Сярэдняя школа № 9 Ліды сустракала гасцей, удзельнікаў 56-га “Зорнага паходу” студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.
У дзявятай школе ўдзельнікаў “зорнага” атрада чакалі з нецярпеннем. Выдатная канцэртная вітальная праграма і змястоўная прафарыентацыйная сустрэча са старшакласнікамі прайшлі ў цёплых сяброўскіх абставінах. Далей былі майстар-класы студэнтаў БДПУ. Гэта арыгінальны метад навучання і канкрэтны занятак па ўдасканаленні пэўнага віду майстэрства. А ў нашай школе гэта феерверк маладзёжных ідэй, пазітыву і магутнай энергетыкі, якая напаўняе сэрцы нашых навучэнцаў марай і дазваляе стаць да яе бліжэй яшчэ на крок.
Кожны чалавек, які ідзе ў нагу з часам, імкнецца ўсебакова развівацца. Для павышэння сваёй кампетэнтнасці і вызначэння будучай прафесіі майстар-класы БДПУ сёння, як ніколі, актуальныя. Гэтыя адукацыйныя мерапрыемствы па развіцці навыку сцэнічнай прамовы, вакале, мовах і танцы, круглы стол студэнтаў і навучэнцаў па хвалюючых пытаннях захапілі нашых школьнікаў, далі магчымасць акунуцца ў свет студэнцтва.
Сёння працэс самаразвіцця значна палягчаецца дзякуючы сучасным інфармацыйным тэхналогіям, аднак зносін ужывую нішто не заменіць. Яркія эмоцыі, жарты, паток пытанняў і адказаў, надзею на новыя сустрэчы і шмат пазітыву прынёс нам 56-ы “Зорны паход”.
Вольга БРЭЙВА,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 9 Ліды