Лік 18. Урок матэматыкі ў 1-м класе ў форме квест-гульні

- 10:02Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Асаблівасць квеста ў тым, што неабходна дасягнуць мэты, выконваючы розныя заданні. Новая падказка — гэта крок да выканання наступнай задачы. Задачы перад дзецьмі ставяцца самыя розныя: даследчыя, творчыя, пазнавальныя, інтэлектуальныя. Квесты аб’ядноўваюць дзяцей. Працуючы разам, яны абменьваюцца думкамі, поглядамі, ідэямі, што дазваляе ўзгадняць, аб’ядноўваць і каардынаваць агульныя намаганні для дасягнення агульнай мэты.

Алена БУДНІЦКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА Макараўская сярэдняя школа
Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: пазнаёміць з утварэннем, абазначэннем і дзесятковым саставам ліку 18.

Задачы:

– вучыць выконваць складанне і адніманне на аснове дзесятковага саставу ліку 18 і парадку следавання лікаў у натуральным радзе;
– замацоўваць уменне рашаць простыя задачы вывучаных відаў;
– прывіваць цікавасць да матэматыкі;
– выхоўваць у вучняў каштоўнаснае стаўленне да Радзімы.

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік, Ч. 2, рабочы сшытак, карткі з заданнямі, матэрыял для гульні “Аўтобус”, пазлы, воблака слоў, фотаздымкі славутасцей малой радзімы.

Форма правядзення: квест-гульня.

 

Ход урока

І Арганізацыйны этап

Празвінеў і змоўк званок,
Пачынаецца ўрок.
Мы за парты ціха селі
І на настаўніка паглядзелі.    

– Дзеці, у нас сёння будзе незвычайны ўрок. Але спачатку ўсміхніцеся, калі ласка, адно аднаму, а цяпер мне.

– Сёння зранку паштальён прынёс паштоўку, паслухайце, я прачытаю яе:

«Добры дзень, паважаныя сябры, мы першакласнікі з горада-героя Мінска. Любім падарожнічаць і знаёміцца з прыгожымі куточкамі нашай Беларусі. І нас зацікавіла ваша малая радзіма, хочам даведацца аб славутасцях, якія ёсць у вас. Паспрабуйце даведацца і вы, і ўсё нам расказаць. Поспехаў вам!»

– Дапаможам? Тады слухайце. Сёння мы з вамі адправімся у падарожжа па самых прыгожых мясцінах малой радзімы. Шлях будзе нялёгкі. А для гэтага мы павінны быць якімі? (Дэманструецца воблака слоў).

– У час падарожжа вы не толькі пазнаёміцеся з прыгожымі куточкамі сваёй Радзімы, але і навучыцеся выконваць складанне і адніманне ў межах 20, замацуеце ўменне рашаць задачы. Спадзяюся, што падарожжа дадасць вам творчых сіл, умацуе веру ў свае магчымасці, прынясе вам радасць і жаданне спазнаваць новае. Гатовы да выпрабаванняў?

 

ІІ Вусныя і практычныя практыкаванні

– Ітак, шчаслівага падарожжа! А каб знайсці першае заданне, нам трэба адгадаць загадку. Разгадка і стане вам падказкай.

Падказка 1

На ім коцік любіць спаць,
Хоць гэта не ложак,
Сядзе і ў акно глядзіць.
Дык на чым жа ён сядзіць? (Падаконнік; заданне знаходзіцца на падаконніку.)

Заданне. Як называецца месца, па якім мы будзем падарожнічаць і расказваць пра гэтае месца першакласнікам з горада Мінска, вы даведаецеся, калі расставіце лікі ў парадку ўзрастання.

к

р

М

ц

а

а

ы

а

ў

11

13

9

16

14

10

17

12

15

1) Назавіце цотныя лікі (10, 12, 14, 16).
2) Назавіце няцотныя лікі (9, 11, 13, 15, 17).
3) Назавіце адназначныя лікі (9).
4) Назавіце лік, у якім 1 дзясятак 4 адзінкі (14).
5) Назавіце лік, які большы за 14 на 2 (16).

Адказ: Макараўцы.

 

Вынік: Што рабілі? (Замацоўвалі ўменні лічыць у межах 20, называць цотныя і няцотныя лікі, двухзначныя і адназначныя лікі).

– Ацаніце сваю работу на лінеечках поспеху.

Дзеці атрымоўваюць кавалачак карты і падказку, дзе знаходзіцца наступнае заданне.

 

Падказка 2. Складзіце пазлы, а потым знайдзіце ў кабінеце гэты фотаздымак з заданнем.

– Гэты касцёл пабудаваны ў 1795 годзе з дрэва без адзінага металічнага цвіка. Яму 228 гадоў. Касцёл – помнік архітэктуры, занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Паказваю лікі, запісаныя на картках 1795, 228, 2023.

– Прачытайце лікі, назавіце самы вялікі, самы малы, трохзначны лік.

– А далей мы адпраўляемся ў падарожжа на аўтобусе. Для гэтага трэба купіць білет.

 

Заданне “Купі білет”

Білет каштуе 5 рублёў. У вас ёсць манеты: 2 рублі, 2 рублі, 1 рубель, 1 рубель, 50 капеек, 50 капеек. Якія манеты вы павінны даць кандуктару, каб купіць білет?

– А хто такі кандуктар? (Кандуктар – чалавек, які прадае білеты пасажырам).

Вынік. Што рабілі? (Успомнілі састаў ліку 5).

– Ацаніце сваю работу на лінеечках поспеху.

 

Заданне “Назаві фігуры”

З якіх фігур складаецца білет?
Колькі прамавугольнікаў?
Колькі трохвугольнікаў?
Чаго больш і на колькі?

 

Вынік. Што рабілі? (Успомнілі геаметрычныя фігуры).

– Ацаніце сваю работу на лінеечках поспеху.

Дзеці атрымоўваюць кавалачак карты і падказку.

 

Падказка 3. Знайсці ў класным пакоі фотаздымак, там і знаходзіцца заданне.

– А ці ведаеце, што адлюстравана на гэтым фотаздымку? (Дом састарэлых, але ў даўнія часы тут знаходзілася сядзіба пана Хрусціцкага. Насупраць была размешчана яшчэ адна пабудова, у якой пасля Вялікай Айчыннай вайны была школа. На жаль, старая школа не захавалася, была знішчана пажарам).

 

Заданне “Пералічы пяць дзён тыдня”

Абмяркоўваецца, як пералічыць пяць дзён тыдня, не называючы колькасці. Разглядаюцца варыянты: панядзелак, аўторак, серада, чацвер, пятніца або так: пазаўчора, учора, сёння, заўтра, паслязаўтра. З апорай на гэты ланцужок слоў высвятляецца, якая сёння дата, калі ўчора было дваццаць шостага, якая дата будзе заўтра, калі сёння шаснаццатага і г. д.

?

?

сёння

?

паслязаўтра

?

26

27

?

29

?

?

пятніца

?

?

 

Вынік. Што цяпер успаміналі? (Вучыліся называць пяць дзён тыдня, не называючы колькасці).

– Ацаніце сваю работу на лінеечках поспеху.

Дзеці атрымоўваюць кавалачак карты і падказку.

 

Падказка 4. Рашыце прыклады, адказ кожнага прыклада – гэта літара слова. Складзіце слова.

М

16 + 1

з

17 – 4

у

14 – 2

й

10 + 5

е

15 – 5

 

 

Лікі запісны на дошцы ў такім парадку 17, 12, 13, 10, 15.

Адказ: 17   12   13   10   15

   М   У     З     Е    Й

– Што гэта за слова? (Музей).

– Як называецца наш школьны музей? (Музей гісторыі роднай вёскі). А ці былі вы ў музеі? Што можам убачыць у музеі? (Экспанаты). Музей – унікальная ўстанова, якая ў пэўным сэнсе з’яўляецца люстэркам гісторыі.

– Наш музей – сховішча каштоўных прадметных і дакументальных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць гісторыю Макаравецкага сельскага Савета. Створаны музей быў у 1986 годзе, у 1998 г. быў рэканструяваны. Музей складаецца з чатырох раздзелаў: “Гераічныя прыклады абароны сваёй Радзімы, гатоўнасці ахвяраваць з-за яе сваім жыццём” (прысвечаны гісторыі нашай мясцовасці ў часы Вялікай Айчыннай вайны); гісторыя школы і калгаса; гісторыя населеных пунктаў малой радзімы; жыццё нашых продкаў.

– Знайдзіце фотаздымкі музея ў кабінеце, там знаходзяцца заданні.

 

Заданне-гульня “Рассадзі дзяцей”

– Сёння з намі адпраўляюцца ў падарожжа і дзеці іншых класаў. Давайце дапаможам настаўнікам рассадзіць іх па аўтобусах.

Дзеці рашаюць прыклады і “рассаджваюць усіх па аўтобусах”.

 

Заданне “Рашы задачу”

У аўтобусе пад нумарам 13 едзе трое дзяцей, а ў аўтобусе пад нумарам 17 – пяцёра дзяцей. Колькі дзяцей едзе ў гэтых аўтобусах?

– Што можна сказаць пра колькасць дзяцей у аўтобусе пад нумарамі 15 і 17, 13 і 14, 14 і 15.

Вынік. Што цяпер рабілі? (Рашалі задачы, параўноўвалі лікі).

Ацаніце сваю работу на лінеечках поспеху.

Дзеці атрымоўваюць кусочак карты і падказку.

 

ІІІ Этап засваення новага матэрыял

– У які аўтобус мы дзяцей не рассадзілі? (18). Чаму? (Не вывучалі гэты лік).

– Якая тэма нашага ўрока? (Лік 18). 

– Чаму будзем вучыцца на ўроку? (Будзем вучыцца выконваць складанне і адніманне на аснове дзесятковага саставу ліку 18 і парадку следавання лікаў у натуральным радзе; замацоўваць уменне рашаць простыя задачы вывучаных відаў).

Гульня “Аўкцыён” (“Прадаецца лік 18”)

Дзеці называюць усё, што ведаюць пра лік 18. (Цотны, двухзначны, у ім дзясятак і 8 адзінак, стаіць перад лікам 19, ідзе за лікам 17, 18 гэта 17 і 1 і г.д.)

 

Падказка 5. Разгадайце рэбус.

Адказ: кніга.

 

Работа па падручніку

Нумар 2. 

Рашыць прыклады і паказаць адказы на картках.

– Чым падобныя прыклады ў кожным слупку? (У кожным слупку адказ першага прыклада зяўляецца першым лікам у другім прыкладзе).

– Чым адрозніваюцца прыклады ў кожным слупку? другім слупку прапануюцца прыклады на адніманне, а ў першым і другім – на складанне). Можна знайсці і іншыя рысы падабенства і адрознення.

Нумар 3. Рашыць задачу. З якіх частак складаецца задача?

Вынік. Што цяпер рабілі? (Успомнілі структуру задачы, рашалі задачы, параўноўвалі лікі).

– Ацаніце сваю работу на лінеечках поспеху.

Дзеці атрымоўваюць кусочак карты і падказку.

 

Падказка 6. На тэрыторыі нашага аграгарадка ёсць месца, куды мы заўсёды прыходзім 9 Мая, каб успомніць тых, дзякуючы каму мы жывём пад мірным небам, ходзім у школу, гуляем, спакойна спім. (Помнік, загінуўшым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны).

– А можа хто ведае, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна?

– 1941, 1945, 22, 9, 1418 – што азначаюць гэтыя лікі?

– Знайдзіце фотаздымак помніка і заданне.

 

IV Этап замацавання новага матэрыялу

Заданні для выканання ў сшытку

Вучні складаюць 4 прыклады з адказам 10. (Можна скласці два прыклады на складанне і два на адніманне. Абмяркоўваюцца розныя варыянты).

Нумар 1. Пісьмо ліку 18. Самаацэнка.

Нумар 2. Знайсці значэнне выразаў. Самаацэнка.

 

Фізхвілінка

 

Нумар 3. У задачы ёсць лішняе дадзенае – 5 кустоў маліны. Прапануецца скласці новую задачу без лішніх дадзеных. Лішняе дадзенае навучэнцы закрэсліваюць. Далей запісваюцца рашэнне і адказ задачы.

Нумар 4. Што трэба зрабіць у заданні. (Неабходна дамаляваць стрэлкі на апошнім цыферблаце гадзінніка ў адпаведнасці з выяўленай заканамернасцю – на 2 гадзіны больш на кожным наступным цыферблаце).

Вучні атрымоўваюць кавалачак карты, складаюць яе, на ёй адзначана месца знаходжання скарбу. Дзеці знаходзяць скарб, у якім часткі сказа: Макараўцы – , частка, Беларусі, маёй; складаюць сказ Макараўцы – частка маёй Беларусі.

 

V Этап выніку ўрока

– Што вы можаце расказаць першакласнікам з Мінска пра сваю малую радзіму.

– З якім лікам мы пазнаёміліся на сённяшнім уроку?

– Што даведаліся пра лік 18?

 

VІ Рэфлексія “Дрэва”

– Калі вам было ўсё зразумела на ўроку – прымацоўваем да дрэва белую сняжынку.

– Калі вам было цікава на ўроку – прымацоўваем блакітную сняжынку.

– Калі вам было нецікава на ўроку – прымацоўваем сінюю сняжынку.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий