У рамках святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Рэчыцкім яслях-садзе № 2 Столінскага раёна прайшоў тэматычны тыдзень “Вялікая Перамога”.
Педагогі правялі для дзяцей тэматычныя заняткі і гутаркі з паказам дэманстрацыйнага матэрыялу “Слаўны Дзень Перамогі!”, “Мой дзядуля – салдат”, “Пачатак вайны”, “Героі Вялікай Айчыннай вайны”, “Іх імёнамі названы вуліцы”, “Мой радавод”, “Краіна, у якой мы жывем”, “Мой прадзядуля”, “Прыйшла вясна – вясна Перамогі!” і “Дзеці – героі вайны”. Вялікую цікавасць у дашкольнікаў выклікаў прагляд відэаролікаў “Наша Перамога” і “Дзеці вайны”. Выхаванцы доўга абмяркоўвалі ўбачанае.
Старшыя дашкольнікі ўдзельнічалі ў музычна-спартыўным свяце “Салдаты нашы бравыя”, дзе спаборнічалі, спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Уражанні ад свята адлюстроўваліся ў мастацкіх работах.
Для дзяцей былі арганізаваны ваенна-патрыятычныя гульні “На мяжы” і “Ваенны шпіталь”. Малыя з задавальненнем прымяралі атрыбуты ваеннай формы, аказвалі першую медыцынскую дапамогу “параненым байцам”, аддавалі рапарт камандзіру.
Разам з бацькамі была арганізавана выстава-экспазіцыя “Цэнтр ваеннай тэхнікі”, прысвечаная розным відам баявой тэхнікі, якая дапамагла савецкаму народу перамагчы фашысцкую Германію.
У рамках дыстанцыйнага праекта “Вайна вачыма дзяцей” вельмі цікава прайшоў анлайн-конкурс чытальнікаў. Адчувалася, што кожны ўдзельнік грунтоўна падрыхтаваўся да яго. Кожнае выступленне атрымалася непаўторным і запамінальным. Пераможцам стаў Ягор Дабрынец, які эмацыянальна прачытаў верш “Загінуўшым быць нязменна на пасту”.
Вельмі важна захаваць гістарычную памяць пра гераічны подзвіг нашага народа ў далёкай вайне, навучыць дзяцей ганарыцца мужнымі абаронцамі Радзімы, самаадданасцю працаўнікоў тылу. Таму нашы педагогі вырашылі стварыць “Кнігу Памяці”, каб на доўгія гады захаваць імёны людзей, якія змагаліся за мірнае неба над галавой нашчадкаў.
Людміла КУСТ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Рэчыцкага ясляў-сада № 2 Столінскага раёна