Падарожжа ў краіну Паэзія

- 19:20ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

21 сакавіка ўвесь свет адзначае Дзень паэзіі. Першы месяц вясны для гэтага рамантычнага свята абраны невыпадкова. Паэзія заўсёды ўслаўляла вясенні настрой і цяпло, нараджэнне новага жыцця, новых пачуццяў, надзей. Паэзія – гэта “вясёлкавы мост ад сэрца людскога да мары”, – так пісаў М.Танк. Не засталіся ў баку ад святкавання Дня паэзіі і навучэнцы Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.

З 15 па 21 сакавіка ў школе цікава прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя міжнароднаму Дню Паэзіі, удзельнікамі якіх былі вучні, якія захапляюцца паэтычнымі творамі. На працягу тыдня ў бібліятэцы прайшлі паэтычныя чытанні “Властительница дум и чувств царица”, “Волшебное слово – поэзия”. Тут вучні ўсіх класаў дэманстравалі свае паэтычныя і артыстычныя таленты.

Для вучняў пачатковых класаў настаўнікі правялі літаратурна- музычную імпрэзу “Душа душу пазнае здалёк”, дзе гучалі вершы, песні на словы беларускіх паэтаў: “Мой родны кут, як ты мне мілы”, “Люблю наш край, старонку гэту”, раманс “Зорка Венера”.

На сустрэчу з паэзіяй вучні запрасілі мясцовую паэтку, настаўніка беларускай мовы і літаратуры, якая раней працавала ў нашай школе, В.М.Козел. Нядаўна свет убачылі тры яе зборнікі вершаў: “Сказ пра Верцялішкі”, “На схіле дня”, “Звон верасовы”. Вершы атрымаліся пранікнёныя, простыя, як само жыццё. Яны кранаюць душу, бо ў кожным радку адчуваецца вялікая любоў да Радзімы, да роднай мовы, да сваіх родных, да аграгарадка Верцялішкі. Валянціна Міхайлаўна дзялілася сваёй творчасцю, чытала вершы пра прызначэнне чалавека, пра шчасце, хараство непаўторнай прыроды. Вучні задавалі ёй пытанні, спрабавалі складваць “Бурымэ”.

Валянціна Міхайлаўна піша вершы кожны дзень. Новыя таксама прыйшліся даспадобы вучням. У знак падзякі яны падарылі паэтцы свае маленькія “творы”.

Удзельнікамі конкурсу на лепшага чытача “Паэзія як цуд” былі ўсе жадаючыя: бацькі і дзеці. Бібліятэкар пазнаёміла з выставай, дзе былі сабраны зборнікі вершаў паэтаў С.Ясеніна, Ф.Цютчава, А.Фета, Э.Асадава, любімыя дзіцячыя вершы Б.Захадэра, А.Барто, А.Усачова, А. Благінінай, С.Маршака., З.Верас, У.Ягоўдзіка, К.Буйло, М.Багдановіча, Я Коласа, Я.Купалы, Л.Геніюш.

Маладыя бацькі для сваіх дзяцей выбралі вершы А. Барто “Весна идёт”, “Каникулы”, “Вовка – добрая душа”, але больш за ўсё спадабаліся вершы А.Благінінай са зборніка “Мая мама”, зборнік вершаў М.Багдановіча “Вянок”.

Паклоннікі паэзіі, якія прысутнічалі на нашых мерапрыемствах, адзначылі, што пісаць вершы не кожны можа, а вось разумець паэзію па сілах кожнаму, і святы далі магчымасць зразумець, што не любіць паэзію немагчыма.

18 сакавіка мне пашчасціла наведаць урок рускай літаратуры “Души прекрасные порывы”, які праходзіў як урок-разважанне. Сюды прыйшлі вучні 9–11 класаў, улюбёныя ў паэзію.

Урок пачаўся вершам:

В чём волшебство поэзии?
Возможно, в обнаженье чувств?
В способности затронуть сердца струны?
Ведь могут же слова, слетающие с уст,
Счастливым сделать день угрюмый.

Здзіўляюся, якую трэба мець сілу, які ўнутраны свет, каб вось так сугучна, радок у радок трапна выразіць словамі тое, што бачыш, чуеш, адчуваеш!

Вось яны, гэтыя струны, яны здольны закрануць усё!..

Паэзія – гэта захапленне словам. Яна заўсёды займала і займае ў жыцці людзей важнае месца. Я люблю пазію, шукаю ў ёй павучання, суцяшэння, прыгажосці свету, пачуццяў. У кожнага з нас ёсць хвіліны, калі хочацца схавацца ад праблем, няўдач і ўзяць у рукі томік вершаў свайго любімага паэта. Ясенін, Пушкін, Някрасаў, Багдановіч, Маляўка, Купала, Колас, Лермантаў, Блок, Ахматава да гэтага часу саграваюць нашы сэрцы і дораць захапленне. У кожнага з нас ёсць любімы паэт, да творчасці якога мы звяртаемся ў нейкія моманты свайго жыцця.

І вось тут, на гэтым уроку, я пачула прызнанні нашых вучняў у любові паэтам, якія сваёй творчасцю змаглі крануць іх душы, запаліць нязгасную свечку надзеі, прабудзіць веру ў дабро, справядлівасць і чалавечнасць. Яны чыталі вершы А.Пушкіна, А.Блока, С.Ясеніна, Г.Ахматавай. Ужо амаль дарослыя нашы вучні з вялікай любоўю выказваліся пра творчасць сваіх любімых паэтаў.

В.Запаснік, вучаніца 11-га класа, пра паэзію С.Ясеніна сказала так: “Я вельмі люблю паэзію Ясеніна. Прачытаўшы яго вершы, мы пачынаем адчуваць сябе сябрамі адзінокай бярозы, старога клёна, рабінавага куста. Гэтыя пачуцці дапамагаюць нам стаць лепшымі, захаваць чалавечнасць. Чытаючы яго вершы, мы адчуваем пах свежага ветру, водар сена, бачым рачныя плыні з белымі лілеямі. Ён кахаў так, як мог кахаць толькі паэт – горача, пранікнёна, аддана, балюча.”

Вучаніца 9-га класа В.Ляскевіч палюбіла Пушкіна за веселле і мудрасць, за сум і ўменне адчуваць сябе шчаслівым нават тады, калі вельмі нялёгка. За тое, што ён любіў людзей і ўмеў сябраваць з імі.

І яшчэ многа цёплых, душэўных, шчырых слоў было адрасавана любімым паэтам: У.Высоцкаму, Т.Снежынай, Э.Асадаву.

Напрыканцы ўрока-разважання гучалі ўсім вядомыя паэтычныя радкі Шумскага, якія сталі словамі любімага раманса. Гэта верш “Отцвели хризантемы”, гучаў раманс Вярцінскага “Зимний вечер играет терновником”.

У такі ўрачысты дзень, безумоўна, чыталі вершы нашага настаўніка гісторыі, паэта года – 2018, лаўрэата прэміі С.Ясеніна 2019 года за зборнік “Русь мая”, Генадзя Жытко. Генадзь Іванавіч – яшчэ малады паэт, але працаўнік душы, неспакойны, неабыякавы да ўсяго. Жыве, змагаючся з сабой, не даючы сумленню спаць.

Урок скончыўся, расходзіцца ніхто не спяшаўся… Дзеці закранулі толькі самую малую частку літаратурных твораў паэтаў. Многа яшчэ не дасказалі, не дачыталі.

Я ўпэўнена, што гэта сустрэча назаўсёды застанецца ў іх памяці як добры і шчаслівы дзень. І кожнаму, хто прысутнічаў на гэтым уроку, захочацца сустрэцца не раз, атрымаць асалоду ад яшчэ не прачытаных вершаў любімых  паэтаў.      

Ганна БУЧА,
настаўнік пачатковых класаў,
старшыня пярвічнай арганізацыі “Надзея”
Верцялішкаўскай сярэдняй школы
Гродзенскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий