22 снежня 2020 года ў сярэдняй школе № 1 Смаргоні прайшла чарговая сустрэча ў Школе АктыўнагаГрамадзяніна на тэму “Я родным краем ганаруся і ведаю – я не адзін”.
На мерапрыемства да вучняў 9-х класаў была запрошана Ала Клемянок (Страшынская), беларуская паэтка, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, журналіст.
У пачатку мерапрыемства ўдзельнікі гаварылі пра дасягненні суверэннай Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця. Вядучыя сустрэчы адзначылі, што ў Беларусі з вялікай увагай ставяцца да захавання гістарычнай спадчыны. Так, у Гродзенскай вобласці маштабныя рэстаўрацыйныя работы дазволілі захаваць адзін з найстарэйшых дзеючых храмаў краіны – Свята-Барыса-Глебскую Каложскую царкву XII стагоддзя ў Гродна. Працягваецца праца па аднаўленні і захаванні замкаў у Крэве, Наваградку, Гальшанах, палацава-паркавага комплексу ў Свяцку.
Далей вядучыя адзначылі, што моладзь бярэ актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных родным гарадам i вёскам. Хлопцы і дзяўчаты нашай школы ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Нататкі юнага вандроўніка”, які праходзіў у рамках акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Навучэнка 5-га класа Сафія Гайдук і адзінаццацікласніца Елізавета Гайдук атрымалі перамогу ў абласным этапе конкурсу ў намінацыі “Гісторыя адной вандроўкі”.
Дыпломам II ступені ўзнагароджаны вучань 11-га класа Уладзіслаў Антонаў за працу “А.А.Дзяруга – твой гонар, Смаргоншчына” у намінацыі “Гісторыя адукацыі Гродзеншчыны” у VII адкрытай абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”.
Ала Клемянок працягнула гэтую тэму: “Цешыць маю душу тое, што сёння вяртаюцца з небыцця многія занядбаныя на стагоддзі мясціны Беларусі з багатай гісторыка-культурнай, архітэктурнай і духоўнай спадчынай. Многія ўцалелыя храмы могуць прэтэндаваць на статус помніка сусветнай культуры. А палацы – узоры гарманічнага спалучэння сусветных архітэктурных стыляў з мясцовымі асаблівасцямі”.
Госця адзначыла таксама, што радзіма – гэта, перш за ўсё, людзі. Смаргоншчына багатая на таленты, тут адчуваецца асаблівая, творчая, атмасфера, і, мабыць, не выпадкова яна, ураджэнка Маладзечна, лічыць і Смаргонь сваёй малой радзімай.
Падводзячы вынікі сустрэчы, вучні падкрэслілі актуальнасць тэмы гутаркі, а Ала Клемянок прачытала свай верш “Смаргоншчына”.
Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні