Выкарыстанне нетрадыцыйных метадаў для экалагічнага выхавання дашкольнікаў

- 16:25ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Идеи, Методичка

У матэрыяле выхавальнік дзеліцца вопытам выкарыстання прыроднага кутка і розных крэатыўных метадаў у экалагічным выхаванні ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі.

 

Людміла ДАРАШКЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 79 г. Гродна”

 

 

 

Фарміраваць экалагічную дасведчанасць варта з ранняга дзяцінства. Улічваючы дапытлівасць дашкольнікаў і іх зацікаўленасць прыродай, можна разлічваць на поспех у гэтым кірунку падчас заняткаў у дзіцячым садзе. Але важна выбраць правільны падыход: апраўдвае сябе нетрадыцыйны, крэатыўны фармат.

У кожнай установе дашкольнай адукацыі праграмай прадугледжана стварэнне прыродных куткоў. Тут знаходзяць свой прытулак расліны, а дзеткі, даглядаючы іх, паступова ўсведамляюць карысць жывой прыроды.

Пры афармленні прыроднага кутка мы выкарысталі прыём адухаўлення і казачнага эфекту. Папярэдне быў створаны “музей” жывых пакаёвых кветак (“экспанаты” падабралі згодна з пералікам у вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі).

Наведванне “музея” зачаравала ўжо з першых крокаў, бо адразу можна было пачуць размову кветак. Прычым, чароўныя кветкі звярталіся да сваіх гасцей па імені. Такі магічны эфект быў створаны дзякуючы загадзя падрыхтаваным аўдыязапісам. Цікава, што фіялкі, ружы, бальзамін і фікус, размаўляючы з Кірылам, Ягорам ці Машай, ведалі іх схільнасці і захапленні: журыліся, што хтосьці з дзяцей не цікавіцца жывой прыродай, і радаваліся, на што іншыя любяць даглядаць расліны. Не забываліся нашыя казачныя героі рабіць малышам кампліменты і заахвочваць іх да ўзаемнага сяброўства. Такі незвычайны падыход аказваўся выйгрышным, і ўжо пры наступным візіце дзеткі праяўлялі большую зацікаўленасць, імкнуліся паклапаціцца пра расліны ў “музеі”.

Яшчэ адным з прапанаваных займальным прыёмаў з’яўляецца касплэй – пераўвасабленне ў абранага персанажа. У нашым выпадку гэта кветка. Дзеці мелі магчымасць уявіць сябе пэўнай пакаёвай кветкай, апрануцца, каб быць на яе падобным. А ў дапаўненне да гэтага, у вазоне былі прымацаваны іх фотаздымкі. Прымераўшы на сябе расліннае амплуа, малышы паспрабавалі нават думаць так, як іх падапечныя. І марылі ўжо па-іншаму: чаго ж хочацца кветцы? Усе адказалі правільна: каб яе палівалі, рыхлілі глебу, выціралі пыл. Некаторыя прапанавалі праспяваць песеньку і проста паразмаўляць. Галоўны пасыл заключаўся ў тым, каб адносіцца да жывой прыроды так, як хочаш, каб адносіліся да цябе. Дарэчы, гэты прыём дапамог з’яднаць калектыў. Калі хтосьці з выхаванцаў адсутнічаў, аднагрупнікі прымаліся даглядаць кветку, якая часова апынулася без гаспадара. Прычым, прыязна называлі яе імем свайго сябра.

Экалагічны падыход можа дамінаваць і ў вызначэнні сістэмы індывідуальнага росту выхаванцаў ці рэфлексіі. За аснову бярэцца выява дрэва з моцным коранем, шматлікімі галінкамі і лісцікамі. Дзецям паступова з дапамогай каляровых сімвалічных аркушыкаў прапануецца ўпрыгожыць гэта дрэва. Спачатку аздабляецца корань, які паказвае настрой малышоў у пачатку дня, калі яны прыходзяць з дому. Затым – ствол (заняткі ў групе) і крона (вынікі дня). Педагог мае магчымасць прасачыць дынаміку настроенасці дзяцей, іх падрыхтаванасць да дзейнасці на пэўным этапе.

Пералічаныя методыкі былі прэзентаваны на пасяджэнні метадычнага аб’яднання нашага дзіцячага сада № 79 г. Гродна. Спачатку педагогі апрабавалі іх на сабе, а пасля – у сваіх групах. Пацвердзілася і тое, што крэатыўны і займальны падыход павышае матывацыю дзяцей да навучання і выхавання і дазваляе разняволіцца падчас заняткаў. А ключавой ідэяй усіх прыёмаў мы лічым неабходнасць узнаўлення і паўтарэння ўменняў, атрыманых у дзіцячым садзе, дома. Папулярызацыя экалагічных ведаў сярод блізкіх – абавязковая прыступка да эфектыўнага экалагічнага выхавання.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий