Лідская друкарня вачыма школьнікаў

- 16:25ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У рамках рэгіянальнага праекта #Эканоміка. Асоба. Будучыня навучэнцы 8 “Б” класа сярэдняй школы № 11 вырашылі ўласна пазнаёміцца з дзейнасцю паліграфічнага прадпрыемства “Лідская друкарня”.

На прадпрыемства мы адправіліся пасля абеду. І гэта не выпадкова: менавіта ў гэты час вядзецца выпуск газет. Каля будынка друкарні нас сустрэў дырэктар Мікалай Пякарскі, які на некаторы час стаў нашым экскурсаводам.

На пачатку экскурсіі нашу ўвагу звярнулі на тое, што будынак, перад якім мы знаходзімся, уключаны ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Пабудаваны ён у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Амаль на працягу ста год тут размяшчалася гарадская турма. Затым, з 1947 па 1951 гады – працоўная дзіцячая калонія для малалетніх злачынцаў. І толькі ў 1963 годзе, пасля рэканструкцыі, будынак быў перададзены друкарні, якая пачала працу адразу пасля вызвалення горада ў 1944 годзе і размяшчалася да гэтага ў іншым месцы.

Пасля знаёмства з гісторыяй друкарні школьнікаў запрасілі наведаць вытворчыя памяшканні. У брашуровачным цэху дзеці з захапленнем разглядалі швейную машыну, брашуратар. Тут ім расказалі і паказалі, як праходзіць праца над выданнем кнігі “Праваслаўныя храмы Лідчыны: гісторыя і сучаснасць”, аўтарам якой з’яўляецца іх класны кіраўнік.

Затым дзеці пачулі пра спецыфіку працы аператара электроннага набору і вёрсткі, потым убачылі, як з вялікіх рулонаў паперы наразаюць лісты патрэбнага фармату. І ўсё ж школьнікам не цярпелася паглядзець самы важны працэс – друкаванне газет. У цэх праходзілі групамі. Шум, пах друкарскай фарбы – праца кіпела! І вось на канвееры новенькія экзэмпляры “Перамогі” – дзятлаўскай раённай газеты.

Было вельмі шумна. “Як цяжка тут працаваць…”, – перагаворваліся ўражаныя школьнікі. Цяпер яны атрымалі ўяўленне пра тое, як нараджаюцца газеты і кнігі.

Адказваючы на пытанні гасцей, Мікалай Мікалаевіч расказаў, што ў друкарні выдаюцца не толькі газеты і кнігі, але і брашуры, буклеты, граматы і іншая прадукцыя. Сёння ў друкарні працуюць 15 чалавек, гэта людзі розных прафесій: друкары, аператары электроннага набору і вёрсткі, фальцоўшчыкі і інш. Пачулі вучні і інфармацыю, дзе сёння можна атрымаць спецыяльнасці, каб у будучыні мець магчымасць працаваць у друкарні.

Экскурсія стала вельмі пазнавальнай. Дзеці ўбачылі, які працаёмкі шлях ад задумкі да свайго чытача праходзіць кожны нумар газеты і выданне кнігі. І зразумелі: звычайныя газеты і кнігі не такія простыя, як здаюцца на першы погляд.

Школьнікі сярэдняй школы № 11 Ліды выказваюць падзяку за цікавую і пазнавальную экскурсію дырэктару ГАУПП “Лідская друкарня” Мікалаю Мікалаевічу Пякарскаму.

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий