Педагагічны фестываль майстар-класаў “Сакрэты эфектыўнага ўрока”

- 9:00Стиль работы

 

Наталля ДАЎКШЫС,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
ДУА “Сярэдняя школа № 14 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць

 

 

Антуан дэ Сэнт-Экзюперы называў чалавечыя зносіны самай вялікай роскашшу на свеце. Але ў адным выпадку гэта “роскаш”, у іншым – прафесійная неабходнасць. Праца педагога адносіцца да таго віду чалавечай дзейнасці, які немагчымы без зносін.

Перыяд зімовых канікул для педагогаў – гэта час падводзіць вынікі: заканчэнне другой чвэрці, каляндарнага года. Ёсць час ацаніць рэзультатыўнасць сваёй працы, сістэматызаваць свой вопыт, падзяліцца ўдалымі эксперыментамі з калегамі. Менавіта з гэтай мэтай у сярэдняй школе № 14 Ліды прайшоў традыцыйны педагагічны фестываль майстар-класаў “Сакрэты эфектыўнага ўрока”.

Задача мерапрыемства складалася ў тым, каб прадставіць досвед працы педагогаў нашай установы адукацыі па стварэнні ўмоў для паспяховага навучання і развіцця творчага патэнцыялу асобы педагога, яе самарэалізацыі ва ўсіх відах дзейнасці. І як вынік – забяспечыць рост узроўню прафесійных кампетэнцый педагогаў на аснове ўдасканалення тэхнікі, методыкі выкладання навучальных прадметаў, валодання адукацыйнымі тэхналогіямі.

Першы майстар-клас “Шляхі рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу навучальнага занятку” падрыхтавала і прадставіла настаўнік пачатковых класаў Таццяна Валер’еўна Вайшніс. Згодна з канцэпцыяй яе педагагічнай дзейнасці, асноўнымі шляхамі рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу навучальнага занятку з’яўляюцца: арганізацыйна-метадычныя рэсурсы (непасрэдна сам змест вучэбнага матэрыялу), змястоўна-псіхалагічныя рэсурсы (стварэнне сітуацыі поспеху, характар зносін паміж навучэнцамі, асоба настаўніка, спрыяльны псіхалагічны мікраклімат, добразычлівая, дзелавая атмасфера на ўроку), арганізацыйна-метадычныя рэсурсы (метады і прыёмы, формы арганізацыі вучэбна-педагагічнай дзейнасці), кантрольна-ацэначны рэсурс (рэфлексія, самаацэнка, аргументаваная адзнака, падвядзенне выніку працы).

Перад намі як перад непасрэднымі актыўнымі ўдзельнікамі майстар-класа адразу была пастаўлена задача: у максімальнай меры рэалізаваць задачы патрыятычнага і грамадзянскага выхавання на ўроку матэматыкі ў 2-м класе. Паколькі ў падгрупе сабраліся выкладчыкі розных навучальных прадметаў, то і прапановы былі разнастайныя, часам нават нечаканыя, але цікавыя і абгрунтаваныя.

Таццяна Валер’еўна падзялілася сваімі метадычнымі знаходкамі падчас правядзення вуснага лічэння, паказала, як на працягу ўсяго ўрока матэматыкі можна выхоўваць, зацікаўліваючы і рашаючы адукацыйныя задачы вучэбнага прадмета.

Наступны майстар-клас пад назвай “У краіне роднага слова: рыхтуемся да алімпіяды” прадставіла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна Кірылаўна Маскаль. На дошцы – лейтматыў мерапрыемства:

Адтуль, дзе ноччу плачуць зоры,
Мігцяць-губляюцца ў вяках,
Яна прыйшла да нас. Ад Бога.
З жытнёвым коласам у руках.
Хрысціў яе касмічны вецер
І, як у свет пусціць, сказаў:
“Чысцей не будзе мовы ў свеце!”
І Беларускаю назваў.
                                В.Гарністава

Таццяна Кірылаўна – педагог з 35-гадовым педагагічным вопытам, чалавек, які не толькі размаўляе, але і думае на беларускай мове, яна жыве беларускай мовай. Ад яе роднай мовай захапляюцца і яе вучні. Адсюль і вынікі: прызавыя месцы хлопцаў і дзяўчат на алімпіядах па прадмеце.

На думку Таццяны Кірылаўны, поспех забяспечаны толькі тады, калі да пэўнай мэты ідуць усе тры звяны ланцуга поспеху: вучань, настаўнік і бацькі вучня. Без сямейнай падтрымкі, падбадзёрвання, веры ў сілы свайго дзіцяці перамогі не дасягнуць. Вось і сёлета настаўнік рыхтуе навучэнку 10-га класа да ўдзелу ў абласной алімпіядзе і дзеліцца з намі сваімі нататкамі, сакрэтамі падрыхтоўкі.

Нам было прапанавана паспрабаваць свае сілы ў веданні беларускай мовы і літаратуры. Заданні былі самыя разнастайныя: і скласці небыліцу, і ўявіць сябе складальнікам кніг беларускай літаратуры, і выправіць памылкі ў назвах твораў, і падабраць адпаведнікі да фразеалагізмаў, прыказак і прымавак на рускай, лацінскай і нават кітайскай мовах. Час праляцеў непрыметна. Мы нават стаміліся, але гэта была прыемная стомленасць ад цікавай працы.

І вось мы ўжо на “Педагагічнай кухні”. Менавіта такую назву дала свайму майстар-класу настаўнік пачатковых класаў Людміла Іванаўна Няхаева. Гэты педагог сістэматычна выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі ў сваёй працы, цікавіцца новымі распрацоўкамі ў гэтай галіне і ўдала спрабуе іх на сваіх занятках. Менавіта яна пазнаёміла нас з магчымасцямі выкарыстання розных тэхнік візуалізацыі вучэбнага матэрыялу: кросэнс, скрайбінг, тэхніка гексаў, воблака слоў. Увесь матэрыял Людміла Іванаўна паднесла нам як меню да святочнага стала, дзе адна з тэхнік стала “асноўным блюдам”, другая – “дэсертам”. Педагогі пераходзілі ад адной “стравы” да другой, кожную “спрабавалі” і выказвалі свае адчуванні, думкі. Густы ва ўсіх розныя, таму і спадабалася кожнаму сваё.

Падводзячы вынікі педагагічнага фестывалю, хочацца зазначыць, што павысіць свой прафесійны ўзровень, не выходзячы за межы сваёй установы адукацыі, наведаўшы такое мерапрыемства, – вялікі поспех для нас, настаўнікаў. Ты не толькі адчуваеш гонар за сваіх калег, але і ўзмацняеш веру ў сваю прафесію, у сваю жыццёвую справу. Бо, як казаў Якуб Колас у сваім знакамітым творы “На ростанях”: “Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш!” І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий