Што сказана не ясна, тое сказана не па-французску…

- 11:55МИНСК, Регионы

 

Сярэдняя школа № 157 Мінска імя А.С.Бурдзейнага імкнецца прывіваць інтарэс навучэнцаў да французскай мовы, якая з’яўляецца сёння адной з асноўных моваў міжнародных камунікацый, і культуры Францыі ў цэлым. Для гэтага выкарыстоўваюцца разнастайныя формы работы з вучнямі.

Наша Беларусь праяўляе цікавасць да вывучэння і выкарыстання на практыцы французскай мовы, на якой размаўляюць больш чым у 50 краінах свету каля 250 мільёнаў чалавек. Афіцыйны сайт пасольства Францыі ў Мінску сцвярджае, што каля 61 тысячы беларускіх школьнікаў вывучаюць мову Вальтэра і Жуля Верна. У тым ліку вывучаюць фрацузскую і вучні сярэдняй школы № 157 Мінска імя А.С.Бурдзейнага.

У рамках школьнай праграмы дзеці знаёмяцца з творчасцю французскіх пісьменнікаў і паэтаў: Жуля Верна, Аляксандра Дзюма, Шарля Перо, Жана дэ Лафантэна і іншых. Вялікай папулярнасцю сярод падлеткаў карыстаецца сучасная французская музыка. Песні Zaz, Stromae павышаюць цікавасць да вывучэння мовы і ў той жа час зніжаюць псіхалагічныя нагрузкі. Не застаецца ў баку творчасць Джо Дасэна, Мірэй Мацье і іншых мэтраў французскай песні мінулых гадоў.

У нашай школе даўно стаў штогадовым тыдзень замежных моў. У гэты перыяд у школе праходзяць адкрытыя навучальныя заняткі і пазакласныя мерапрыемствы. Вопытныя педагогі дэманструюць метады і прыёмы сваёй працы і дзеляцца цікавымі ідэямі з маладымі калегамі. Паралельна навучэнцы самастойна рыхтуюць плакаты і стэнды. На іх малююць папулярных літаратурных персанажаў і асноўныя славутасці краіны, мову якой яны вывучаюць. Асаблівую цікавасць для дзяцей уяўляюць запрошаныя франкамоўныя госці. Спачатку замежнікі праводзяць завочнае падарожжа па пятай рэспубліцы, а затым нашы дзеці – рэальную экскурсію ў школьным музеі на французскай мове. Заканчваецца тыднёвы фестываль падвядзеннем вынікаў і святочным канцэртам.

Праца педагогаў і школьнікаў у вывучэнні мовы заўсёды ўзнагароджваецца дыпломамі рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў даследчых работ. Тэмы жывапісу і архітэктуры самыя запатрабаваныя сярод навучэнцаў. Нашы працы “Мова жывапісу і яго ўплыў на фарміраванне і развіццё французскай мовы” і “Замкавы турызм у Францыі і Беларусі” удастоены дыпломаў 3-й ступені на гарадскім этапе конкурсу даследчых работ.

Разам з навуковай дзейнасцю нашы дзеці захопленыя тэатральнай творчасцю: яны інсцэнуюць урыўкі з вядомых літаратурных твораў. На сцэне ўстановы можна ўбачыць пастаноўку “Казета” з рамана Віктара Гюго “Адрынутыя”, урыўкі сусветна вядомых казак Шарля Перо “Хлопчык з пальчык”, “Папялушка” і многае іншае. Лепшыя прадстаўленні дэманструюцца на Рэспубліканскім фестывалі аматарскіх франкафонных тэатральных калектываў. Яго рэгулярна праводзіць пасольства Францыі.

Таксама ў лістападзе 2019 года напярэдадні конкурсу “Дзіцячае Еўрабачанне” у Беларусі французскае пасольства арганізавала песенны фестываль на французскай мове “Франкабачанне”. На ім Юліяна Лешуковіч з песняй “Tombe la neige” вельмі дастойна прадставіла нашу школу.

Для паляпшэння ўспрымання і разумення французскай мовы на слых гарадская бібліятэка імя А.С.Пушкіна ў аддзеле французскай медыятэкі рэгулярна праводзіць пасяджэнні дыскусійнага клуба. Тут арганізоўваюцца гутаркі з носьбітамі французскай мовы на розныя тэмы. Нашы педагогі і навучэнцы з’яўляюцца частымі ўдзельнікамі гэтых сустрэч.

Лічым, што валоданне французскай – добры бонус для працягу адукацыі як у айчынных, так і ў любых універсітэтах свету, каб забяспечыць сабе ў далейшым месца на сусветным рынку працы. Таму можна сцвярджаць, што гэта мова не толькі культурнага мінулага, але і інавацыйнай будучыні.

Таццяна МАЖЫЛОЎСКАЯ,
настаўнік французскай мовы
сярэдняй школы № 157 Мінска імя А.С.Бурдзейнага

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий