Валанцёрская дзейнасць = грамадзянская актыўнасць

- 21:01Воспитательная работа, Опыт

 

Галіна ДРАВІЦА,
кіраўнік валанцёрскага атрада«Добрае сэрца» Правамастоўской сярэдняй школы
Мастоўскага раёна

 

У Правамастоўскай сярэдяй школе валанцёрскі атрад быў створаны восенню 2009 года, калі рэспубліканскай акцыяй «Цуды на Каляды» грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» было закладзена зерне масавага валанцёрскага руху «Добрае сэрца».

Гэта быў добры спосаб пазнаёміць школьнікаў з добраахвотніцкай дзейнасцю. У лістападзе 2009 года старшакласнікі прынялі рашэнне аб’яднацца ў валанцёрскі атрад «Добрае сэрца». Першапачаткова ў яго ўвайшлі самыя актыўныя, ініцыятыўныя і творчыя рабяты першаснай арганізацыі ГА «БРСМ».

На працягу 10 гадоў у склад атрада ўваходзяць піянеры і члены першаснай арганізацыі ГА «БРСМ» – ад 8 да 20 хлопчыкаў і дзяўчынак 12–16 гадоў. Наша мэта заключаецца ў фарміраванні маральна-этычных традыцый міласэрнасці ў школе, садзейнічанне духоўнаму развіццю, сацыяльнай арыентацыі, самарэалізацыі асобы кожнага члена атрада.

 Валанцёрства дапамагае дзецям быць камунікатыўнымі, дазваляе старшакласнікам дзяліцца вопытам і ведамі ў сферы добраахвотніцкай дзейнасці са сваімі малодшымі таварышамі.

Накірункі дзейнасці нашых валанцёраў розныя: сацыяльная падтрымка розных катэгорый насельніцтва, сэрвісная дапамога, захаванне гістарычных мясцін і помнікаў, экалагічныя мерапрыемствы, прапаганда здаровага ладу жыцця.

Асноўнымі відамі дзейнасці валанцёраў атрада «Добрае сэрца» сталі працоўныя дэсанты і аперацыі па навядзенні парадку на тэрыторыі сваёй малой радзімы; акцыі, накіраваныя на аказанне дапамогі выхаванцам сацыяльна-педагагічнага прытулку і карэкцыйна-развіваючага цэнтра, аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, жыхарам Курылавічскага дома-інтэрната, ветэранам працы, малалетнім вязням фашысцкіх канцлагераў і адзінокім састарэлым людзям; інфармацыйныя мерапрыемствы па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Нашы вучні-валанцёры праводзяць акцыі «Добрае сэрца» (збор канцылярскіх тавараў для дзяцей), «Дапаможам ім жыць» (арганізацыя ў школе сярод педагогаў і вучняў збору адзення), «Збяры партфель», «Збярэм дзяцей у школу», «Цуды на Каляды», «Нашы дзеці». Намі пастаянна распрацоўваюцца гульнявыя праграмы для падшэфных рабят, у якіх тыя з задавальненнем удзельнічаюць.

Падчас акцый «Цуды на Каляды» і «Нашы дзеці» мы штогод збіраем да калядных і навагодніх святаў падарункі на суму ад 350 да 450 рублёў, якія складаюцца з прысмакаў, канцылярскіх тавараў, прадметаў першай неабходнасці і асабістай гігіены, і дорым іх дзецям-сіротам і інвалідам. Таксама аказваем адрасную матэрыяльную дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Падчас дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды» мы заўсёды цесна супрацоўнічаем з калектывам работнікаў крамы «Родны кут».

Нашы валанцёры, арганізуючы акцыі, прыцягваюць увагу аднавяскоўцаў да праблемы сацыяльнага сіроцтва, праблем адзінокіх людзей і інвалідаў.

Восенню 2011 года на тэрыторыі аграгарадка Масты Правыя з’явіўся Курылавічскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Наш праект «На шляху да міласэрнасці» дапамог хлопцам і дзяўчатам школы пасябраваць з жыхарамі дома-інтэрната. Мы рыхтуем для іх канцэрты да Дня сталых людзей, віншуем з Днём Перамогі, Міжнародным жаночым днём, іншымі святамі. Вырабляем сувеніры, праводзім акцыю «Добры настрой», «Дні добрых спраў», вячоркі, «Гадзіна успамінаў і песні», падчас якіх разам спяваем. Сталыя людзі распавядаюць нам цікавыя гісторыі са свайго жыцця. Часам бывае цяжка ўявіць сабе, колькі ўсялякіх непрадбачаных момантаў здараецца ў жыцці чалавека. Але трэба абавязкова справіцца, выстаяць, быць моцным і ісці далей. Гэтаму рабят вучаць падшэфныя пажылыя людзі.

У 2012 годзе нашы валанцёры пазнаёміліся з выхаванцамі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна, і цяперашнія валанцёры працягваюць сябраваць з імі. Маладыя людзі аддзялення таксама заўсёды рады прыходу рабят, распавядаюць пра сябе, дэманструюць свае творчыя работы, якія яны вырабляюць з работнікамі аддзялення. Мы стараемся зрабіць для іх нешта прыемнае, падрыхтаваць падарункі, пагутарыць, сумесна правесці свята.

Валанцёры атрада ініцыіруюць і арганізуюць такія працоўныя дэсанты і аперацыі, як «Чысты бераг», «Памяць», «Зробім наш двор прыгажэй», «Квітней, родная зямля», «Лістапад», накіраваныя на добраўпарадкаванне, азеляненне, прывядзенне ў парадак тэрыторыі школы, уборку бытавых адходаў уздоўж берага ракі Нёман і ў прылеглым лясным масіве. Намі ўтрымліваюцца ў чысціні і парадку месцы пахаванняў невядомых салдат Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войн, памятная магіла «Воінам Чырвонай Арміі, расстраляным нямецкімі фашыстамі ў чэрвені 1941» у вёсцы Масты Левыя, тэрыторыя каля абеліска загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцам у аграгарадку Масты Правыя.

Сярод навучэнцаў школы, бацькоў, насельніцтва аграгарадка валанцёры праводзяць інфармацыйныя акцыі і дайджэсты «Мяняем цыгарэту на цукерку», «Моладзь – за здаровы лад жыцця”, «Мы выбіраем ЗЛЖ», «Скажы «не» шкодным звычкам», «Галасуйце за здаровы лад жыцця!» і іншыя.

Наш атрад прымаў удзел у рэспубліканскім конкурсе «Моладзь – за чысціню гарадоў і вёсак» у 2012 і 2014 гадах, заняўшы першыя месцы ў раённым этапе як «Лепшы добраахвотніцкі атрад сярод вучнёўскай моладзі». Намі быў распрацаваны і рэалізаваны праект добраўпарадкавання школьнай тэрыторыі «Камяністы сад», які ў 2016 годзе прымаў удзел у раённым этапе абласнога конкурсу «Упрыгожым Беларусь кветкамі!» і заняў там першае месца, прыняў удзел у абласным этапе. Мы маем граматы і дыпломы за папулярызацыю і развіццё валанцёрскага руху «Добрае сэрца», удзел у раённай акцыі БРСМ «Добрае сэрца», актыўны ўдзел у працоўнай акцыі «Маладосць. Традыцыі. Будучыня».

Сёння валанцёрскі атрад – гэта 15 актыўных дзяўчынак і хлапчукоў дзявятага класа, якія трэці год прысвячаюць большую частку вольнага часу дабрачыннасці.

У лютым 2019 года мы сталі ўдзельнікамі міжнароднага праекта «Формула памяці», які падтрымлівае праграмы па рабоце са сталымі людзьмі. Перыяд рэалізацыі праекта: люты 2019 – студзень 2021. Праект накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця былых ахвяр нацыянал-сацыялізму і пажылых людзей ваеннага пакалення ў малых населеных пунктах Мастоўскага сельвыканкама шляхам аказання сацыяльна-бытавой дапамогі, пераадолення сацыяльнай ізаляцыі і фарміравання станоўчага іміджу прадстаўнікоў мэтавай групы (дзеці вайны – людзі, народжаныя да 9 мая 1945 года, малалетнія вязні). Нашымі партнёрамі з’яўляюцца Гродзенская абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа, дзяржаўная ўстанова «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна», упраўленне адукацыі Мастоўскага райвыканкама, Мастоўскі сельскі савет.

Якая праца вядзецца валанцёрамі атрада па праекце? Валанцёры штомесяц аказваюць пасільную дапамогу ў рабоце на прысядзібных участках, у гаспадарча-бытавых справах, па ўборцы памяшканняў, псіхалагічную падтрымку дзецям вайны. Яны вырабляюць і ўручаюць паштоўкі да святочных дат, віншуюць са святамі, наведваюць вязняў фашысцкіх канцлагераў і ўручаюць падарункі да Новага года і Калядаў, Міжнароднага дня вызвалення вязняў канцлагераў, кветкі да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. Валанцёры арганізуюць сустрэчы, гутараць і запісваюць цікавыя ўспаміны з жыцця, вядуць перапіску з вязнямі фашысцкіх канцлагераў аддаленых населеных пунктаў. Рыхтуюць канцэртныя праграмы і наведваюць жыхароў Курылавічскага дома-інтэрната з паштоўкамі і падарункамі да Міжнароднага дня вызвалення вязняў канцлагераў, Дня Перамогі.

Прадстаўнікі Гродзенскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа правялі з дзецьмі ўводны курс валанцёра, трэнінг па фарміраванню ведаў і навыкаў, неабходных у працы са сталымі людзьмі, арганізавалі сумесную экскурсію ў Жыровічы. Плануецца выпусціць памятныя альбомы з фотаздымкамі і ўспамінамі вязняў фашысцкіх канцлагераў. Працуючы па праекце, рабяты-валанцёры вучацца ўзаемадзейнічаць з людзьмі рознага ўзросту. Добрыя справы дапамагаюць ім быць талерантнымі, памяркоўнымі да пажылых. Яны вучацца разумець і прымаць іншую кропку гледжання, выслухоўваць меркаванні людзей з рознымі поглядамі на жыццё, якія адрозніваюцца ад іх уласных, параўноўваць духоўныя каштоўнасці розных пакаленняў.

Аб рабоце валанцёрскага атрада мы расказваем на старонках школьнай газеты «Школьная краіна», раённай газеты «Зара над Нёманам». Размяшчаем інфармацыю пра свае справы ў рэспубліканскай, абласной і раённай групах “ВКонтакте”, прэзентуем сваю працу сярод навучэнцаў школы і на ўзроўні раёна з мэтай прыцягнення ўвагі і цікавасці іншых рабят да добраахвотніцкай дзейнасці. У снежні 2019 года шэсць лепшых валанцёраў прынялі ўдзел у першым фестывалі валанцёраў Мастоўшчыны, атрымалі асабістыя ўзнагароды. Атраду была ўручана падзяка Чырвонага Крыжа, грамата Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

 

Вопыт дзесяцігадовай працы паказвае, што ўцягванне рабят у добраахвотніцкую дзейнасць дае магчымасць звярнуць іх увагу на праблемы, якія існуюць побач з намі – у школе, у двары, у вёсцы, у горадзе; на людзей, якім патрэбныя дапамога, увага і клопат. Чаму іх цікавіць валанцёрская дзейнасць, што кожнаму з іх дае дабратворчасць, чаму мы працуем у гэтым кірунку? Як вядома, маладое пакаленне заўсёды адрозніваецца актыўнасцю, несуцішнай энергіяй, разнастайнасцю інтарэсаў і розных ідэй. А валанцёрства дае магчымасць накіраваць гэтую энергію ў канструктыўнае і стваральнае рэчышча, удзельнічаць у грамадскім жыцці, праявіць грамадзянскую актыўнасць. Узаемадзейнічаючы ў атрадзе, рабяты вучацца прымаць на сябе адказнасць за іншых і за групу ў цэлым, свабодна мець зносіны з людзьмі розных узроўняў культуры і узростаў, узроўняў адукацыі і эканамічнага становішча, прымаць думкі людзей з рознымі сацыяльнымі поглядамі.

Займаючыся добраахвотніцтвам, валанцёры імкнуцца быць сацыяльна карыснымі, сваімі справамі спрыяць станоўчым зменам у грамадстве. Дадзеная дзейнасць дапамагае падлеткам самарэалізоўвацца, знаходзіць аднадумцаў, дае магчымасць палепшыць жыццё людзей, атрымаць падзяку, а некаторым разнастаіць вольны час, цікава яго правесці і, што немалаважна, развівае ініцыятыўнасць і крэатыў.

Ажыццяўляць добраахвотніцкую дзейнасць можа кожны. А частку з існуючых у грамадстве глабальных праблем можна паспрабаваць пачаць вырашаць з малога ўчынку: з пасаджанага дрэва, з дапамогі бліжняму. Учынак добраахвотніка цягне за сабой не толькі канкрэтнае дзеянне, але і станоўчы прыклад, які могуць паўтарыць навакольныя. Валанцёры сваімі дзеяннямі прыцягваюць увагу людзей да праблем іншых. І, магчыма, хтосьці яшчэ захоча далучыцца да нас або проста здзейсніць добры ўчынак. Думаю, што рабяты, якія пабывалі ў маім атрадзе, у дарослым жыцці будуць старацца вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць, а не сыходзіць ад іх, не забудуць пра сваіх састарэлых бацькоў, спаслаўшыся на празмерную занятасць. А валанцёрства ў сучасным моладзевым асяроддзі будзе развівацца і далей.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.