Святкаванне Дня роднай мовы ў дзіцячым садзе

- 22:01ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Традыцыйна ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў яслях-садзе № 10 Смаргоні праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. Яны былі накіраваны на выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту паважлівых адносін да беларускай мовы і культуры, фарміраванне любові да сваёй Радзімы, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму.

Выхаванцы малодшых груп з задавальненнем слухалі пястушкі, забаўлянкі, калыханкі, песенькі, для якіх характэрны рытмічнасць і напеўнасць. Гэта спрыяе іх лёгкаму ўспрыманню і хуткаму запамінанню. Вельмі любяць нашы выхаванцы адгадваць загадкі, таму ім спадабалася прымаць удзел у “Вечары беларускіх загадак”.

Ну а хто ж не любіць слухаць беларускія казкі? Іх выкарыстанне спрыяе пашырэнню кругагляду дзіцяці, фарміраванню ўяўленняў пра побыт і жыццёвы ўклад беларускага народа, народныя традыцыі. Правядзенне віктарыны “Знаўцы беларускіх казак” з выхаванцамі сярэдняй і старшай груп дазволіла малым паказаць свае веды. Яны ўгадвалі казкі па малюнках ці ўрыўках і нават пераказвалі. У дашкольных групах у залежнасці ад узросту прайшлі гутаркі “Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю”, “Размаўляем па-беларуску”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і іншыя.

Як вядома, самы любімы від дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту – гэта гульня. Развіваць маўленчыя здольнасці выхаванцаў дапамагае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе беларускіх народных рухальных і карагодных гульняў. Іх вобразы і сюжэты простыя і блізкія дзецям. Нашы выхаванцы з задавальненнем гулялі ў беларускія гульні “Гарлачык”, “Шэры кот” і іншыя. Не менш цікавымі для нашых дзяцей былі гульнявыя заданні, дыдактычныя гульні “Складзі арнамент”, “Адгадай па апісанні”, “Апішы прадмет”, “Што для чаго”, “Скажы па-беларуску” і іншыя. А ладзячы рэжысёрскія гульні з макетам сялянскай хаткі, нашы дзеткі змаглі праявіць сваю творчасць, уяўленне, моўныя здольнасці, веданне прадметаў побыту.

Далучэнню дзяцей да багацця беларускай мовы, фарміраванню каштоўных адносін да яе, развіццю моўных здольнасцей, выхаванню паважлівых адносін да роднай мовы садзейнічаў удзел выхаванцаў старшай групы ў забаве “Свята роднай мовы”. Дзеці чыталі вершы пра родную мову, паказалі Дзеду-Барадзеду, як яны добра ведаюць беларускія народныя казкі, пабывалі ў гасцях у Цёткі Васіліны ў яе цудоўнай сялянскай хаце. Хлопчыкі і дзяўчынкі дапамаглі ёй пазабавіць яе сына Янку. Пачыталі яму вершы-забаўлянкі, праспявалі калыханку. А напрыканцы адгадалі загадкі пра прадметы побыту, якія знаходзіліся ў хаце.

Мы спадзяемся, што мерапрыемствы, якія былі праведзены ў нашай установе, садзейнічалі фарміраванню ў дзяцей каштоўнага стаўлення да беларускай мовы, станоўчай матывацыі да авалодання ёю.

Наталля МУРАШКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 10 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий