Вывучаць мінулае можна не толькі па падручніках

- 19:33ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Навучэнцы 4 “А” класа сярэдняй школы № 3 Смаргоні правялі ўрок-экскурсію “Быт беларускіх сялян” у гісторыка-краязнаўчым музеі. Урок адбыўся ў сапраўднай сялянскай хаце, дзе нас гасцінна сустрэла гаспадыня.

Шмат цікавых і пазнавальных гісторый распавяла навучэнцам экскурсавод-гаспадыня – навуковы супрацоўнік Аксана Гяйбовіч.

Навучэнцы на свае вочы ўбачылі, як раней выглядала хата прабабак і прадзедаў, даведаліся, што такое покут, дзе ён размяшчаўся, што ў ім знаходзілася.

Віднае месца ў хаце займала вялікая печ. Навучэнцы даведаліся, што ў сялянскай сям’і печ была адзінай выратавальніцай: яна варыла і смажыла, грэла і парыла. Пры дапамозе загадак, дзеці ўспомнілі, як называюцца рэчы, якімі карысталіся гаспадыні, калі завіхаліся каля печы.

Вучні зазірнулі ў “бабін куток”, дзе былі змешчаны рэчы хатняга побыту: качарга, якой падгортвалі жар, рагачы – для вымання чыгункоў, сіта, якім сеялі муку, бойку – масла біць, дзяжу – рашчыняць хлеб, начоўкі – мыць бялізну. Безумоўную цікавасць выклікала ў навучэнцаў самастойнае выманне чыгункоў з печы пры дапамозе рагачоў.

На палічцы вучні ўгледзелі гліняны посуд, якім карысталіся прабабкі: збаны, глякі, міскі, кубкі. Даведаліся, што ў іх лепш захоўваліся малако і смятана.

Сярод гаспадарчых прылад вельмі ўразіў куфар. У ім раней захоўваліся ручнікі, кашулі, фартухі. Яны былі палатняныя, кужэльныя, з вышыўкай. Навучэнцы разгледзелі тканыя посцілкі, ручнікі, а таксама прасніцу, якая дапамагала нашым прабабкам усё гэта вырабляць.

Пры дапамозе гульні “Маша” чацвёртакласнікі даведаліся, што раней елі нашы прабабкі і прадзеды. Яны былі вельмі ўражаны тым, што шмат прысмакаў, якія так любяць сучасныя дзеці, раней не было.

Потым вучні пры дапамозе пазлаў успомнілі асноўныя святы сялян. Вельмі падабалася хлопчыкам і дзяўчынкам работа ў групах па складванню прымавак і слоў беларускіх песень на скрыначках, якія трэба было пакруціць у руках, каб усё атрымалася.

Напрыканцы занятку дзеці ўспомнілі, з чаго складаецца беларускі арнамент і размалявалі яго, як у беларускім адзенні.

Урок-экскурсія навучэнцам вельмі спадабаўся, і, выходзячы з памяшкання музея, яны бурна яго абмяркоўвалі і вырашалі, калі пойдуць наступны раз.

Алена КАВАЛЁВА,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы 3 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий