Выхаванцаў групы падоўжанага дня, вучняў 2–4-х класаў Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна, запрасіў на сустрэчу дзіўны казачны герой – Міхайла Патапыч. Ён прапанаваў дзецям займальныя гульні і забавы.
Усё пачалося з гульні “Замарозкі”, затым працягвалася гульнямі “Вароты”, “Мядзведзь”, “Гаспадар”, забавамі “Мы мароза не баімся”, “Ах ты, зімушка-зіма!”.
Самым прывабным стаў момант, калі Міхайла Патапыч запрасіў дзяцей катацца з горкі – той, што знаходзіцца каля знакамітага Любчанскага замка. Тут ўжо дзетвара не толькі весялілася, а яшчэ і з гісторыяй роднага краю знаёмілася. Вядома, пра замак яны ўжо ведаюць, але нядрэнна было нагадаць яшчэ раз, тым больш, што пачаткоўцы вельмі зацікаўленыя, і ў іх заўсёды ёсць пытанні што, як і чаму.
Зімовыя забавы-прагулкі, на якіх можна не толькі дыхаць свежым марозным паветрам, назіраць за прыродай, умацоўваць сваё здароўе і гартавацца, працаваць, гуляць з сябрамi, увасабляць фантазіі, кожны раз становяцца для выхаванцаў сапраўднымі прыгодамі, прыносяць шмат незабыўных і яскравых уражанняў.
Марына ШНІГІР,
выхавальнік групы падоўжанага дня
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна