Сцэнарый абрада “Юр’я”

- 9:44Дополнительное образование

Сцэнарый інсцэніроўкі абраду разлічаны на дзяцей 11–14 гадоў

 

Наталля ЯКУТА,
загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці
ДУА “Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”
Гродзенская вобласць

 

Задачы:

– вывучаць духоўную спадчыну народа;
– пазнаёміць навучэнцаў з абрадавымі дзеяннямі;
– рэалізоўваць індывідуальныя магчымасці кожнага навучэнца;
– развіваць актыўнасць, упэўненасць у сабе, уменне працаваць у калектыве,
– здольнасць перадаваць вобраз героя рознымі сродкамі акцёра;
– выхоўваць патрэбу ў зберажэнні гістарычнай спадчыны, самабытных традыцый беларускага народа.

Узрост навучэнцаў: 11–14 гадоў.

Абсталяванне: ручнікі, дудкі, вербныя галінкі, каляровая стужка, мяшкі, дзве плёткі, столік, накрыты абрусам, Грамнічная свечка, ікона святога Георгія, пачастункі.

Музычны матэрыял: народныя песні “Юр’я, устань рана!”, “Зялёная вішня”, “Юраўскі карагод”.

 

Ход мерапрыемства

 

За кулісамі гурт дзяўчат пачынае спяваць песню “Юр’я, устань рана!”.

Юр’я, устань рана,
Юр’я, мыйся бела,
Юр’я, ідзі ў стайню,
Юр’я, сядлай каня,
Юр’я,  едзь у поле,
Юр’я, адамкні зямлю,
Юр’я, пусці расу,
Юр’я, цяпленькую,
Юр’я, бяленькую.

 

Ходзяць з ручнікамі і збіраюць расу.

Выходзяць пастухі Янка і Барыс і граюць на дудках.

Янка. Грай, грай, дудачка! Грай, грай, вясёлая!

Барыс. Выйграй з вясновым Юр’ечкам і долечку мне! Грай мне аб шчасці, грай аб Юр’і! (Ідуць да першага двара, вітаюцца разам.) Добрай раніцы, гаспадары!

Барыс. Выганяйце жывёлу на Юр’еву расу!

Янка. Юр’ева раса ад нядобрага вока, ад сямі хвароб!

Мікола (гаспадар). Добрай раніцы! Сёння мы даручаем вам нашу жывёлу і ад вас залежыць, ці будзе яна здаровай і ўскормленай.

Звяртаецца да гаспадыні Васіліны.

Мікола. Васіліна, ці прыгатавала ты пачастункі пастухам Барысу ды Яну?

Васіліна (гаспадыня). Так, так, прыгатавала.

Падае пачастункі пастухам.

Васіліна. Вось вам, хлеб і сала – каб пагодка спрыяла.

Барыс. Дзякую, дзякую, гаспадары, а мы пабяжым далей усіх на поле клікаць.

Янка (да гаспадыні). Але перш чым выгнаць жывёлу на пашу, Васіліна, зачытай юраўскія замовы.

Васіліна. Добра! (Звяртаецца да гаспадара.) Давай возьмем яйкі – вось табе адно і мне адно. Пойдзем пакладзем іх у варотах, каб наша кароўка, пераступіўшы іх, была поўная і круглая.

Выконваюць і вяртаюцца.

Васіліна. Пачакай, яшчэ не ўсё. Давай возьмем акраец хлеба і з ім тройчы абыдзем печ.

Гаспадары тройчы абыходзяць печ са словамі: “Як печ стаіць на месцы, так і скаціна хай ходзіць на месцы”.

Васіліна. А зараз, гаспадар, вазьмі чыгунок з купальскімі зёлкамі, ідзі ў хлеў, абкуры скаціну, каб засцерагчы яе ад нядобрага вока, і яйка пакладзі ў варотах.

Гаспадар выходзіць, да падворка падыходзяць суседзі.

Алёна. Добры дзень, гаспадынька!

Васіліна. А ці выгналі вы скаціну ў поле?

Алёна. Не, не выганялі, у гэтым годзе нашу кароўку будзе выганяць маладая нявестачка. Кацярынка, хадзі сюды!

Кацярынка. Іду, матуля!

Суседзі спяваюць песню “Зялёная вішня”.

Зялёная вішня
З-пад кораня выйшла.
Аддала мяне маці,
Дзе я не прывычна.
Аддала мяне маці,
Дзе я непрывычна.

Прывычна, прывычна,
Прывыкаці буду.
Мушу старому, маладому
Давераці мушу.
Старому, маладому
Давераці буду.

 

Пасля песні Кацярына кідае на гурт жанчын каляровую стужку са словамі: “На здароўе, на дабрабыт”. Кожная дзяўчына стараецца адарваць ад стужкі сабе кавалачак.

Алёна. Вось табе, Кацярынка, галінка свянцонай вярбы, ідзі, выганяй кароўку.

Кацярынка. Добра, так і зраблю! Дзякуй за параду!

Пры гэтым выконвае магічны абрад: качае па спіне каровы асвячоным велікодным яйкам і прыгаворвае:

Выганяю я сваю кароўку
На шырокую вуліцу,
На шаўковую травіцу,
На глыбокую крыніцу
Па светлую вадзіцу.
Шаўковай травіцай наядайся,
У глыбокай крыніцы напівайся,
Карысці набірайся,
Ведзьме не паддавайся.

Пасля гэтага маладая гаспадынька выганяе карову, пасцёбваючы асвячонымі на Вербніцу галінкамі вярбы.

Кацярынка. З Богам, кароўка, на пашу!

Ганначка. Васіліна, як сабрала пачастункі, пайшлі разам.

З песняй усе разам ідуць на пашу. На пашы ўсіх чакаюць пастухі. На пагорку стаіць столік, накрыты абрусам. На стале – Грамнічная свечка, ікона святога Георгія.

Сцяпан. Добры дзень, ніва святая! Мы прыйшлі з хлебам-соллю ды святой вербнай галінкай, каб Бог і святы Юрый пацешылі нас здароўем і надвор’ем.

Сцяпан кланяецца, становіцца на калені і кладзе ручнік з хлебам-соллю на дол.

Барыс. Добры дзень усім, хто завітаў да нас на свята ў гонар святога Юр’я!

Мікола. Гэй, браты-пастухі, прымайце дары!

Стэфанія.

Два мяхі сала, кіўбас,
поўны кошык яек ад нас!
Сем караваеў хлеба
для сытнага абеда.

Пастухі дзякуюць і прымаюць дары.

Васіліна. Прыміце галінку вербную, каб зямельку аберагала.

Васіліна кланяецца, дае вербную галінку Барысу, а Барыс яе кладзе каля хлеба.

Алёна. Зямлю адмыкае, расу выпускае і густую, і чыстую, і цёмную, і мокрую. На добрае лета, на буйнае жыта, на гэты свет, на ўсякі цвет, каб зямелька ажывала ды дабром нас асыпала.

Алёна і Мікола робяць нізкія паклоны на чатыры бакі. Янка прыбірае ручнік з хлебам, галінку вярбы. На сцэну выбягае Тэкля.

Тэкля (кланяецца). Добрай раніцы, матуля! (Цалуе маці.) Добрай раніцы, татачка! (Цалуе бацьку.)

Васіліна. Добрай раніцы, Тэкля! Вось, добра, што ты прыйшла, бо надышоў час юраўскія забавы пачынаць!

Мікола (звяртаецца да Кацярыны). Кацярынка, а ты сёння качалася па юраўскай расе?

Кацярынка. Канешне, татачка! З дзяўчатамі хадзілі на расу.

Мікола. Правільна! Бо гэта раса, згодна з народнымі павер’ямі, у юраўскую раніцу надзяляе жыватворнай сілай жывёлу, раслін і чалавека.

Ганначка. Сапраўды, юраўская раса чароўная. У народзе кажуць: “На юр’еву расу, ды на божую красу!”. Памыешся ёю – будзеш здаровым і прыгожым.

Кацярына. А вось адкажыце мне: без чаго пастух ніколі не выходзіць на пашу?

Пастухі. Вядома, без пугі.

Кацярына. Так. А ці ўмеюць нашы пастухі пугу плясці?

Пастухі. Канешне ўмеем!

 

Гульня “Спляці пугу”

Пастухі навыперадкі пачынаюць плесці пугі.

Ганначка. А ў мяне ёсць загадкі для нашых госцікаў, ці адгадаюць яны іх? Слухайце, калі ласка, уважліва:

Возіць усіх на сабе і за сабою,
Сам жа заўсёды ідзе пехатою (Конь.)

З барадою, а не стары,
З рогамі, а не бык,
Дояць, а не карова,
Лыкі дзярэ, а лапці не пляце (Каза.)

Ляжыць пад ганкам,
Хвост абаранкам (Сабака.)

Калматы, вусаты,
Есці пачынае –
Песенькі спявае (Кот.)

Ходзіць цар па агародзе,
Носіць два бліны ў бародзе,
А трэці – на галаве (Певень.)

Хто не хворы,
А ўсё стогне? (Свіння.)

Пасярод двара стаіць гара,
Спераду – вілы, ззаду – мятла (Карова.)

Усе, хто адгадаў загадкі, атрымліваюць цукеркі.

Васіліна. Нічога не скажаш, кемлівы народ тут сабраўся! Нездарма кажуць: “Кемлівы ні ў гародзе, ні ў горадзе не прападзе”.

Дзяўчаты водзяць Юраўскі карагод.

Ідзе, ідзе карагод, карагод.
Усе дзевачкі напярод, напярод.
А хлопчыкі за намі, маргаючы вачамі.
А хлопчыкі ды за намі.
О то ж карагод, о то ж ваявод.
Ідзе, ідзе карагод, карагод.
Усе дзевачкі напярод, напярод.
Дзе карагод наш ходзіць
Там жыта буйна ўсходзіць,
Дзе карагод наш ходзіць,
Там жыта буйна ўсходзіць.
О то ж карагод, о то ж ваявод.
Ідзе, ідзе карагод, карагод.
Усе дзевачкі напярод, напярод.
Дзе карагод не бывае, там жыта палягае,
Дзе карагод не бывае,
Там жыта палягае.
О то ж карагод, о то ж ваявод.
Ідзе, ідзе карагод, карагод.

Васіліна. Каб у нашых пастухоў не закружыліся галовы ад дзявочых спеваў, я ім нагадаю, што дзень святога Юр’я лічыцца апошнім днём, калі можна біцца велікоднымі яйкамі. Таму хутчэй бярыцеся за справу і пачынайце апошні “бой”!

 

Гульня “Біткі”

Пастухі б’юцца велікоднымі яйкамі.

Кацярына. Хлопцам я прапаную крыху адпачыць. А вы, дзяўчаткі, ці ведаеце, што быў на Юр’я такі звычай “юрыцца” – значыць, сяброўку сабе шукаць. Калі хто гэта не зробіць, той на ўвесь год застанецца без сяброўкі. Зараз пагуляем у гульню “Ручаёк”.

Гульня “Ручаёк”

Дзяўчаты гуляюць у гульню, выбіраючы сабе пару.

Васіліна. Ну вось, дзяўчаткі, вы і знайшлі сабе сябровак. Але ж вы і хлапцоў не кідайце, запрасіце іх на скокі!

Аліна.

Ну, дык грай жа, дудка,
Каб аж было чутна,
Каб аж вушы драла.
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!

Усе танцуюць польку.

Барыс. Давайце згуляем у ахоўна-магічную юраўскую гульню.

Пастух вызначае, каму быць “зайцам”, “кульгавым”, “калодай”, “замком”, “сляпым”. Тады зварочваецца да кожнага з герояў:

– Заяц, заяц, ці горка асіна?
– Горка, ой горка!
– Дай Бог, каб і наша скацінка была заўсёды горкая для звярынкі.
– Сляпы, сляпы, ці бачыш ты?
– Не, не бачу!
– Дай Бог, каб і звярынка не бачыла нашу скацінку.
– Кульгавы, ці дойдзеш ты?
– Не, не дайду!
– Дай Бог, каб звер не дайшоў да нашай скацінкі.
– Калода, ці павернешся ты?
– Не, не павярнуся!
– Дай Бог, каб звярынка не павярнулася да нашай скацінкі.
– Замок, замок, ці разамкнешся ты?
– Не, не разамкнуся!
– Дай Бог, каб у звярынкі не разамкнуліся зубы на нашу скацінку.

Ганначка. А яшчэ некалі ў дзяцінстве мне бабуля расказвала шмат юраўскіх прыкмет, але я трохі забылася, то, можа, зараз мне падкажаце?

Дзяўчаткі. Абавязкова.

Ганначка. Вось, напрыклад, як дождж на Юр’я?

Дзяўчаткі. То будзе хлеб і ў дурня!

Ганначка. А як на Юр’я пагода?

Дзяўчаткі. То будзе на грэчку няўгода!

Ганначка. А калі будзе раса?

Дзяўчаткі. То будзе ў дастатку коням аўса!

Ганначка. Калі ў Юр’еў дзень ідзе дождж густы і вялікі?

Дзяўчаткі. То будзе расці высокае жыта. Бо святы Юрый быў апекуном земляробства.

Дзяўчына.

Мы маглі б да ранку
танцаваць, гуляць, смяяцца,
Але, як ні сумна –
трэба развітацца.

Васіліна. А зараз, гаспадарочкі, трэба дахаты спяшацца, хуценька ўпраўляцца.

Сцяпан. Вясной работы багата, вясной у цяжкай працы пачынаецца восеньскі хлебны каравай.

Дзяўчына. Таму мы вам жадаем: каб Юр’я сваім ключыкам адамкнуў зямлю.

Дзяўчына. І на ўвесь свет, і на кожны цвет.

Дзяўчаткі.

Хай жывёла пасецца,
Хай курачка нясецца,
Хай свіння сыцее,
Хай кароўкі тлусцеюць, малачка даюць дзеткам.
У дзежы – падходам, у печы – прыпёкам,
У хаце спорам, на стале сыццю.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий