Надзвычайныя сітуацыі. Урок па прадмеце “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. 4-ы клас

- 16:00Методичка, Начальная школа. Сценарии

 

Святлана ЧАКАВАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Бакштаўская сярэдняя школа імя М.М.Чэрнік”
Іўеўскага раёна
,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма: Надзвычайныя сітуацыі

Тып урока: урок вывучэння і першаснага замацавання новых ведаў.

Мэта: плануецца, што да канца ўрока вучні будуць ведаць сітуацыі, якія можна назваць надзвычайнымі, дзеянні пры надзвычайных сітуацыях.

Задачы:

– сфарміраваць уяўленне пра тое, як выглядае небяспека і чаму яна ўзнікае;
– замацаваць тэарэтычныя і практычныя веды і навыкі паводзін у небяспечнай для жыцця сітуацыі;
– стварыць умовы для выхавання высокіх маральных якасцей: імкнення лічыцца з грамадскім меркаваннем, патрабавальнасці да сябе і таварышаў, адказнасці перад грамадствам.

Абсталяванне:

мультымедыйная прэзентацыя
https://docs.google.com/presentation/d/1cPXnMhYAga-iEzFZIiQ5n6aIUAqs6cGA/edit?usp=sharing&ouid=111575071820413626948&rtpof=true&sd=true

карткі з тэкстам, заданнямі, камп’ютарны тэст
https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSfs2UUPI7Xz6lOjA6QnzFfMahO9PvcWusGhphmB_I4FHkaqPg/viewform?usp=sharing

 

Ход урока

I Арганізацыйны момант

“Мазгавая гімнастыка”

Удзелім увагу свайму здароўю.

1) Ківанне галавой (дыхайце глыбока, расслабце плечы і выцягніце галаву наперад. Дазвольце галаве павольна ківацца з боку ў бок, пакуль пры дапамозе дыхання сыходзіць напружанне. Падбародак вычэрчвае злёгку выгнутую лінію на грудзях па меры паслаблення шыі. Выконваць 30 секунд).

2) “Гультаяватыя васьмёркі” (намаляваць у паветры ў гарызантальнай плоскасці “васьмёркі” па тры кожнай рукой, а затым абедзвюма рукамі).

3) “Шапка для разважанняў” (надзень шапку, гэта значыць, мякка загарніце вушы ад верхняй кропкі да мочкі тры разы).

4) Паапладзіруйце сабе вачыма.

 

IІ Актуалізацыя ведаў і матывацыя

Сёння нас чакае вельмі цікавы і займальны ўрок.

Паглядзіце ўважліва на дошку і паспрабуйце сабраць слова:

А К Е П Е Н Б Я С

– Якое слова атрымалася? (Небяспека). Кожнага чалавека падсцерагае нямала небяспек, якія трэба ўмець прадбачыць, пазбягаць, а калі штосьці небяспечнае здарылася, то ўмець дзейнічаць.

– Давайце ўспомнім што такое небяспека?

– А што такое бяспека? (Выслухоўваюцца варыянты адказаў дзяцей).

– А можа навакольнае асяроддзе быць небяспечным для чалавека? Чаму?

Паслухайце, калі ласка, наступную інфармацыю.

Слайд 2 – 11 (кожнае стыхійнае бедства)

Ты жывеш на планеце Зямля. Спякота і завіруха, дождж і снег– усе гэтыя з’явы адбываюцца таму, што сонца награвае нашу планету па-рознаму, нераўнамерна. У адных месцах бывае вельмі горача. Там можа здарыцца засуха. А ў іншых месцах бывае так холадна, што нават летам здараюцца завеі і снегапады. Часам вецер становіцца вельмі моцным, і можа пачацца шторм або ўраган.

Моцныя ліўні, хуткае раставанне снегу вясной могуць прывесці да паводкі. У гарах пасля вялікіх снегападаў утворацца снежныя лавіны. Падчас руху яны змятаюць усё на сваім шляху.

Часам над вяршыняй гары з’яўляецца дым. Здараецца вывяржэнне вулкана. Часам зямля раптам скаланаецца і пачынае трэскацца. Гэта землятрус. Калі ён адбываецца ў акіяне, пад вадой, то гіганцкая хваля– цунамі– можа знішчыць усё на беразе.

Усе гэтыя небяспечныя, надзвычайныя сітуацыі, выкліканыя сілай прыроды, называюцца стыхійныя бедствы, яны пагражаюць жыццю многіх людзей.

– Як вы думаеце, як часта сучасны чалавек падвяргаецца небяспецы ў паўсядзённым жыцці?

– Сфармулюйце тэму ўрока.

 

ІІІ Мэтавызначэнне 

– Што адчувае чалавек, калі трапляе ў надзвычайную сітуацыю?

– Навошта чалавеку неабходна ведаць аб надзвычайных сітуацыях?

– Якія мэты мы паставім на занятку?

Слайд 12

– Што такое надзвычайная сітуацыя?

– Як трэба сябе паводзіць у надзвычайнай сітуацыі?

– Навошта нам ведаць аб надзвычайнай сітуацыі?

– Дзе я буду выкарыстоўваць атрыманыя веды?

 

ІV Праца па тэме занятку

– Што такое надзвычайная сітуацыя?

Надзвычайная сітуацыя– гэта становішча, якое склалася на пэўнай тэрыторыі ў выніку аварыі, небяспечнай прыроднай з’явы, катастрофы, стыхійнага ці іншага бедства, якія могуць пацягнуць або пацягнулі за сабой чалавечыя ахвяры, шкоду здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю, значныя матэрыяльныя страты і парушэнне ўмоў жыццядзейнасці людзей.

Слайд 13

Давайце разгледзім прычыны НС:

– Гаспадарчая дзейнасць чалавека.
– Памылкі пры праектаванні тэхнікі, збудаванняў.
– Парушэнне правіл і мер небяспекі.
– Памылкі абслугоўваючага персаналу.
– Тэрарыстычныя акты.
– Накапленне адыходаў вытворчасці, якія прадстаўляюць пагрозу распаўсюджвання шкодных рэчываў.
– Небяспечныя прыродныя з’явы.

Слайд 14

– Зараз разгледзьце малюнкі і скажыце, што гэта за стыхійныя бедствы. Выкарыстайце прачытаную інфармацыю.

– Пра пагрозу стыхійнага бедства, вытворчай аварыі вас апавясцяць з дапамогай сірэн, радыё і тэлевізійных крыніц інфармацыі. Гучанне сірэн, гудкоў (сігналаў) на працягу трох хвілін з’яўляецца папераджальным сігналам “Увага ўсім!”, па якім кожны грамадзянін раёна абавязаны ўключыць тэлевізійныя прыёмнікі (Беларусь-1, Беларусь-2, АНТ, мясцовае кабельнае тэлебачанне) і радыёпрыёмнікі для праслухоўвання экстраннага паведамлення. Перадаваемая інфармацыя будзе перыядычна паўтарацца. А які сігнал аб небяспецы выконваецца ў нас у школе?

У такой сітуацыі ў многіх людзей пачынаецца паніка. Як вы думаеце, што такое паніка? Слайд 15.

– Хваляванне, страх і паніка заўсёды прысутнічаюць у душы чалавека, калі адбываецца надзвычайная сітуацыя.

30 мая 1999 г. многія мінчане прыйшлі на бераг ракі Свіслач на канцэрт гурта “Манга-Манга”. Раптам пачалася навальніца, якая суправаджалася буйным градам. Каля дзвюх з паловай тысяч маладых людзей паспрабавалі схавацца ад непагадзі ў падземным пераходзе. У выніку даўкі загінула 53 чалавекі. Больш за 150 чалавек атрымалі розныя раненні.

– Як вы лічыце, чаму столькі загінула людзей?

– Чаму гіне больш людзей пры паніцы?

– Што павінен ведаць кожны з нас, каб пазбегнуць панікі?

Слайд 16

Зараз давайце разгледзім памятку:

– уважліва слухай аб’явы штаба па надзвычайных сітуацыях;
– прытрымлівайся парадку дзеянняў па сігналах штаба;
– будзь побач з дарослымі, старайся не згубіцца;
– выразна выконвай распараджэнне выратавальнікаў;
– калі ты згубіўся, заяві пра гэта на пункце эвакуацыі, выразна назаві сваё імя, прозвішча, свой адрас і імёны бацькоў.
– выконвай патрабаванні МНС!

 

Фізкультхвілінка

Зноў у нас фізкультхвілінка.
Нахіляцца нам не мука!
Выпрасталіся, пацягнуліся,
А цяпер назад прагнуліся.
Размінаем рукі, плечы,
Каб сядзець было лягчэй.
Галава стамілася таксама.
Так давайце ёй дапаможам!
Направа, налева, раз і два.
Думай, думай, галава!

 

V Замацаванне вывучанага

Зараз прапаную раздзяліць віды надзвычайных сітуацый на дзве групы: прыродныя і па віне чалавека.

– Як называюцца прыродныя НС?

– Якія стыхійныя бедствы могуць адбывацца ў нашай мясцовасці?

Слайд 17

Ураганы – вельмі моцныя вятры, хуткасць якіх больш, чым у аўтамабіля, які імчыць па вуліцы (прыкладна 120 км/ч). На Далёкім Усходзе іх часта называюць “тайфунамі”.

Бура – гэта разнавіднасць урагану. Зімой яна падымае шмат снегу (завіруха, буран). Летам, асабліва ў гарачае надвор’е, бываюць пыльныя або пясчаныя буры. У пустынях іх называюць “самумамі”. А буру на моры называюць “штормам”.

Смерч – гэта таксама разнавіднасць урагану. Смерч мае выгляд хуткага слупа, падобнага на трубу гіганцкага пыласоса. Ён уцягвае ў сябе ўсё, што трапляецца на яго шляху.

Слайд 18

Паводка – часовы ўздым вады ў рацэ, возеры або моры. Пры гэтым вада затапляе і разбурае дамы, палі, лініі электраперадач. Гэта бывае з-за моцных ліўняў, хуткага раставання снягоў, разбурэння плацін і дамбаў, цунамі, ураганнага ветру. Яны бываюць кароткімі (ад некалькіх гадзін) і працяглымі (больш за два тыдні).

– Ад чаго (каго) будзе залежаць жыццё і здароўе чалавека, які знаходзіцца ў небяспечных умовах?

– Якую інфармацыю неабходна паведаміць выратавальнікам у надзвычайных сітуацыях?

– Вывучыце самастойна інфармацыю на картках.

Пры экстранным выкліку дапамогі па тэлефоне паведаміце коратка наступныя дадзеныя:

– прычыну выкліку (пажар, паводка, няшчасны выпадак, пах газу, выбух, адключэнне ліфта і т. п.);
– дакладны адрас (населены пункт, вуліца, нумар дома або кватэры, паверх, пад’езд, код);
– сваё прозвішча і нумар тэлефона;
– запомніце прозвішча і нумар тэлефона дзяжурнага, які прыняў выклік, а таксама час паведамлення.

Уявіце, што я ратавальнік і вы мне павінны правільна паведаміць інфармацыю пра сябе. Давайце патрэніруемся і запоўнім анкету.

(Настаўнік раздае анкету дзецям, і яны яе самастойна запаўняюць).

Анкета.

1. Прозвішча, імя, імя па бацьку ……………………………………………………..
2. Бацькі .……………………………………………………………..…….
3. Адрас ……………………………………………………………..………
4. Памер небяспекі …………………………….………………………..…

 

VI Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія

Камп’ютарны тэст (Гугл-форма)

– Малайцы! Справіліся з заданнем.

– Як трэба сябе паводзіць у надзвычайнай сітуацыі?

– Навошта нам неабходна ведаць аб надзвычайнай сітуацыі?

Мы з вамі гаварылі пра надзвычайныя сітуацыі і стыхійныя бедствы. Спадзяюся, што вам не прыйдзецца апынуцца там, дзе жыццё чалавека падвяргаецца рызыцы. Але, калі ўсё-такі гэта адбудзецца, самае галоўнае – не панікуйце і ўспомніце ўсё, аб чым мы гаварылі на сённяшнім уроку.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий