Не сакрэт, што праца ў сістэме “чалавек – чалавек” патрабуе вялікай эмацыйнай аддачы. Але дзе знайсці невычэрпную крыніцу энергіі і як пазбегнуць поўнага знясілення душэўных сіл? На вясновых канікулах у сярэдняй школе № 7 Смаргоні падчас псіхалагічнага трэнінгу педагогі пазнаёміліся з метадамі і прыёмамі барацьбы з эмацыйным выгараннем.
Трэнінг пачаўся з размінкі, падчас якой педагогі змаглі больш даведацца адно пра аднаго. Затым яны праслухалі міні-лекцыю пра тое, што такое эмацыйнае выгаранне, якія яго характарыстыкі і сімптомы. Некаторыя педагогі з горыччу адзначылі, што ў іх гэтыя сімптомы ўжо ёсць.
На думку рускага класіка Л.Н.Талстога, якасць жыцця чалавека вызначаецца колькасцю радасці ў ёй. Радасць – гэта галоўнае паліва ўсвядомленага жыцця, гэта засяроджванне сэнсу і каштоўнасцей. З дапамогай псіхалагічных прыёмаў ўдзельнікі трэнінгу раскрылі сакрэты вяртання радаснага стану.
Для зняцця псіхалагічнага напружання, нейтралізацыі і падаўлення адмоўных эмоцый – гневу, раздражняльнасці, трывожнасці педагогам былі прапанаваны практычныя практыкаванні. Акрамя таго, на працягу ўсяго занятку выкарыстоўвалася ароматэрапія – метад самарэгуляцыі з ужываннем натуральных эфірных маслаў, якія ўводзяцца ў арганізм праз дыхальныя шляхі. Вучонымі даказана, што водары ўплываюць не толькі на фізічны, але і на псіхічны стан чалавека.
На этапе рэфлексіі педагогі адзначылі, што трэнінг прынёс ім велізарную карысць: яны не толькі змаглі зняць эмацыйнае напружанне і зарадзіцца станоўчай энергіяй, але і атрымалі неабходныя веды пра даступныя для выкарыстання псіхалагічныя метады і прыёмы, якія дапамогуць ім пазбегнуць выгарання на працы.
Вольга ТРЫШЫНА,
педагог-псіхолаг
сярэдняй школы № 7 Смаргоні