каторы дзень настрой губляю
І зноў (па) новаму люблю.
Б..гу гукаю выгл..даю
Шукаю думаю (не)сплю.
О, людзі! – Вечныя пытан..і,
Вытокі мудрасці і зла.
Нясу ў сваё св..тое ран..е
Любоў і гнеў на (паў)крыла.
Мяне ў палёце (не)скарылі.
А будзе што не так – малю
Скруціце стомленае крыл..е
І кіньце ў родную рал..ю.
Заданне 6. Наступны тэкст – гэта ліст ад мамы з паэмы “Ягадны хутар”. Дарэчы, паэма напісана ў эпісталярным жанры. Што гэта за жанр?
Падрыхтаваны вучань:
Эпісталярны жанр – гэта жанр літаратурных твораў, які характарызуецца тым, што апавяданне падаецца чытачу ў форме перапіскі.
Не трэба блытаць эпісталярны жанр і дзённікавыя запісы, таму што першы характарызуецца абавязковай наяўнасцю адрасата і адрасанта. А для другога гэта зусім не характэрна.
Прачытайце ліст ад мамы. Знайдзіце аднасастаўныя сказы, вызначыце від (Слайд 14).
“Дзень добры, маё дзіцятка. Надоечы брала каня. З тых пор, як схавалі мы бацьку, лагоднейшым стаў старшыня. Дзякуй богу, здарова. Грошай болей не шлі. Малако – ад сваёй каровы. Сала ёсць. Нашто мне рублі. Ёсць нейкая пенсія. Хопіць. Адной, колькі тое яды!
Унучак жа – слаўны хлопец, няма з ім ніякай бяды. Цалюткімі днямі – босы, паправіўся, загарэў. Глядзіш, і дзяцюк пад восень. Трэба паправіць хлеў. Шыферу заказала цэлых дзвесце лістоў. Яшчэ табе не сказала, што будзе многа грыбоў…
Цалуема моцна. Пішы.”
Знайдзіце ў тлумачальным слоўніку лексічнае значэнне слова “надоечы”.
Як вы думаеце, для чаго выкарыстоўваюцца аднасастаўныя сказы? (Аднасастаўныя сказы больш экспрэсіўныя і дынамічныя. А калі гаварыць пра назыўныя сказы, то яны лаканічныя, кароткія, але ў той жа час ствараюць наглядны малюнак, асабліва ў спалучэнні з эпітэтамі).
Я.Янішчыц у многіх вершах выказвала сваю шчырую любоў да маці. І я ўпэўнена, у кожнага з вас слова “мама” выклікае самыя цёплыя і шчырыя пачуцці. Давайце зараз складзём асацыятыўны рад да слова мама.
Мама – прыгажосць, святло ў акне, песня, жыццё, сонца, кветкі, любоў, чалавечнасць.
Агучым свае рады. Які колер у вашым уяўленні падыходзіць да гэтага вобраза? Складзіце два аднасастаўныя сказы са словам “мама”. (Слайд 15). Гучыць ціхая лірычная музыка.
Настаўнік. Для чытачоў Яўгенія Янішчыц засталася шчымлівай лірычнай паэтэсай, якой дадзена было словам крануць сэрцы, узвышаць перажыванні і ачышчаць душы. І мне вельмі хочацца, каб любімыя многімі радкі прагучалі яшчэ раз.
Вучань чытае верш “Ты пакліч мяне”
VI Рэфлексія
Настаўнік. Урок падыходзіць да завяршэння, і мне хочацца даведацца, як вы адчувалі сябе на ўроку. Выкажыце, калі ласка, свае ўражанні аднасастаўнымі сказамі (Вучні выказваюцца).
VII Дамашняе заданне
Напісаць дома эсэ “Пачынаецца ўсё з любві”, ужываючы аднасастаўныя сказы.
Здайце свае сшыткі разам з картамі заданняў. Адзнакі за ўрок будуць выстаўлены пасля праверкі вашых работ.