Новыя веды і вясёлыя гульні ў Сусветны дзень ветру

- 8:40ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Што такое вецер і якую карысць ён прыносіць? Адказы на гэтыя пытанні пастараліся знайсці выхаванцы малодшай групы № 5 ясляў-сада № 2 Свіслачы.

У першай палове дня падчас пазнавальнай гутаркі дашкольнікі даведаліся пра Сусветны дзень ветру, атрымалі ўяўленне пра тое, што ж такое вецер, пра значэнне ветру для чалавека і прыроды. З цікавасцю хлопчыкі і дзяўчынкі разглядалі ілюстрацыі з прыроднымі з’явамі, слухалі літаратурныя творы А.Пушкіна “Вецер, вецер! Ты магутны…”, “Вецер па моры гуляе…”, тым самым узбагацілі свае веды пра стваральную і разбуральную сілу ветру.

З задавальненнем удзельнічалі малыя ў эцюдах-пераўвасабленнях, дзе з дапамогай мімікі, жэстаў, пластыкі змаглі прымерыць на сябе ролю ласкавага ветрыку, парывістага ветру і нават урагану. А гэта спрыяла развіццю маўленчага дыхання і творчых здольнасцей.

Сюрпрыз чакаў выхаванцаў і на прагулцы. Дашкаляты знайшлі на ўчастку паштоўку. Адгадаўшы загадку, якая змяшчалася ў ёй, яны зразумелі, што гэта пасланне ад ветру, які пакінуў у зацішных месцах пляцоўкі чароўныя прадметы. Рухаючыся па карце, хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзілі гэтыя прадметы. А дзейнічаючы з імі, змаглі больш даведацца пра ўласцівасці ветру. Так, поліэтыленавы пакет і дробныя цацкі даказалі, што вецер празрысты. Вяртушкі дапамаглі зразумець, што вецер бывае моцны і слабы. З дапамогай папяровых султанчыкаў змаглі вызначыць кірунак ветра.

Здзіўленню малых не было мяжы, калі яны змаглі выклікаць “ураган” і зладзілі “шторм” у тазіку з вадой. Убачыўшы вядзёрцы і даведаўшыся, што ветрык пагарэзіў на пляцоўцы, дзеці з энтузіязмам прыняліся за ўборку. Кожны стараўся выканаць даручэнне добрасумленна, давесці пачатую справу да канца, дапамагчы сябру. Ніхто не быў у крыўдзе на вецер, бо сумесная дзейнасць – гэта весела і карысна.

Ацаніўшы вынік сваёй працы, дашкаляты знайшлі маляўнічыя медальёны і сталі ўдзельнікамі рухомых гульняў “Вецер і ветрыкі”, “Вецер-ветрык”, “Пакружы нас, ветрык”. Малыя не толькі атрымалі зарад бадзёрасці і радасныя эмоцыі, яны замацавалі ўменне дзейнічаць па сігнале, развівалі спрыт, хуткасць бегу, уменне арыентавацца на ўчастку дзіцячага сада.

Сапраўдным сюрпрызам для хлопчыкаў і дзяўчынак стаў кошык з цацкамі, якія прыводзіць у рух вецер. Дашкаляты змаглі выпрабаваць у дзеянні вееры, вяртушкі, парашуцікі, папяровыя самалёцікі, паветраныя шары і мыльныя бурбалкі. А разгадваючы таямнічыя пасланні, пакінутыя ветрам на сцежках дзіцячага сада, малыя развівалі ўяўленне, творчыя здольнасці.

У другой палове дня выхаванцы змаглі ўдакладніць і замацаваць атрыманыя веды, прыняўшы ўдзел у гульнях “Вецер – добры і злы”, “Што ўмее рабіць вецер?”, “Якім бывае вецер?”. З захапленнем успрынялі малыя ўдзел у гульнявой казцы-шумелцы “Ветрык-ветрышча”, дзе змаглі праявіць свае здольнасці ў гульні на шумавых музычных інструментах. Не засталіся абыякавымі дашкольнікі да прагляду мультфільма “Смяшарыкі. Што прынясе вецер”.

Вось так весела і з карысцю для развіцця дзетак прайшоў дзень ветру ў нашым любімым дзіцячым садзе!

 

Наталля КАВАЛЕЎСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий