Механізм рэалізацыі праекта прадугледжвае функцыянаванне пяці сектараў: “Пошук”, “Навука”, “Дызайн”, “Рупар”, “Антрэпрыза” – якія ўзаемадзейнічаюць.
Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа” Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць
Якім зместам напоўніць шосты школьны дзень? Як першую суботу месяца – Дзень грамадзянскага, патрыятычнага, духоўна-маральнага выхавання – зрабіць максімальна карысным тэматычным днём, часам адкрыццяў, часам самаўдасканалення і самарэалізацыі для дзяцей і падлеткаў?
У рэкамендацыях “Метадычныя аспекты ўдасканалення выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень” адзначаецца: “Важным аспектам патрыятычнага выхавання з’яўляецца фарміраванне ў вучняў каштоўнасных адносін да гістарычнага мінулага сваёй Радзімы, гатоўнасці захоўваць і памнажаць дасягненні сваіх продкаў у сучаснасці і будучыні”. Менавіта кіруючыся думкай аб гэтым, творчая група настаўнікаў і навучэнцаў Поразаўскай сярэдняй школы ўжо з мая 2022 года вяла падрыхтоўчую работу па распрацоўцы праекта шостага дня.Праведзеныя апытанне падлеткаў 6–11-х класаў на аснове праектыўнай методыкі “Незакончаны сказ” і анкетаванне, накіраваныя на выяўленне ўзроўню сфарміраванасці грамадзянскіх, патрыятычных якасцей у навучэнцаў, на выяўленне прабелаў у ведах у гэтым напрамку, дазволілі канстатаваць факт наяўнасці ў падлеткаў агульных ведаў па гісторыі Беларусі, гатоўнасць дэманстраваць паважлівыя адносіны да дзяржаўнай сімволікі, гатоўнасць да актыўнага ўдзелу ў грамадска-карысных справах, дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Аднак 17 % апытаных палічылі, што ў іх не заўсёды ёсць магчымасць дэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю, 22 % часткова справіліся з тэстам “З гісторыі малой радзімы”, 30 % прадэманстравалі недастатковасць ведаў аб гістарычных асобах, звязаных са Свіслацкім раёнам і пасёлкам Поразава, 11 % не арыентуюцца ў гістарычных падзеях, якія датычацца роднага пасёлка. Праведзенае сацыяльнае апытанне дало права сцвярджаць, што і сярод дарослага насельніцтва гарадскога пасёлка Поразава 30 % вельмі мала ведаюць з гісторыі малой радзімы, а 9 % увогуле ёю не цікавяцца.Такім чынам, відавочна была неабходнасць прымянення эфектыўных форм выхаваўчай работы для вырашэння вышэйакрэсленых праблем, мэтазгоднасць абнаўлення зместу грамадзянскага і патрыятычнага выхавання з улікам сучасных тэндэнцый. Так пачалася работа над праектам “Асоба і гісторыя, веды і памяць”.
Удзельнікамі праекта сталі навучэнцы дзяржаўнай установы адукацыі “Поразаўская сярэдняя школа”, настаўнікі і педагогі дадатковай адукацыі, жыхары г. п. Поразава Свіслацкага раёна.
Тэрмін рэалізацыі праекта: жнівень 2022 года – май 2023 года.
Механізм рэалізацыі праекта прадугледжвае функцыянаванне пяці сектараў: “Пошук”, “Навука”, “Дызайн”, “Рупар”, “Антрэпрыза” – якія ўзаемадзейнічаюць.
Удзельнікі сектара “Пошук” рыхтавалі патрэбную інфармацыю, у выпадку неабходнасці наладжвалі ўзаемадзеянне з музеямі, з архівамі, відавочцамі, давалі падрыхтаваны матэрыял для працы ўдзельнікам іншых сектараў. Каардынатар – настаўнік гісторыі, кіраўнік школьнага народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Млын часу” Таццяна Кухарчык.
Навучэнцы з высокім узроўнем інтэлектуальных здольнасцей (якія ўваходзяць у сектар “Навука”) на аснове прадстаўленага краязнаўчага матэрыялу распрацоўвалі заданні для выкарыстання на ўроках (складалі матэматычныя задачы, рыхтавалі заданні для ўрокаў геаграфіі і гісторыі і інш.). Важнасць дзейнасці гэтага сектара падкрэслівае магчымасць выкарыстання матэрыялаў для эфектыўнай рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрокаў. Каардынатары – кіраўнік творчай групы настаўнікаў прыродазнаўча-матэматычнага цыкла Марыя Галась і кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў Аксана Карповіч.
Удзельнікі сектара “Дызайн” з’яўляюцца афарміцелямі стэндаў і часовых экспазіцый у музеі “Млын часу”, наглядных матэрыялаў для работы “інфарматараў”, рэалізоўваюць дызайнерскія задачы па падрыхтоўцы сцэны для выступленняў. Каардынатар дзейнасці сектара – настаўнік замежнай мовы, педагог дадатковай адукацыі Марыя Ганчарова.
У склад сектара “Антрэпрыза” ўвайшлі навучэнцы з ярка выражанымі акцёрскімі здольнасцямі. Яны рыхтавалі прадстаўленні на аснове атрыманай інфармацыі для выступленняў на сцэне і для паказу пры правядзенні тэматычных экскурсій у музеі “Млын часу”, распрацоўвалі сцэнарыі сустрэч з запрошанымі гасцямі. “Антрэпрыза” – таму што выступленні праводзяцца не рэгулярна, а па меры неабходнасці і са з’яўленнем матэрыялу, прыдатнага для тэатралізацыі. Каардынатары – настаўнік беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 8-га класа Марыя Белава і настаўнік музыкі Яўгенія Савіцкая.
Удзельнікі сектара “Рупар”, своеасаблівыя “інфарматары-прапагандысты”, з мэтай распаўсюджвання атрыманых ведаў праводзілі інфармацыйныя акцыі як для навучэнцаў, так і для жыхароў пасёлка. “Рупар” таму, што ўдзельнікі сектара ўзмацняюць прапагандысцкае ўздзеянне атрыманай інфармацыі шляхам правядзення акцый, інфарм-дайджэстаў і г.д. Каардынатар – бібліятэкар Наталля Гуштын.
Галоўная ўмова ў працы каардынатараў сектараў – не прапаноўваць і арганізоўваць, а наладжваць дыялог з навучэнцамі, ствараць атмасферу супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі, акумуляваць ідэі лідараў, аказваць дапамогу ў іх ажыццяўленні.
Цьютарам праектнай дзейнасці выступала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Астапчык, якая з’яўлялася свайго роду каардынатарам паміж усімі ўдзельнікамі праекта, паміж традыцыйнай сістэмай адукацыі і дзейнасцю ў праекце. Менавіта цьютар матывуе ўдзельнікаў праектнай дзейнасці на своечасовае выкананне ўскладзеных на іх функцый, дапамагае ім разабрацца з узнікаючымі пытаннямі, адсочвае, што ўдаецца, а што патрабуе больш увагі, каардынуе дзеянні па рэалізацыі праекта ў рамках выканання гадавога плана ўстановы адукацыі.
Дзевяць месяцаў 2022/2023 навучальнага года дазваляюць дасканала вывучыць дзевяць тэм, дзе кожны сектар выконвае пастаўленую перад ім задачу. Творчай групай у таблічным варыянце прадстаўлены своеасаблівы план рэалізацыі праекта. Для прыкладу прапануем яго частку.
У сваю чаргу, удзельнікі кожнага сектара больш дасканала спланавалі сваю дзейнасць і, дзякуючы гэтаму, работа наладжана плённая і сістэмная.
Адзін са станоўчых момантаў рэалізацыі праекта “Асоба і гісторыя, веды і памяць” – наладжанае ўзаемадзеянне са знакамітымі землякамі.
Напрыклад, у лютым адбыўся рад анлайн-дыялогаў з Уладзімірам Агейцам, доктарам сельскагаспадарчых навук, прафесарам, дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут рыбнай гаспадаркі” Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі”, членам Міжнароднай акадэміі экалогіі, бяспекі чалавека і прыроды. Тэмы, якія абмяркоўваліся – адносіны да малой радзімы, асабісты ўклад у беларускую навуку, аб ролі прафарыентацыйнага выбару і іншыя. Выхаванне на асабістых прыкладах – найбольш эфектыўнае.
У працэсе рэалізацыі праекта вырашаліся вельмі важныя задачы:
– навучэнцы прыцягнуліся да пошукава-даследчай і краязнаўчай дзейнасці, павышалі ўзровень каштоўнасных уяўленняў аб важнасці асабістага ўкладу ў культурна-гістарычную спадчыну беларускага народа;
– сфарміравалася актыўная грамадзянская пазіцыя навучэнцаў праз удзел у мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці;
– павысіўся ўзровень дасведчанасці дарослага насельніцтва г. п. Поразава ў пытаннях гісторыі роднага пасёлка;
– развілася актыўнае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі, знакамітымі землякамі;
– напрацаваныя матэрыялы былі выкарыстаны для падрыхтоўкі да ўдзелу ў творчых конкурсах гісторыка-краязнаўчай накіраванасці.
Распрацаваны механізм ацэнкі эфектыўнасці праекта “Асоба і гісторыя, веды і памяць”, дзе ўлічаны колькасныя паказчыкі, паказчыкі сацыяльнага развіцця, паказчыкі сацыяльнай адаптацыі асобы.
Ва ўсіх удзельнікаў праекта існуе цвёрдая ўпэўненасць, што менавіта так пабудаваная дзейнасць у шосты школьны дзень – калі не найбольш эфектыўная ў фарміраванні ў падрастаючага пакалення каштоўнасных адносін да малой радзімы, то, адназначна, з’яўляецца важным крокам наперад!