Памяць аб расстраляным дзяцінстве

- 22:54ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Выдавецтва MOZG PUBLISHER (ТАА “Лабараторыя інтэлекту”) і Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр моладзевых інавацый” выдалі серыю зборнікаў эсэ “Жывая памяць”, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аўтарамі эсэ з’яўляюцца навучэнцы ўстаноў адукацыі нашай краіны.

Пра дзяцінства сваёй прабабкі Галіны Уладзіміраўны Юргілевіч распавёў і вучань 9-га класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні Валковіч Максім. Яго эсэ “Расстралянае дзяцінства” можна прачытаць у першай частцы калекцыйнага выдання “Жывая памяць”.

Перад вамі урыўкі з аповеду Максіма, які вядзецца ад імя яго прабабкі.

“Вайна ўварвалася ў нашу вёску Жэлінгова летам 1941 года… Аднойчы днём пачуліся гучныя стрэлы, выбухі гранат. Недзе паблізу ішоў бой. Да вечара стала ціха, і вёска замерла.

Але вось сярод ночы мы пачулі асцярожны стук у акно. Бацька выйшаў на вуліцу і ўбачыў параненых байцоў нашай арміі. Нядоўга думаючы, ён дапамог салдатам зайсці ў дом. Усе прачнуліся і сталі дапамагаць параненым, перавязалі і накармілі іх. Заставацца ў хаце было небяспечна, і бацькі адвялі іх у хлеў. Даводзілася па некалькі разоў у дзень іх наведваць: прыносіць ежу, апрацоўваць раны.

Так прайшоў месяц. Байцы ішлі на папраўку. Але частыя наведванні хлява не засталіся незаўважанымі. Суседзі пачалі нешта падазраваць і данеслі новым гаспадарам вёскі. Трэба было штосьці рабіць. Тады мама адправілася ў лес як быццам па ягады, а на самай справе – шукаць партызан. Праз некаторы час яна іх знайшла. Ноччу яны з’явіліся да нас і забралі з сабой параненых байцоў.

З тых часоў бацькі часта дапамагалі партызанам. Яны збіралі для іх прадукты, адзенне, розныя важныя звесткі. Але аднойчы у нашым двары з’явіліся нямецкія салдаты. Бацькоў схапілі і павезлі… Я схавалася ў хлеў і сядзела, а ў глыбіні душы спадзявалася, што вось-вось адчыняцца дзверы і ўвойдзе мама. Аднак цуду не адбылося. Колькі дзён я там прасядзела, дакладна не ведаю. Памятаю толькі, што не вытрымала і ўвечары ціхенька прабралася да дома суседкі. Яна была добрай жанчынай і заўсёды мяне чым-небудзь частавала. Суседка адчыніла мне дзверы і вельмі ўзрадавалася, што я жывая. Мяне накармілі і загадалі не выходзіць на вуліцу. У іх я пражыла некалькі дзён.

Аднойчы да нас у акно нехта пастукаў. Я пачула голас маёй бабулі Каці. Заставацца ў суседкі было вельмі небяспечна, таму мы адправіліся ў лес у надзеі знайсці партызан і схавацца ў іх. Вельмі доўга мы блукалі па лесе, але так іх і не сустрэлі. Запасы ежы скончыліся, але вярнуцца ў вёску мы не маглі. Таму знайшлі нейкую зямлянку і ўладкаваліся там. Было вельмі холадна і страшна па начах, але побач быў родны чалавек, і ўсё забывалася. А каб не памерці з голаду, мы з бабуляй збіралі ягады і нейкае лісце. Так мы пратрымаліся яшчэ некаторы час.

Аднойчы бабуля пакінула мяне ў лесе адну, а сама вырашыла пайсці ў вёску. Вярнулася яна вельмі стомленая і ўсхваляваная. Аказваецца, наш дом немцы разабралі і перавезлі ў вёску Солы. З яго яны пабудавалі бункер каля чыгункі.

Заставацца ў Жэлінгова ўжо не было сэнсу. Бабуля вырашыла перабрацца са мной у суседні раён да сваякоў. Да канца вайны мы жылі там. Часта ў вёску прыходзілі немцы, яны адбіралі ў людзей усё, што ў іх было: ежу, адзенне, жывёлу… Жывучы ў сваякоў, я прачыналася з марай аб тым, што мы хутка вернемся ў маю родную вёску, а там на парозе мяне сустрэнуць бацькі. З гэтай думкай я жыла ўсе ваенныя гады. Але цуду не адбылося: вярнуўшыся ў вёску пасля вайны, мы жылі ў тым жа хляве, у якім я хавалася ад немцаў.

У мірны час з дапамогай суседзяў і добрых людзей бункер быў разабраны і перавезены назад у вёску Жэлінгова. Шмат прыйшлося патраціць на яго аднаўленне. Мне было ўжо дзесяць гадоў, і я працавала нароўні з усімі. Там мы і засталіся жыць разам з бабуляй.

Ад бабулі я даведалася, што ў той злапамятны дзень маіх бацькоў адправілі ў канцлагер, які знаходзіўся ў вёсцы Солы. Там над імі доўга здзекваліся, спрабуючы даведацца пра месцазнаходжанне партызан. Нічога не дамогшыся, немцы іх расстралялі…»

Па словах Максіма, штогод у Дзень Перамогі ён разам са сваёй прабабкай ездзіць у вёску Солы, каб наведаць месца пахавання зняволеных, якія загінулі ў канцлагеры. Яны спадзяюцца, хоць дакладных звестак пра гэта няма, што менавіта там пахаваны расстраляныя калісьці яе бацькі, Алена і Уладзімір Чахрач.

Зараз Галіне Уладзіміраўне Юргілевіч 85 гадоў. З яе аповеду Максім зразумеў: дзяцінства ў яе не было. Яна не гуляла з лялькамі, не слухала і не чытала казак, таму што ўвесь час змагалася за выжыванне.

Марыя ГОВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий