Край мой родны і сэрцу дарагі. Занятак па адукацыйнай галіне “Музычнае мастацтва” для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў)

- 13:50ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Занятак накіраваны на фарміраванне ўяўленняў дзяцей пра асаблівасці нацыянальнай культуры, традыцый беларусаў.

 

Таццяна АСТРОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік,
ДУА “Дзіцячы сад № 34 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы:

– развіваць эмацыянальную чуласць да музыкі;
– фарміраваць уяўленні дзяцей пра асаблівасці нацыянальнай культуры, традыцый беларусаў;
– фарміраваць цікавасць да мінулага і сучаснага сваёй Радзімы;
– выхоўваць павагу да культурных традыцый беларускага народа, эмацыянальную чуласць да музыкі рознага характару;
– фарміраваць уяўленні аб музычных інструментах, аб сімвалах Беларусі (сцяг, герб, гімн),
– фарміраваць уменні музіцыраваць у ансамблі, рухацца лёгка, пластычна, выразна па адным і ў парах, у розных напрамках і тэмпах;
– замацоўваць навык спеваў у адпаведнасці з характарам музыкі, адлюстроўваючы дынамічныя адценні;
– выхоўваць любоў да Радзімы, пачуццё гонару за сваю краіну.

Матэрыял і абсталяванне: куфэрак, лялька Янка; дзіцячыя музычныя інструменты (дудка, бубен); аўдыязапісы “Гарэзлівая полька” (муз. Н.Верысокінай), “Вясна” (сл. і муз. І.Саўчук), “Полька-Янка”, бел.нар. полька “Трасуха”.

Папярэдняя работа: развучванне вершаў, гульні, песні, танца.

Ход занятку

Дзеці заходзяць у музычную залу пад песню “Мая Беларусь” (сл. Ю.Быкавай, муз. Я.Алейніка)

Музычны кіраўнік (спявае).

Добры дзень, хлопчыкі!
Добры дзень. (Спяваюць па нотах «соль-мі-до»)
Добры дзень, дзяўчаты
Добры дзень. (Спяваюць па нотах «соль-мі-до»)
Бачыць вас я вельмі рада,
Добры дзень.

Музычны кіраўнік. Дзеці, у якой мы краіне жывём?

Дзеці. У Беларусі.

Музычны кіраўнік. Хто мы з вамі?  

Дзеці. Беларусы.

Музычны кіраўнік. На якой мове мы з вамі размаўляем?

Дзеці. На беларускай.

Музычны кіраўнік. А ведаеце вы, што ў кожнай краіны ёсць свае дзяржаўныя сімвалы.

Дзеці. Ведаем. У беларусаў таксама яны ёсць: Дзяржаўны герб, Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. (Паказаць малюнкі з дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь.)

Музычны кіраўнік. Што такое гімн?

Дзеці. Гімн – гэта самая галоўная ўрачыстая песня нашай краіны. Калі гучыць Гімн Беларусі, усе ўстаюць, падпяваюць або спакойна слухаюць стоячы. Так людзі выказваюць павагу да галоўнай песні нашай краіны і любоў да яе. Раніца нашай Радзімы пачынаецца з Дзяржаўнага гімна. Гучыць ён у святы, на ўрачыстых мерапрыемствах.

Музычны кіраўнік. Хто з’яўляецца кіраўніком нашай дзяржавы ?

Дзеці. Кіраўніком нашай дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Музычны кіраўнік. Якая птушка з’яўляецца сімвалам нашай краіны?

Дзеці. Прыгожая белая птушка – бусел.

Музычны кіраўнік. Заспяваем пра нашага бусла.

Папеўка “Бусел” (сл. народныя, апрацоўка А.Рашчынскага.)

Музычны кіраўнік. Звярніце ўвагу вось на гэты куфэрак. Раней людзі захоўвалі там адзенне і розныя рэчы. Адчынім куфэрак і пабачым, што там ? (Дастае ляльку – хлопчыка). Вось гэта – хлопчык Янка.

Адкажыце, а вы любіце слухаць цікавыя гісторыі? Адну з іх я хачу вам сёння расказаць. Было гэта вельмі даўно. Нарадзіўся ў адных сялян хлопчык Янка. Бацька радаваўся: “Добра, што гэта сын! Вось вырасце, будзе мне памочнікам». Ён ужо марыў, як навучыць свайго Янку працаваць на зямлі, каб той змог стаць сапраўдным гаспадаром. А ў хаце, за шырокай печчу, ён павесіў калыску. Маці і бацька люлялі сына і ціха напявалі.

Слуханне “Калыханкі” ў выкананні гурта “Песняры” (муз. Л.Пранчака, сл. З.Яўтуховіча)

Музычны кіраўнік. Адкажыце мне, дзеці, якую песню спявала маці Янку?

Дзеці. Калыханку.

Музычны кіраўнік. Якая яна? (Адказы дзяцей: пяшчотная, ласкавая, павольная, прыгожая, лірычная, напеўная і г.д.)

Янкавы бацькі працавалі на зямлі. А Янка вельмі любіў слухаць казкі, песні, вершы, танцаваць. (Дастаць з куфра дудачку) А як навучыўся граць на дудачцы, то сам стаў прыдумваць розныя мелодыі і забаўляць пасля працы дарослых і дзяцей.

Папеўка “Іграў я на дудцы” (бел. нар. мел.)

Іграў я на дудцы,
Седзячы на будцы.

Ту-лю, ту-лю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю!
Грае мая дудка,
Пяе весялушка.
Ту-лю, ту-лю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю

Дзеці выконваюць папеўку лёгка і весела і імітуюць ігру на дудачцы і паўтараюць гукі: ту-лю-лю, спачатку на “т”, а затым на “p”.

Музычны кіраўнік.

Я знайшла сабе дуду,
Я на вуліцу пайду.
Гучней, дудачка, гудзі!

Дзеці.Як гуляем – паглядзі.
Музычны кіраўнік. А цяпер прапаную вам пагуляць.

Гульня з дудачкай “Мая дудка” (сл. і муз. народныя)

Музычны кіраўнік. А яшчэ наш Янка хораша спяваў песні. І мы з ім разам заспяваем.    

Песня “Вясна” (муз. і сл. І.Саўчука)

Музычны кіраўнік.

Наш куфэрак, адчыніся,
Што ў куфэрку ляжыць – пакажыся!

А, ну-ка, дзеткі, адгадайце.
Хоць вялікі
Ды пусты,
Мае голас ён
Густы.
Да таго ж –
Артыст вядомы,
Выбівае дроб
Без стомы.

Музычны кіраўнік. Што гэта? (Бубен) (Дастае з куфэрка музычны інструмент бубен. Дзеці перадаюць бубен адзін аднаму і называюць інструменты беларускага аркестра).

Музычны кіраўнік. А яшчэ Янка любіў з задавальненнем слухаць ігру на скрыпцы, цымбалах, бо гэта нашы беларускія інструменты. А вось і музычныя інструменты.

Як пачнеш на іх іграць,
Ногі просяцца скакаць.

Дзеці на музычных інструментах іграюць «Гарэзлівую польку», муз.Н.Верасокінай.

Музычны кіраўнік. Дзеці, мы ўжо з вамі пазнаёміліся з элементамі беларускага народнага танца. Як ён называецца? (“Полька”) Зараз успомнім яго рухі.

Дзеці стоячы ў парах па крузе пад беларускую народную мелодыю “Полька-Янка” выконваюць падскок, тапатушкі, спружынкі.

Ну, што, сябры!
Нам на месцы не сядзіцца,
Любім мы павесяліцца.
Нашы ножкі не стаяць,
Яны хочуць танцаваць!

Дзеці выконваюць беларускі народны танец Полька “Трасуха” (муз. А.Пыталева, сл. М.Чарняўскага.)   

Музычны кіраўнік. Наш Янка ўжо трохі стаміўся, няхай крыху адпачне, а нам пара развітацца. Паважаныя дзеці, я спадзяюся, што вам спадабаўся наш Янка. Адкажыце, калі ласка, што навучыўся рабіць Янка на музычным занятку разам з вамі? (Адказы дзяцей)

Вось і скончыўся наш занятак. Дзякую вам, паважаныя! Шануйце свой родны кут, нашу краіну, нашых продкаў і звычаі, бо нездарма гавораць: «Хто продкаў забывае – сябе губляе”. Да новых сустрэч!

Пад беларускую народную музыку дзеці выходзяць з музычнай залы.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий