Школьнікі пасадзілі дрэвы

- 13:07ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Пасадзіць сваё дрэва можа кожны – так вырашылі валанцёры Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна і актыўна далучыліся да рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу – 2021”, каб унесці свой пасільны ўклад ва ўзбагачэнне лясных багаццяў Беларусі. У гэтым годзе акцыя прымеркавана да Года народнага адзінства.

Кожны год у рамках мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі школа супрацоўнічае з Курылавіцкім лясніцтвам Шчучынскага лясгаса. І сёлета валанцёры далучыліся да акцыі. У вызначаны час яны прыбылі ў лясніцтва і атрымалі пасадачны матэрыял, прылады працы і інструкцыі ад работнікаў лясгаса, што і як правільна рабіць. Дрэвы садзілі на пляцоўцы ляснога масіва вёскі Монькавічы. Працы спрыяла цудоўнае веснавое надвор’е. Трымаючы ў руках маленькія саджанцы, вучні разважалі, што пройдуць гады і на гэтым месцы з’явіцца новы, прыгожы лясны масіў з маладымі дрэвамі. Дарэчы, добраахвотнікі наведалі лес, які садзілі ў мінулыя гады, любаваліся, як растуць маладзенькія дрэўцы, пасаджаныя іх рукамі. Галоўнае, яны разумеюць, што робяць добрую справу на карысць краіне.

Акрамя пасадкі лесу, валанцёры прыбралі прыдарожныя тэрыторыі ляснога масіву вёскі Букштава, правялі расчыстку лесу ад пашкоджаных галін дрэў, смецця. У ходзе акцыі быў пасаджаны 1 га лесу, расчышчана 3 га тэрыторыі.

Прымаючы ўдзел у акцыі, рабяты бліжэй пазнаёміліся з работай лясной галіны, змаглі ацаніць працу работнікаў лясной гаспадаркі.

У гэтым годзе акцыя праходзіць чатырнаццаты раз. За апошні час валанцёры Азёркаўскай сярэдняй школы сталі яе пастаяннымі ўдзельнікамі. Розныя саджанцы дрэў высадзілі рабяты, але праз гады на гэтым месцы з’явіцца адзіны лясны масіў, які быў закладзены ў Год народнага адзінства.

 

Таццяна ХАЛЕЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Азёркаўскай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий