У Ліцэі Івацэвіцкага раёна з верасня 2020 года пачалася рэалізацыя інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі фарміравання іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі ў вучняў на аснове сацыяльна-каштоўнасных адносін да вывучэння замежнай мовы.
У рамках праекта на рэгулярнай аснове праводзяцца сумесныя анлайн-сустрэчы на англійскай і нямецкай мовах з навучэнцамі сярэдніх школ № 17 і № 36 Мінска, а таксама са студэнтамі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У ходзе дыстанцыйных зносін выключна на англійскай і нямецкай мовах удзельнікі расказваюць пра свае захапленні, планы на будучыню, традыцыі і славутасці роднага краю. Безумоўна, такі фармат сумеснай работы стварае ўмовы для развіцця камунікатыўных кампетэнцый, адкрывае новыя гарызонты для супрацоўніцтва.
Мадэратарамі сустрэч ад ліцэя выступаюць настаўнік англійскай мовы кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” А.М.Сарока і намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, настаўнік нямецкай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі В.А.Леўданскі.
Кіраўніцтва ліцэя выказвае ўдзячнасць і вялікую падзяку за атрыманы вопыт і прадстаўленую магчымасць адчуць смак замежнай мовы загадчыку кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдату філалагічных навук С.В.Адамовіч, старшым выкладчыкам кафедры В.Ф.Чурковай і А.Г.Антончык, бакалаўру педагагічных навук, старшаму выкладчыку кафедры тэорыі і практыкі германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Я.М.Васілевіч.
ГАЛІНА СТАСКЕВІЧ,
дырэктар Ліцэя Івацэвіцкага раёна