Квест-гульня, прызваная заўважыць славутасці, якія побач з намі, прайшла ў яслях-садзе № 40 Мазыра.
Выхаванне эмацыянальна-пазітыўнага стаўлення да Радзімы, да роднай хаты, горада, пасёлка пачынаецца з дашкольнага ўзросту. У яслях-садзе № 40 Мазыра на занятках па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” у нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцы знаёмяцца са славутасцямі роднага горада, асаблівасцямі культуры, традыцыямі. У дзяцей развіваецца пачуццё павагі да нацыянальных каштоўнасцей.
Добрыя веды славутасцей горада Мазыра выхаванцы сярэдняй групы № 1 прадэманстравалі ў квест-гульні “Любімыя славутасці ў горадзе Мазыры”. У пачатку гульні дзеці атрымалі відэа-зварот ад герояў мультфільма “Маша і Мядзведзь”. Маша просіць дзяцей дапамагчы её скласці маршрут падарожжа па горадзе Мазыры, таму што яна з Мішам хочуць прыехаць у госці.
У ходзе правядзення квест-гульні дзеці выконвалі заданні, падрыхтаваныя кіраўніком фізічнага выхавання Ірынай Маліноўскай. Кожнае заданне нагадвала дзецям пра славутыя мясціны горада, выхаванцы распавядалі пра іх, разглядалі фотаздымкі і атрымлівалі фрагменты карты.
Пасля выканання ўсіх заданняў выхаванцы сабралі альбом славутых мясцін горада і карту падарожжа для Машы і Мішкі. Героі мультфільма прыйшлі ў групу да дзяцей і атрымалі карту для падарожжа.
Праведзенае мерапрыемства спрыяла развіццю ў выхаванцаў спагадлівасці, гасціннасці, цікавасці да вывучэння гісторыі роднага горада, традыцый. Атрыманыя ва ўстанове дашкольнай адукацыі веды стануць падмуркам для развіцця маральных каштоўнасцей, добразычлівасці, павагі да роднай краіны.
Таццяна БУЛАВА,
выхавальнік-метадыст,
Ірына МАЛІНОЎСКАЯ,
кіраўнік фізічнага выхавання
ясляў-сада № 40 Мазыр