Дапамога ад валанцёраў у рамках акцыі “Зімовая пара добрых спраў” – неацэнная падтрымка людзям старэйшага пакалення.
Маразы і снег уплываюць на звыклы лад жыцця практычна ўсіх гараджан. Асабліва няпроста ў снежную зіму даводзіцца адзінокім пажылым людзям, якія пражываюць у прыватным сектары. Ім не па сілах спраўляцца са снежнымі гурбамі, а прыбіраць двор неабходна кожны раз пасля снегападу.
Навучэнцы сярэдняй школы № 1 Смаргоні, члены валанцёрскага і цімураўскага атрадаў, аказалі дапамогу ва ўборцы дваровых тэрыторый пенсіянерам. Узброіўшыся рыдлёўкамі, актывісты дружна прыбралі снег у дварах, расчысцілі сцежкі да хлявоў і гаспадарчых пабудоў, а таксама ад дамоў да дарогі.
Валанцёры не толькі дапамаглі ў расчыстцы снегу, але і падзяліліся добрым настроем са сталымі людзьмі. А тыя, у сваю чаргу, выказалі словы падзякі за ўвагу і клопат. Акцыя па расчыстцы двароў ад снегу, арганізаваная добраахвотнікамі, абавязкова працягнецца.
Вольга АЎГУСЦІНОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 1 Смаргоні