Зборнік Віктара Шымука ў падарунак школьнікам

- 16:53ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Наша Дзятлаўская зямля багатая на таленты. Адзін з іх – беларускі пісьменнік і паэт Віктар (Вікенцій Мікалаевіч) Шымук. У гэтым годзе быў выдадзены яго новы зборнік “Чалавечая душа – праменьчык сонца”. Наша бібліятэка, як і іншыя школьныя бібліятэкі раёна, атрымала гэтую кнігу ў падарунак ад сям’і аўтара.

Віктар Шымук вядомы чытачу як шчыры лірык, які любіў свой край, сваю малую радзіму і славіў яе на цэлы свет у сваіх вершах. У кнізе змешчаны вершы, паэмы, апавяданні, навелы, гумарэскі, выдадзеныя ў розныя гады, а таксама творы, якія не ўвайшлі ў асобныя зборнікі.

Ужо ў пачатку верасня ў рамках тыдня беларускага пісьменства і друку вучні 5-га класа пазнаёміліся з творчасцю земляка. З натхненнем чыталі яны вершы пра знаёмыя мясціны: “Шчара”, “Дзятлаўка”, “Маё Паднёманне”, “Родны кут”. Тэма Вялікай Айчыннай вайны гучыцьу вершах “Неспакойна на сэрцы”, “Франтавыя сяброўкі”, “Вечны агонь”.

Цяпер кніга пераходзіць з класа ў клас. Вершы В.Шымука, такія шчырыя, мілагучныя і дасціпныя, з задавальненнем чытаюць пачаткоўцы і старэйшыя вучні. На літаратурных сустрэчах яны даведваюцца пра тое, што нарадзіўся паэт ў вёсцы Змяёўцы Дзятлаўскага раёна, вучыўся ў горадзе Дзятлава, а пасля заканчэння васьмі класаў, у пятнаццацігадовым узросце, пачаў працаваць у рэдакцыі раённай газеты “За новую вёску”. Таленавітага паэта запрасілі ў Мінск, дзе ён зноў паспяхова вучыўся, працаваў, стаў прафесіяналам, вядомым у рэспубліцы паэтам. У 1998 годзе ён памёр і пахаваны ў Дзятлаве.

Кожнаму чалавеку ў “спелы жнівень” яго жыцця мроіцца ў думках самае дарагое, што ён пакідае на гэтай зямлі ў спадчыну сваім дзецям і ўнукам. Віктар Шымук пакінуў усім нам багатую спадчыну: амаль паўтара дзясятка кніжак паэзіі, зборнікаў апавяданняў і нарысаў. І большасць з іх – пра родны кут, Беларусь, родную мову, пра сваіх працавітых землякоў. Усе яго творы прасякнуты вялікай любоўю. Вучні нашай школы ганарацца такім таленавітым земляком, на яго творчасці вучацца любіць родныя мясціны, сваю краіну, шчырых і працавітых людзей, якія жывуць побач.

Людміла ГІЛЬВІН,
бібліятэкар Казлоўшчынскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий