Вучні пачатковых класаў гімназіі Мсціслава ведаюць, што прыроду трэба берагчы і дапамагаць ёй. Дзякуючы іх намаганням на тэрыторыі гімназіі стала больш дрэў.
Мы ўсе – жыхары аднаго вялікага дома пад назвай планета Зямля. Паглядзіце навокал: які цудоўны свет. Гэта ўсё – прырода! Каб берагчы Зямлю, трэба берагчы прыроду. Каб берагчы прыроду, трэба яе палюбіць. Каб яе палюбіць, трэба пра яе даведвацца.
Сваіх вучняў з азбукай прыроды я пачала знаёміць, як толькі яны пераступілі парог гімназіі. Любоў да навакольнага свету я прывіваю на ўроках, класных гадзінах, занятках шостага школьнага дня. Пра многае рабяты даведваюцца і на занятках па інтарэсах “Энергарэсурсы і мы”. Якія б формы работы я ні ўжывала, усе яны аб’яднаны адной мэтай – навучыць маіх вучняў берагчы, падтрымліваць і паляпшаць экалагічны дабрабыт навакольнага асяроддзя.
Што можа зрабіць дзесяцігадовае дзіця? Аказваецца, многае: захоўваць парадак і чысціню, правільна сарціраваць смецце, пасадзіць дрэва. Так-так, пасадзіць дрэва! Пасадзіць дрэва на тэрыторыі нашай гімназіі дзеці прапанавалі пасля таго, як на ўроку беларускай літаратуры пазнаёміліся з вершам П.Броўкі “А ты хоць дрэва пасадзіў?” Я з задавальненнем падтрымала ідэю.
Дрэвы даюць нам магчымасць дыхаць чыстым паветрам, а фруктовыя дрэвы даюць яшчэ і вітаміны. На тэрыторыі гімназіі растуць яблыні, грушы, слівы. Папоўніў фруктовы сад персік “Пасол міра”. Яго пасадзілі вучні з 4 “Б” класа. Спадзяёмся, дрэва будзе даваць багаты ўраджай на радасць усім вакол!
Валянціна КІРЫЛЕНКА,
настаўнік пачатковых класаў
гімназіі Мсціслава