Штогод установы адукацыі Ганцавіччыны актыўна далучаюцца да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Конкурсы чытальнікаў, інфармацыйныя акцыі, вусныя часопісы і інтэлектуальныя турніры дапамагаюць развіваць у маладога пакалення моўную культуру, пашыраюць сферу ўжывання беларускай мовы.
Сёлета цэнтральным мерапрыемствам свята стала літаратурна-музычная гасцёўня “Шануйце роднае слова!”, падрыхтаваная творчымі калектывамі Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. Пранікнёныя радкі вершаў вядомых беларускіх паэтаў і юных творцаў краналі душу ўдзельнікаў гасцёўні і абуджалі пачуццё гонару за мілагучнае роднае слова. Звонкім ручаём ліліся песні ў выкананні прыгажунь з ансамбля “Журавінка”.
Мерапрыемства пакінула шмат станоўчых уражанняў, якія, упэўнены, паспрыяюць таму, каб беларуская мова часцей гучала ў штодзённым жыцці.
Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі
Ганцавіцкага райвыка