Удасканаленне арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў на ўроках беларускай мовы пры падрыхтоўцы да напісання работ творчага характару

- 10:09Беларуская мова і літаратура. Майстар-клас, Методичка

     

Аксана ПАЛЯШЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст
ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

Мэта майстар-класа: стварэнне ўмоў для развіцця педагагічнага майстэрства ўдзельнікаў шляхам абмену вопытам у ходзе прафесійнага ўзаемадзеяння.

Задачы:

– пазнаёміць удзельнікаў з прыёмамі работы па ўдасканаленні арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў на ўроках беларускай мовы пры падрыхтоўцы да напісання работ творчага характару;
– абмеркаваць эфектыўныя формы работы па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення вучняў на ўроках беларускай мовы;
– садзейнічаць выпрацоўцы эфектыўных прыёмаў па ўдасканаленні арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў вучняў праз сумесную дзейнасць удзельнікаў майстар-класа;
– стварыць спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі ўдзельнікаў і стымулявання іх творчага патэнцыялу.

Абсталяванне: мультымедыйны праектар, раздатачны матэрыял.

А.Паляшчук. Удасканаленне арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў на ўроках беларускай мовы. Прэзентацыя

 

Ход майстар-класа

I Арганізацыйны этап (да 1 хвіліны)

Мэта: псіхалагічная гатоўнасць групы да заняткаў, арганізацыя ўвагі.

Педагагічная задача: арганізаваць і падрыхтаваць групу да работы.

1.1 Вядучы арганізуе ўвагу ўдзельнікаў і запрашае іх да супрацоўніцтва.

1.2 Прытча (Слайды 2–8)

– Прапаную вам выказаць добрыя пажаданні адзін аднаму на ўрок і на ўвесь дзень.

Удзельнікі знаёмяцца, адно аднаму гавораць пажаданні. На адваротным баку кветкі ўдзельнікі пішуць адказ на пытанне.

 

II Арыентацыйнаатывацыйны этап (да 6 хвілін)

Мэта: гатоўнасць групы да атрымання новых ведаў, наяўнасць матывацыі.

Педагагічная задача: стварыць умовы для самавызначэння групы на пазнавальную дзейнасць і яе вынікі; стварыць умовы для развіцця камунікатыўных навыкаў у працэсе ўзаемадзеяння.

2.1 Вядучы абазначае тэму заняткаў і просіць удзельнікаў адказаць на пытанне: Што вы чакаеце ад майстар-класа?

На адваротным баку кветкі ўдзельнікі пішуць адказ на пытанне.

2.2 Вядучы прапаноўвае паразважаць. Прыярытэтнай задачай профільнага навучання становіцца фарміраванне культуры вуснага і пісьмовага маўлення вучняў. З гэтай мэтай удасканальваюцца арфаграфічныя і пунктуацыйныя навыкі вучняў у аспекце культуры маўлення. Пры якой форме работы праяўляецца самая цесная сувязь арфаграфіі і пунктуацыі з развіццём маўлення вучняў? (Слайд 9)

Удзельнікі адказваюць на пытанне вядучага. (Пры напісанні работ творчага характару)

2.3 Вядучы агучвае праблему: на III ступені адукацыі праграмай не прадугледжаны гадзіны для падрыхтоўкі да напісання такіх работ, а вось колькасць работ павялічылася. (Дадатак 1, Слайды 10–13)

Удзельнікі дапамагаюць рабіць абагульненні. Фармулююць мэту заняткаў. (Прааналізаваць прыёмы сумяшчэння на ўроку ўдасканалення арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў і развіцця культуры вуснага маўлення пры падрыхтоўцы да напісання работ творчага характару).

 

III Аперацыйна-пазнавальны этап (да 30 хвілін)

Мэта: усведамленне ўдзельнікамі зместу прапанаванага матэрыялу, пазнавальная актыўнасць удзельнікаў.

Педагагічная задача: арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць удзельнікаў па засваенні новых ведаў, стварыць сітуацыю ўзаемадзеяння.

3.1 Вядучы дэманструе вопыт. (Дадатак 2, Слайды 15–29)

3.2 Вядучы арганізуе работу ў групах. (Дадатак 3, Слайд 30–39)

Удзельнікі дзеляцца на 4 групы (па нумарах), абдумваюць заданне, адзін прадстаўнік ад кожнай групы выступае з адказам.

 

IV Мадэліраванне (да 7 хвілін)

Мэта: стварэнне ў групах плана напісання творчай работы па тэме.

Педагагічная задача: устанавіць усвядомленасць засваення інфармацыі папярэдняга этапа; стварыць умовы для эфектыўнай работы груп, стымуляваць удзельнікаў да развіцця творчага патэнцыялу.

4.1 Вядучы прапаноўвае скласці план напісання творчай работы. (Слайд 14)

Удзельнікі прэзентуюць вынікі ад групы.

4.2 Вядучы арганізуе аналіз вынікаў. Прапануе тым, хто знайшоў адказ на сваё пытанне, якое пісалі на адваротным баку кветкі, прымацаваць кветку на дошку.

Удзельнікі звяртаюцца да вынікаў сваёй дзейнасці і робяць вывады. Ацэньваюць сваю дзейнасць, абазначаюць цяжкасці ў выкананні задання.

 

V Падвядзенне вынікаў (да 1 хвіліны)

Задача: усведамленне значнасці выкананай работы.

 

Дадатак

Прыклады практыкаванняў для ўдасканалення арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў, накіраваных на развіццё маўлення старшакласнікаў

У сістэме навучання беларускай мове на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, калі засвоены сістэматычны курс мовы, адкрываецца перспектыва для ўдасканалення навыкаў свабоднай маўленчай дзейнасці вучняў, культуры вуснага і пісьмовага маўлення. З гэтай мэтай сістэматызуюцца ўменні і ўдасканальваюцца арфаграфічныя і пунктуацыйныя навыкі вучняў у аспекце культуры маўлення, пабуджаючы вучня да актыўнай мысліцельнай і практычнай дзейнасці.

Сувязь арфаграфіі і пунктуацыі з развіццём маўлення вучняў праяўляецца перш за ўсё ў афармленні пісьмовага маўлення ў адпаведнасці з арфаграфічнымі і пунктуацыйнымі нормамі, паколькі правільнасць напісання – неад’емная частка пісьмовага маўлення, паказчык маўленчай культуры. Таму работа над словам і сказам спрыяе развіццю мыслення, свядомасці напісання, увядзенню слоў і сказаў у слоўнікавы запас вучня. Як паказвае практыка, толькі сувязь засваення моўнай сутнасці арфаграфічных правіл з развіццём маўлення дае магчымасць усвядоміць сістэмны характар арфаграфіі і пунктуацыі і свядома прымяніць правілы ў працэсе пісьма, “забяспечваючы тым самым адзінства мовы і мыслення, адзінства тэорыі і практыкі, ведаў і навыкаў”. Прапанаваныя практыкаванні заснаваны на аналітычнай дзейнасці вучняў, іх уменні выбіраць і сістэматызаваць арфаграфічны і пунктуацыйны матэрыял і накіраваны на ўдасканаленне ўмення ствараць паведамленне на розныя лінгвістычныя тэмы, што садзейнічае развіццю маўлення старшакласнікаў.

 

1 Жыццё

Тэставае заданне па тэме “Складаны сказ”

1. Адзначце складаназлучаныя сказы:

1) У жыццi намеры ў кожнага свае, але бывае вельмi рознай доля. (А.Балуценка)
2) Так жыць на свеце трэба, каб да апошніх дзён любіць людзей, зямлю і неба. (А.Грачанікаў)
3) Выжыць – гэта любой цаною, а жыць – гэта ўсё-такі менш ці больш сумленна. (Я.Брыль)
4) Даўжэй за чалавека жывуць яго справы, і сказаныя ім словы бясследна не знікаюць. (У.Караткевіч)

2. Адзначце складаназалежныя сказы з даданай азначальнай часткай:

1) Жыццё даецца, каб жыццё тварыць. (С.Грахоўскі)
2) Жыццё – найвялікшая даброта, якая дадзена кожнаму, нягледзячы на ўвесь боль. (У.Караткевіч)
3) Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш. (Я.Колас)
4) Жыццё – настаўнік вельмі справядлівы, калі яго ўрокі забываць. (А.Балуценка)

3. Адзначце складаназалежныя сказы, дзе неабходна паставіць коску:

1) Жыццё дзівоснае калі да ўсяго ставішся як да тайны. (С.Алексіевіч)
2) Жыццё паб’е, але і дасць параду, бо не існуе лепей маяка. (А.Балуценка)
3) Сотні новых, шчаслівых дарог рассцілае жыццё прад табою. (Я.Колас)

4. Адзначце складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі:

1) Не кожнаму ў жыццi i не заўжды пакiнуць памяць пра сябе ўдаецца, засталiся каб добрыя сляды, было каб людзям чым душой сагрэцца. (А.Балуценка)
2) He журуся, што час адлятае, толькі хай праз мяне ён ляціць і ў прадонне душы ападае з яго тое, што можа свяціць. (А.Салтук)
3) Спяшаецца жыццё ў юнацтве дужа, а старасць паўзе цiха, як слiмак, юнацтва – як квiтнеючая ружа, а старасць – як даўно адцвiўшы мак. (А.Балуценка)
4) Жыццё мiнае, восень блiзка, ды невядома, колькi жыць, і вынiку чакае рыска: ужо куранят пара лiчыць. (А.Балуценка)

5. Адзначце складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі, дзе неабходна паставіць коскі:

1) Трэба звярнуць увагу на сялянскі побыт, паказаць сялянам, як жывуць другія людзі і як яны дайшлі да лепшага стану жыцця. (Я.Колас)
2) Той дзень прапаў і страчаны навекі калі ты не зрабіў таго што мог. (П.Панчанка)
3) Калi жыццё iдзе няспынна ўгору, нiхто не аглядаецца назад, бо вельмi шмат жыццёвага прастору і не гудзе пакуль яшчэ набат. (А.Балуценка)
4) Час такі дарагі што яго вельмі мала каб жыць. (Я.Колас)

6. Адзначце складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі, дзе неабходна на месцы пропускаў паставіць коскі:

1) Бо ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек бо праяўленне яго розуму бязмежна бо дарогі яго не вызначаны бо формы яго жыцця і яго адносін да другіх людзей бясконца разнастайныя, канчаткова не выяўлены і ніколі не могуць стаць канчатковымі. (Я.Колас)
2) Адно толькі шкада што наша жыццё несузмерна малое для таго _ каб начытацца гэтай кнігай. (Я.Колас)
3) Гэта яму крыху і ўдалося, бо Лабановіч быў хлопец крэпкі, моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэта жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся. (Я.Колас)
4) Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых. (Я.Колас)

7. Адзначце бяззлучнікавыя складаныя сказы, дзе неабходна паставіць двукроп’е:

1) Нам па жыцці так цяжка жыць шукаць адказаў на пытанні, праходзіць праз выпрабаванні. (М.Вясеніна)
2) Жыццё зноў страцiла цану адных другiя нiшчаць людзi. (А.Балуценка)
3) Формы жыцця абмежаваны само ж жыццё не мае граніц. (Я.Колас)
4) І дарэмна гэты малады бліскучы месячык стараецца ажывіць пагаслыя вочы яны свецяцца, а жыцця няма. (Я.Колас)

8. Адзначце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак:

1) Упарта вельмi трэба намагацца, каб для людзей свой добры след зрабiць, калi прыйдзе з жыццём час развiтацца, у памяцi бясконца можа жыць. (А.Балуценка)
2) Што створана на белым свеце Богам, святое права мае на жыццё, бо даражэй зусiм няма нiчога, і потым будзе толькi небыццё. (А.Балуценка)
3) Кепска неяк уладкавана ў жыцці, што ўсё ‒ і благое і добрае ‒ пазнаецца часам праз боль няўдач і памылак. (В.Быкаў)
4) Жыццё – не суцэльныя святы, хоць хочацца ў радасцi жыць, прыходзяць i сумныя даты, і сэрца ад суму балiць. (А.Балуценка)

9. Адзначце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, дзе на месцы пропускаў трэба паставіць коску:

1) Але вечныя загадкі жыцця і вечныя нашы імкненні іх адгадаць_ бо формы жыцця абмежаваны, а само ж жыццё не мае граніц. (Я.Колас)
2) Жыццё – не суцэльныя святы, хоць хочацца ў радасцi жыць, прыходзяць i сумныя даты і сэрца ад суму балiць. (А.Балуценка)
3) Кожны пражыты дзень адкідае тое што ёсць і набліжае тое што будзе. (К.Чорны)
4) Каб на Зямлi ўсе жылi вечна, каб нам заўчасна не сканаць, след добра ведаць недарэчна сябе занадта ўзвышаць. (А.Балуценка)

10. Адзначце, колькі косак не пастаўлена ў сказе.

Няхай старэе як належыць цела але натхненне трэба зберагаць не хочацца жыццё каб ціха тлела лепш з маладой душою паміраць. (А.Балуценка)

1) 7 косак
2) 3 коскі
3) 6 косак
4) 5 косак.

 

Пастаноўка знакаў прыпынку ў сказах з параўнальнымі зваротамі на аснове вершаў пра жыццё

1. Жыццё! Яно заўжды, як павуцiнка,
I можа абарвацца ў любы час,
Як для яго ствараецца замiнка,
Згасае хутка нечакана ўраз.
                         Анатоль Балуценка

2. Усё ж гады тыя бягуць і бягуць,
Як вада ў пеністай плыні.
Не заўважыш, як імгненні лятуць,
Як ужо кажаш – былі маладымі.
                                  Алесь Лянок

3. Век чалавечы –
Як снег на галінцы,
Дзень чалавечы –
Як помах крыла.
Толькі за зёлкай
Паспеў нахіліцца –
Выпрастаць спіну
Труна памагла.
    Рыгор Барадулін

4. Дні – як спіцы ў коле
Зіхацяць-серабрацца.
Ды не ўмеюць ніколі
Яны паўтарацца.
          Сцяпан Гаўрусёў

5. Жыццё, як загадка, жыццё, як іспыт:
Над прорвай звабнай прайсці па дроце.
А мы – бяжым, аж звініць капыт
На кожным д’ябальскім павароце.
                                           Васіль Зуёнак

6. Жыццё, нібы цягнік
Гады, нібы вагоны
Ўсё болей іх, цягнік усё расце.
                       Леанід Якубовіч

7. Я прымаю цябе, жыццё,
Неспакойным і ціхім зусім,
Цвёрдым, нібы стальное ліццё,
I празрыстым, як верасня дым.
                                Еўдакія Лось

 

2 Вусная народная творчасць

Правапіс прыслоўяў. Устаўце па сэнсе патрэбныя прыслоўі. Растлумачце іх правапіс. Суаднясіце прыказкі беларускія і рускія

Беларускія прыказкі

Рускія прыказкі

1. Не дапамогуць лекі, калі прыйшло навекі.

1. От смерти нет зелья.

2. Абы дзень да вечара, а там печ увечары.

2. Пень колотить – день проводить.

3. Праўда як алей, выйдзе наверх.

3. Правда всегда перетянет.

4. Колас, што зярнят не мае, угару лоб задзірае.

4. Пустая бочка пуще звенит.

5. Увосень на дзень пагод восем.

5. Сем пятниц на неделе.

6. Хто баіцца, таму ўваччу дваіцца.

6. У страха глаза велики, да ничего не видят.

7. Не лічы кветачкі ўвесну, а лічы ягадкі ўвосень.

7. Цыплят по осени считают.

8. Яму гавары, а ён дагары.

8. Я ему про Фому, а он про Ерёму.

9. Шануйся змалада – не напаткае бяда.

9. Береги платье снову, а честь смолоду.

10. Кожны па-свойму дуркуе.

10. Всяк по-своему с ума сходит.

11. На святы думай пра будзень, а ўлетку – пра зіму.

11. Готовь сани летом, а зимой телегу.

12. Хто гуляе змоладу, той памрэ з голаду.

12. Гулять смолоду – умереть под старость с голоду.

13. Дзе двух ззаду вядзе, там трэці крадзе.

13. Двое дерутся, а третий в выйгрыше.

14. Рот наросхрыст, язык на плячо.

14. Длинный язык

15. Без дай прычыны.

15. За здорово живёшь.

 

Народныя прыкметы. Пастаноўка працяжніка ў сказе

У студзені дажджы – дабра не жджы. Студзень пагодны – будзе год плодны. Студзень імглісты – мокры год, халодны – позняя вясна і халоднае лета. Сакавік зялёны – ураджай благі. У сакавіку зіма не гніе – у красавіку трава не расце. Няма ў сакавіку вады – няма ў красавіку травы. Сакавік мокры – хлеб горкі. Жыта ў сакавіку глядзіць у неба – не пакаштуеш зімой хлеба. Сакавік дажджом імжыцца – хлеба будзе ў рукавіцу. У красавіку грымот – цёплы будзе год. Май халодны – не будзеш галодны. Сухі марац, мокры май – будзе жыта, як гай. Мокра ў маі – будуць пышныя караваі. Людзі рады лету, а пчолы – квету. Летам і качка – прачка. Чэрвень – пачатак лета. Чэрвень – пралецця скон, а лета – у гон. У жніўні панамі сярпы – маруды тады не цярпі. У кастрычніку гром – зіма без снегу. Лістапад – вераснёўскі ўнук, кастрычнікаў сын, зіме бацюхна родны. Калі ў лістападзе грыміць – ратай вясну сніць. Прыйшоў лістапад – кармі скацінку, брат. Мароз у снежні і снег вышэй хаты – будзе год тады багаты. Сухі снежань – сухая вясна, сухое лета. З бярозы цячэ многа соку – да мокрага лета. Шпак – на прагаліну, жораў – з цяплом, ластаўка – з лістом. Лес прыцішэў – быць навальніцы. Лістапад для садавода і агародніка – час не адпачынку, а ўважлівай і карпатлівай работы.

 

Дапішыце беларускія прыказкі. Вызначце від даданай часткі складаназалежнага сказа

Незакончаныя прыказкі

Прыказкі

Дарагая тая хатка, дзе нарадзіла …

Дарагая тая хатка, дзе нарадзіла матка.

Хто полю годзіць, у таго ўраджай …

Хто полю годзіць, у таго ўраджай родзіць.

Што кажух, то не вата, што капуста, то не…

Што кажух, то не вата, што капуста, то не гарбата.

Хто за Радзіму гарой, той…

Хто за Радзіму гарой, той герой.

Калі ўлез у дугу, не кажы: …

Калі ўлез у дугу, не кажы: магу.

Чалавек без сяброў, што печ без…

Чалавек без сяброў, што печ без дроў.

Дзе шчырая праца – там густа, а дзе лянота – там … .

Дзе шчырая праца – там густа, а дзе лянота – там пуста.

Хто апарыцца на малацэ, той і на … дзьмухае.

Хто апарыцца на малацэ,той і на ваду дзьмухае.

Бачылі …, што бралі.

Бачылі вочы, што бралі.

Бедная тая дамова, дзе вала бадзе ….

Бедная тая дамова, дзе вала бадзе карова.

Дрэнны той …, які не хоча стаць генералам.

Дрэнны той салдат, які не хоча стаць генералам.

Калі маеш грошы, то не будзеш ….

Калі маеш грошы, то не будзеш босы.

Калі ёсць у мяшку, то будзе і ў ….

Калі ёсць у мяшку, то будзе і ў гаршку.

Мужык з жонкай сварыцца, калі трасца ў гаршку ….

Мужык з жонкай сварыцца, калі трасца ў гаршку варыцца.

Не кажы гоп, пакуль не ….

Не кажы гоп, пакуль не пераскочыў

Не чапай ліха, калі спіць ….

Не чапай ліха, калі спіць ціха.

Пакуль сыты пахудзее, дык … памрэ.

Пакуль сыты пахудзее, дык худы памрэ.

Хвалілася рэдзька, што з … смачная.

Хвалілася рэдзька, што з мёдам смачная.

Якая клёпка, такая бочка, якая маці, такая ….

Якая клёпка, такая бочка, якая маці, такая дочка.

Якая на свінні шэрсць, такая ёй і ….

Якая на свінні шэрсць, такая ёй і чэсць.

Каб вады напіцца, трэба ёй …

Каб вады напіцца, трэба ёй пакланіцца.

Хто гуляе змоладу, той памрэ …

Хто гуляе змоладу, той памрэ з голаду.

Адкуль дым, адтуль і …

Адкуль дым, адтуль і полымя

Каб свінні рогі, не сышла б з …

Каб свінні рогі, не сышла б з дарогі.

Хто сала краў, таму ў вочы … ідзе

Хто сала краў, таму ў вочы дым ідзе.

 

3 Чарнобыль

Знакі прыпынку пры параўнальным звароце на прыкладзе вершаў пра Чарнобыль

1. Маўчыць, нібы камень, зямля,
Палын невядомасцю свеціць…
Што будзе, што будзе пасля? –
Не скажа ніхто ў гэтым свеце.
                      Сяргей Законнікаў

2. Ёсць праўда адна – праўдай жыць,
Няхай і суровай і горкай…
У небе над намі стаіць
Як зніч, палыновая зорка.
                           Сяргей Законнікаў

3. Радыяцыя – нябачны акупант.
Зведаўшы вайны былой законы,
Дзед Нупрэй стаіць, як эмігрант,
На мяжы стаіць
Закрытай зоны.
                   Анатоль Грачанікаў

4. Першы гром, дрымотны і далёкі,
Як з нябыту рык старога тура.
У блакіце, выцвілым ад спёкі,
Лекавых аблок архітэктура.
                          Анатоль Вялюгін

5. Перад мальбертам, як іконай,
Душа ірвецца да нябёс,
Каб ласкай божай блаславёнай
У фарбах вылепіць свій лёс.
                            Ніна Аксёнчык

6. Стаў вельмі грукатлівым часу бег,
А плыў жа ціха, нібы па рацэ ён.
Знікае смех, бы хтосьці па рацэпту
Стаў выдаваць калісьці танны смех.
                                     Мар’ян Дукса

7. Нехта галосіць,
А нехта бязладна ляпеча.
Бабка ж Аўдоцця
Ніяк не расстанецца з печчу.
Перамаўляецца з ёй напаўголаса,
Нібы з жывою,
І да ляжанкі хінецца
Сваёю сівой галавою.
                          Генадзь Бураўкін

8. Той чарнобыльскай ноччу,
Як у жудасным сне,
Напамінам прарочым
Скаланула мяне –
Бліскавіцай урану
Можна свет спапяліць
І пякельнаю ранай
Мне Чарнобыль баліць.
                   Генадзь Бураўкін

 

Скланенне і правапіс лічэбнікаў. Замяніць лічбы словамі ў тэксце

26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны 58 секунд рэактар і будынак 4-га энергаблока былі разбураны серыяй магутных выбухаў. Каля 50 тон радыёактыўнага паліва выпарылася і было выкінута ў атмасферу ў выглядзе часцінак двухвокісі урана, радыёнуклідаў ёда-131, плутонія-239, нептунія-139, цезія-137, стронцыя-90 і іншых радыёактыўных ізатопаў. Актыўнасць радыёактыўнага паліва дасягала 15000–20000 рэнтген у гадзіну. 27 красавіка быў эвакуіраваны горад Прыпяць у складзе 47 500 чалавек. Усяго на працягу мая 1986 года з 188 населеных пунктаў у 30-кіламетровай зоне вакол станцыі былі выселены каля 116000 чалавек. 69 пажарнікаў 14 адзінак тэхнікі самааддана змагаліся з агнём. Сумарны ўрон, нанесены Беларусі чарнобыльскай катастрофай у разліку на 30-гадовы перыяд пераадолення яе наступстваў, ацэньваецца ў 235000000000 даляраў ЗША, што адпавядае 32 бюджэтам рэспублікі 1985 года.
  Трэба зазначыць, што аварыі на АЭС ва ўсім свеце здараліся амаль штогодна. Толькі ў ЗША за перыяд да 1986 года іх было зафіксавана 12. 1-я буйная аварыя адбылася на АЭС “Трымайл-Айленд” у штаце Пенсільванія 28 сакавiка 1979 года, на якой 2-і энергаблок магутнасцю 880 МВт не быў абсталяваны сістэмай бяспекі. З 200000 чалавек, пражываўшых у радыусе 35 кіламетраў ад станцыі, у 1-я ж дні з’ехала 80000. Варта адзначыць, што губернатар штата адразу пасля здарэння загадаў закрыць 7 школ і эвакуіраваць дзяцей і цяжарных жанчын у радыусе 8 кіламетраў ад станцы. У Савецкім Саюзе на ядзерных аб’ектах таксама было шмат здарэнняў, пра якія нідзе не пісалася і не гаварылася. З іх трэба вылучыць найбольш сур’ёзныя наступствы ў выніку аварыі ў Чэлябінскай вобласці ў 1957 годзе, а таксама 22 выпрабаванняў атамнай зброі на Сяміпалацінскім палігоне.
Менавіта ў выніку гэтай радыяцыйнай сітуацыі ў СССР было зарэгістравана 935 выпадкаў хранічных прамянёвых захворванняў, а таксама ўпершыню пасля Хірасімы і Нагасакі адзначаны лейкозы.

 

4 Групавая работа

Група 1

Слоўнікавая работа. Уставіць прапушчаныя літары. Размеркаваць словы па арфаграмах.

Гру…чык, разве…чык, арх…лаг, піс…ме…ік, д…рэкт…р, р…дакт…р, д…рыжор, міліц…нер, р…жысёр, м…ханік, інж…нер, б…тоншчык, выкла…чык, земл…роб, кан…вод, натары…с, суд…я, ды…толаг, карды…лаг, паштал…ён, стал…вар, сакрат…р, бухгалт…р, архівары…с, сле…чы, пераплё…чык, капірайт…р, прагра…іст, фельдш…р, ак…ёр, кандыт…р, лё…чык, менедж…р, б…хімік, прамо…т…р, а…дзіт…р, спічрайт…р, самел…е, мерч…ндайзер, круп…е, куцюр…е, кар…спандэнт, д…стрыб’ют…р, інт…рв…юер, р…дакт…р, слес…р, прававе…, т…хнолаг, шах…ёр, штукатур…маляр, сп…вак, д…тэктыў, вет…рынар, кан…вод, каска…ёр, кур…ер, л…снічы, д…спетчар, спар…смен, м…ханізатар, фр…зероўшчык, слесар…р…монтнік, электр…зваршчык, інт…рнэт…маркетолаг.

 

Група 2

Пастаноўка знакаў прыпынку ў складаназлучаных сказах. Расставіць знакі прыпынку, дзе неабходна, растлумачыць.

1) У жыцці кожнага маладога чалавека надыходзіць час …і неабходна прыняць рашэнне па выбары прафесіі.
2) Пасля школы выпускнікі трапляюць на вялікі шлях жыцця …і перад імі адкрываюцца тысячы дарог.
3) У сучасным грамадстве існуе шмат прафесій …і кожны можа выбраць па душы.
4) Усе прафесіі маюць свае асаблівасці, сакрэты… і ў кожнай з іх нехта абавязкова знаходзіць сваё прызванне.
5) Няма прафесій з вялікай будучыняй… але ёсць прафесіяналы з вялікім будучым.
6) Няма працы… і сэрцу млосна. (Цішка Гартны)
7) На жаль, час ідзе наперад… і мы хутка пойдзем са школы на сваю жыццёвую дарогу.
8) Кім быць… і куды пайсці вучыцца?
9) Колькі працы ў чалавека… і колькі клопату, турбот!
10) Любіце травы, дрэвы, рэкі, прастор палёў, блакіт нябёс, цаніце Працу, Чалавека…і Бог вам дасць спагадны лёс (Алесь Ставер).
11) Не прафесія выбірае чалавека… а чалавек прафесію (Сакрат).
12) Няма прафесій з вялікай будучыняй… але ёсць прафесіяналы з вялікай будучыняй (І.Ільф).

 

Група 3

Перакласці выказванні вядомых людзей свету пра розныя прафесіі. Растлумачыць пастаноўку працяжніка.

1. Самая трудная профессия – быть человеком.(Хосе Хулиан Марти)
2. АКТЁР– дрессировщик публики.(Геннадий Малкин)
3. ПЕДАГОГ – человек, который знает, как воспитывать чужих детей лучше, чем своих.(Жюльен Фалкенаре)
4. МЕХАНИК – человек, думающий при помощи гаечного ключа. (Леонардо Луис Левинсон)
5. ШОФЕР – человек, достаточно ловкий, чтобы водить машину, и достаточно умный, чтобы ее не иметь. (Леонардо Луис Левинсон)
6. ПОЛИТИК – это человек, готовый сделать все на свете для рабочих, кроме как стать одним из них.(Джюдж)
7. ИНЖЕНЕР – это человек, который может объяснить, как работает то или иное устройство, но не может выяснить, отчего оно не работает.(Михаил Хацернов)
8. ДИПЛОМАТ – человек, который дважды подумает, прежде чем промолчать и который умеет молчать сразу на нескольких языках.(Эван Эзар)
9. КОПИРАЙТЕР – человек, которому удачно удается притворяться умным.(Евгений Фоменко)

 

Група 4

Уставіць прапушчаныя літары. Суаднесці назвы навучальных устаноў Беларусі з прадпрыемствамі Беларусі.

Прадпрыемствы Беларусі: (М,м)інскі аўтамабільны завод, (М,м)інскі трактарны завод, завод (А,а)тлант, (М,м)азырскі (Н,н)афтаперапрацоўчы завод, кампанія (С,с)анта (Б,б)рэмар, кандытарская (Ф,ф)абрыка (К,к)амунарка, малочная кампанія “(С,с)авушкін (П,п)радукт”, (С,с)алігорская кампанія (Б,б)еларуськалій, (А,а)бутковы камбінат (Б,б)елвест, фабрыка (П,п)інскдрэў, (Н,н)аваполацкая прадпрыемства (Н,н)афтан, “(Б,б)рэсцкі электратэхнічны завод” (Б,б)еларускай (Ч,ч)ыгункі, (К,к)амунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства (С,с)аўгас-камбінат “(З,з)ара” .

Навучальныя ўстановы Беларусі: (В,в)іцебская (О,о)рдэна “(З,з)нак (П,п)ашаны” (Д,д)зяржаўная (А,а)кадэмія ветэрынарнай медыцыны, (Б,б)рэсцкі (Д,д)зяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, (Б,б)еларускі (Д,д)зяржаўны ўніверсітэт транспарту, (Г,г)омельскі (Д,д)зяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, (Г,г)родзенскі (Д,д)зяржаўны (А,а)грарны ўніверсітэт, (А,а)кадэмія (М,м)іністэрства ўнутраных спраў (Р,р)эспублікі Беларусь, , (П,п)інскі (Д,д)зяржаўны (К,к)аледж мастацтваў, (П,п)олацкі (Д,д)зяржаўны лясны каледж, (Б,б)еларуская (Д,д)зяржаўная сельскагаспадарчая (А,а)кадэмія.

 

Група 5

Правапіс вялікай літары. Устаўце прапушчаныя літары. Суаднясіце імёны вядомых людзей Беларусі з іх заслугамі.

(Д,д)ар’я (Д,д)омрачава, (М,м)аксім (Т,т)анк, (З,з)ванне “(Г,г)ерой (Б,б)еларусі”, (У,у)ладзімір (М,м)улявін, (Н,н)ародны (П,п)ісьменнік (Б,б)еларусі, (З,з)аслужаны (Д,д)зеяч культуры БССР, (М,м)іжнародны прыз ВВС за лепшую замежную кінакарціну, фільм па аповесці В.Быкава (У тумане), фільм (Белыя росы) па п’есе А.Дударава, (В,в)алерый (Д,д)айнека, (С,с)яргей (Л,л)азніца, песня (Малінаўка), (Г,г)енадзь (Г,г)арбук, песня на словы М.Танка (Завушніцы), (О,о)рдэн (А,а)йчыны I ступені, (Н,н)ародны (П,п)аэт Беларусі, (Д,д)зяржаўная (П,п)рэмія Беларусі, (М,м)іхаіл (С,с)авіцкі, (З,з)аслужаны (Д,д)зеяч мастацтваў Беларусі, песня на словы Я.Коласа (Мой родны кут), (В,в)ольга (К,к)орбут, (М,м)едаль Францыска Скарыны, (В,в)асіль (Б,б)ыкаў, раман (Людзі на балоце), (М,м)іхаіл (П,п)ташук, (О,о)рдэн (Д,д)ружбы (Н,н)ародаў, (Ю,ю)лія (Н,н)есцярэнка, (П,п)рыз FIPRESCI за лепшы фільм асноўнага конкурсу на 65-м (К,к)анскім кінафестывалі, (М,м)едаль Францыска Скарыны , (Э,э)дуард (Х,х)анок, паэма (Люцыян Таполя), (І,і)гар (Л,л)учанок, фільм па аповесці В.Быкава (Знак бяды), (А,а)ляксандр (Ц,ц)іхановіч, (Г,г)аўрыіл (В,в)ашчанка, песня (Гора не бяда), (В,в)іктар (Т,т)ураў, (Н,н)ародны мастак СССР, (І,і)рына (Д,д)арафеева, аповесць (Альпійская балада), песня (Вы шуміце, бярозы), песня (Завіруха), карціна (Партызанская Мадонна), (З,з)аслужаная артыстка (Р,р)эспублікі Беларусь, фільм па рамане І.Шамякіна (Вазьму твой боль), (Н,н)ародны артыст Беларусі.

Спартсмены

Пісьменнікі

Кінарэжысёры

Кампазітары

Акцёры

Мастакі

Спевакі

 

 

 

 

 

 

 

Ключ да задання

Спартсмены: Дар’я Домрачава – званне “Герой Беларусі”, Вольга Корбут – ордэн Дружбы народаў, Юлія Несцярэнка – ордэн Айчыны 1 ступені
Пісьменнікі Беларусі: Максім Танк – паэма “Люцыян Таполя” – Народны паэт Беларусі, Васіль Быкаў – аповесць “Альпійская балада” – Народны пісьменнік Беларусі, Іван Мележ – раман “Людзі на балоце” – лаўрэат Ленінскай прэміі
Кампазітары Беларусі: Уладзімір Мулявін – песня на словы М.Танка “Завушніцы” – Медаль Францыска Скарыны, Эдуард Ханок – песня “Вы шуміце, бярозы” – Заслужаны дзеяч культуры БССР, Ігар Лучанок – песня на словы Я.Коласа “Мой родны кут” – Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.
Мастакі Беларусі: Міхаіл Савіцкі – карціна “Партызанская Мадонна” – Народны мастак СССР, Гаўрыіл Вашчанка – карціна “Маё Палессе” – Народны мастак Беларусі.
Кінарэжысёры Беларусі: Сяргей Лазніца – фільм па аповесці В.Быкава “У тумане” – Прыз FIPRESCI за лепшы фільм асноўнага конкурсу на 65-м Канскім кінафестывалі, Міхаіл Пташук – фільм па аповесці В.Быкава “Знак бяды” – Міжнародны прыз ВВС за лепшую замежную кінакарціну, Віктар Тураў – фільм “Людзі на балоце” – Дзяржаўная прэмія СССР;
Акцёры: Стэфанія Станюта – фільм па рамане І.Шамякіна “Вазьму твой боль” – медаль Францыска Скарыны, Генадзь Гарбук – фільм “Белыя росы” па п’есе А.Дударава – Дзяржаўная прэмія Беларусі;
Спевакі: Аляксандр Ціхановіч – песня “Малінаўка” – Народны артыст Беларусі, Ірына Дарафеева – песня “Гора не бяда” – Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь.

 

Дадатковыя пытанні да групавых заданняў

Група 1

1) Значэнне якіх слоў вам незразумела? Лексічная работа. Тлумачэнне незразумелых слоў.

Капірайтар – англ. copywriting ад copy – рукапіс, тэкставы матэрыял + write – пісаць – спецыяліст, які стварае тэкст рэкламнага, інфармацыйнага, інфармацыйнага характару.
Прамоўтар – англ. promote “актывізаваць” – асоба, якая займаецца рэкламай тавару.
Самелье – фр. sommelier – работнік рэстарана, адказны за набыццё, храненне він і прадстаўленне іх кліенту.
Спічрайтар – англ. speechwriter) – складальнік тэкстаў прамоў для высокапастаўленых асоб дзяржавы, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў
Мерчандайзер – англ. merchandiser – чалавек, які прадстаўляе гандлёвую кампанію ў гандлёвых сетках (часцей за ўсё супер – і гіпермаркетах).
Аўдытар – лат. auditor – той, што слухае – асоба, якая займаецца аўдытам (рэвізіяй бухгалтарскіх кніг, дакументаў і справаздачнасці) і кансультацыйнай дзейнасцю, звязанай з наладкай бухгалтарскага ўліку.
Дыстрыб’ютар – англ. distributor – распаўсюджвальнік – індывідуальны прадпрымальнік, які ажыццяўляе дробнааптовую або крупнааптовую закупку вызначаных тавараў у буйных прамысловых фірмаў-вытворцаў з мэтай наступнага збыту гэтых тавараў дылерам на рэгіянальных рынках.

2) Якія прафесіі, на ваш погляд, самыя запатрабаваныя ў Беларусі?

3) Прагляд відэароліка. Вызначэнне памылак арфаграфічных і акцэнталагічных. Тлумачэнне.

 

Група 2

Якія з прапанаваных сказаў можна выкарыстаць у пачатку сачынення, у асноўнай частцы, у заключэнні? Які сказ можна выкарыстаць для эпіграфа?

Група 3

З якім выказваннем вы згодны? Ці магло б адно з іх паслужыць эпіграфам для вашага сачынення?

Група 4

Супрацоўніцтва 1, 2, 3 і 4 груп

Якую прафесію з тых, што вы запісалі, можна набыць у пералічаных установах адукацыі? А якой гэту прафесію бачыць (акцёр – Генадзь Малкін, механік – Леанарда Луіс Левінсон, інжынер – Міхаіл Хацэрнаў, капірайтар – Яўген Хаменка). На якія пытанні ў заданні групы 2 дае адказ група 4?

  

Літаратура

1 Валочка, Г.М. Вывучаем беларускі правапіс. 5–9 кл.: вучэб.-метад. Комплекс / Г.М.Валочка, В.У.Зелянко. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2010.
2 Вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання. XI клас (павышаны ўзровень). – Мінск : Нацыянальны ін-т адукацыі, 2016.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий