На падставе абласнога Палажэння аб правядзенні спартыўна-масавага мерапрыемства “Залатыя таленты Гродзеншчыны” у рамках Года народнага адзінства ў Воранаўскім раёне праведзена раённае спартыўна-масавае мерапрыемства “Залатыя таленты Воранаўшчыны”. Мэта гэтага спартыўнага свята – прыцягненне дзяцей і падлеткаў да заняткаў спортам.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел лепшыя спартсмены з 7–10-х класаў устаноў адукацыі раёна. Праграма спаборніцтваў уключала ў сябе не толькі здачу нарматываў: чаўночны бег 4×9 м, скачок у даўжыню з месца, падыманне тулава (дзяўчыны), падцягванне на перакладзіне (юнакі), нахіл наперад са становішча седзячы, але і праверку тэарэтычных ведаў па прадмеце.
Гэта была добрая трэніроўка, бо ўжо праз тыдзень пройдзе раённы этап алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” сярод навучэнцаў другой ступені навучання. Алімпіяда па фізічнай культуры і здороўя праходзіць з 2018 года, і штогод школьнікі паказваюць якасную падрыхтоўку па спартыўных гульнях, у здачы ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці, у плаванні на дыстанцыі 50 метраў, а таксама добрыя тэарэтычныя веды па прадмеце.
Спартыўна-масавае мерапрыемства дазволіць адабраць “залатыя” таленты раёна. Самыя лепшыя спартсмены, а гэта пераможцы раённых спаборніцтваў, будуць прадстаўляць раён 25 мая на абласным спартыўна-масавым мерапрыемстве “Залатыя таленты Гродзеншчыны”.
Верым у нашых спартсменаў і пажадаем ім поспехаў і веры ў свае магчымасці!
Рэгіна ФРАНСКЕВІЧ,
метадыст Воранаўскага раённага
вучэбна-метадычнага кабінета