Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў сярэдняй школе № 1 г. п. Рось Ваўкавыскага раёна праводзіўся тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
Адкрыцце тыдня пачалося ўрачыста. Усіх вучняў, бацькоў, настаўнікаў і гасцей гасцінна сустракалі прыгажуні-беларусачкі ў народных строях і запрашалі паўдзельнічаць у акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. Усе ўдзельнікі акцыі віталіся на роднай мове, гаварылі цёплыя словы па-беларуску, і дзяўчынкі частавалі ўсіх цукеркамі. А ў фае школы трансліраваліся відэапрэзентацыі беларускіх славутасцей і гучалі беларускія песні.
На працягу тыдня прайшло вельмі шмат цікавых і рознапланавых мерапрыемстваў, якія ўсе былі скіраваныя на тое, каб паказаць значнасць роднай мовы ў нашым жыцці, шырокія магчымасці беларускага слова і яго прыгажосць.
Усе службы школы прымалі самы актыўны ўдзел у тыдні. У школьнай бібліятэцы была арганізавана тэматычная выстава “Пісьменнікі-юбіляры” і буккросінг “Чытаем на роднай мове”. Трэба адзначыць, што беларускія кнігі мелі шырокі попыт у вучняў і настаўнікаў.
Школьны краязнаўчы музей прапанаваў цыкл тэматычных экскурсій для вучняў розных узростаў, якія праходзілі ў розных формах – пасядзелкі, інтэрактыўныя экскурсіі, відэаэкскурсіі. Асаблівым попытам карысталіся пасядзелкі “Дзедава печ”, і інтэрактыўная экскурсія “Ручнік – палатняны фальклор”.
Вучняў старшых класаў захапіў чэлендж “Мова краіны маёй”. Красамоўныя радкі з твораў беларускіх класікаў перадавалі ў кароткіх відэа, як эстафету, адно аднаму ў сацыяльных сетках.
Вучням пачатковай школы на прыпынках не было часу для суму. Старэйшыя навучэнцы гулялі з імі ў беларускія народныя гульні “Прэла- гарэла”, “Мароз”, “Шэры кот” і іншыя. У групе падоўжанага дня іх чакала цікавае знаемства з беларускай анімацыяй.
Творчая лабараторыя “Папацей, грамацей!” працавала на працягу ўсяго тыдня. Многія заданні, прапанаваныя вучням, былі даволі складаныя. Але дапытлівасць і настойлівасць памаглі пераадолець цяжкасці з поспехам.
Конкурс рэкламы “Ветлівыя словы” паказаў, што нашы дзеці шмат ведаюць ветлівых слоў і зваротаў. Галоўнае, каб мы іх як мага часцей ужывалі ў сваім жыцці, тады і ў адказ будзем чуць не грубасць, а ласкавае слова.
Шмат увагі надавалася і пісьменнікам-юбілярам гэтага года. Навучэнцы ўдзельнічалі ў конкурсах буктрэйлераў. Вучні 10-га класа прэзентавалі буктрэйлер па аповесці І.Шамякіна “Гандлярка і паэт”, а 6-ы клас – па творчасці К.Крапівы.
Шмат яшчэ цікавых мерапрыемстваў прайшло ў межах тыдня: конкурс чытальнікаў баек К.Крапівы, віктарыны для настаўнікаў і вучняў, гадзіны інтэрактыву, сэлфі, конкурс лепшых сшыткаў па беларускай мове…
Тыдзень быў вельмі насычаны мерапрыемствамі, але галоўнае, што роднае слова гучала ў вуснах кожнага, ніхто не застаўся абыякавым.
Алена ПОЛЬЦЫНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 г. п. Рось
Ваўкавыскага раёна