У мінулым годзе Трабскі яслі-сад – сярэдняя школа Іўеўскага раёна набыў статус “Зялёная школа”.
Фарміраванне пазітыўнага стаўлення да родных мясцін, беражлівых адносін да прыроды пачынаецца менавіта ў яслях-садзе. Выхаванцы 1-й рознаўзроставай групы сумесна з выхавальнікам М.В.Шапуцька правялі інтэграваны занятак на тэму “Падарожжа па рацэ Клява”, падчас якога нібы паплылі на лодцы па рацэ Клява. У падарожжы дзеці даведаліся, чаму так называецца рака і аграгарадок Трабы. Сышлі на бераг, палюбаваліся прыродай, пазнаёміліся з жывёламі і птушкамі, якія тут жывуць.
А на другім беразе ракі дашкольнікі ўбачылі раскіданае смецце. І тут дзеці праявлілі сябе гаспадарамі сваёй зямлі: сабралі і, калі прыплылі назад, выкінулі ў кантэйнеры. У знак удзячнасці прырода падаравала ім кусцік лазы, на галінках якой распусціліся коцікі. Выхаванцы галінак не ламалі і букеты не састаўлялі, а прапанавалі сфатаграфаваць і занесці дадому каб паказаць бацькам.
Падарожжа ўсім спадабалася, асабліва Вадзяному, які суправаджаў лодку. Пасля ён у прыгожым канверце прыслаў выхаванцам значкі “Сябры прыроды”.
Выхаванцы запомнілі, што ад іх залежыць прыгажосць роднага краю, наяўнасць рыбы ў рацэ, жывёл і птушак на яе берагах. І галоўнае – не раскідваць смецце, не губіць жывую прыроду.
Г.А.ПАДГАЙСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Трабскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна