На веласіпедзе па наваколлі

- 8:11ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У сярэдзіне мая вучні Дварэцкай сярэдняй школы ажыццявілі міні-велапрабег па памятных мясцінах аг. Дварэц у межах рэалізацыі абласной акцыі “ЗаВеласіпед”.

Мы з дзецьмі наведалі шэсць аб’ектаў. Першым з іх стаў помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Руіны вадзянога млына былі другімі на нашым шляху. Вадзяны млын быў у рабочым стане да 1980 г.; меў другі паверх у выглядзе драўлянага зруба і дах, яны былі знішчаны ў выніку пажару ў 1996 г.

Свята-Пакроўская царква, размешчаная ў цэнтры Дварца, пабудавана ў 1869 г., вакол храма як сімвал 12 апосталаў былі пасаджаны 12 дрэў. Вучні нашай школы часта прыходзяць сюды, прымаючы ўдзел у рэспубліканскай акцыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Адраджэнне святынь Беларусі”.

Фамільныя могілкі сям’і Пратасевіч, якая з’яўлялася ўладальнікам в. Дварэц у XIX стагоддзі, сталі чацвёртым аб’ектам нашага наведвання. Помнік, які мы ўбачылі, прывезены з Італіі і ўсталяваны на магіле Апалінарыі Пратасевіч у 1905 г. Менавіта з яе дзейнасцю звязана добраўпарадкаванне вёскі: былі пабудаваны касцёл і царква, пасаджана алея з італьянскіх таполяў, створаны тры штучных вадаёмы, адрамантаваны вадзяны млын. Шэфства над помнікам ажыццяўляе гісторыка-патрыятычны клуб “Спадчына” пры Дварэцкай сярэдняй школе.

Касцёл Божага Цела ці касцёл Св. Антонія Падуанскага пабудаваны ў 1905 г. пры падтрымцы ўладальнікаў в. Дварэц, Апалінарыі і Міхаіла Пратасевічаў. Гэта быў перадапошні аб’ект нашай вандроўкі.

Завяршыўся міні-велапрабег каля магілы невядомага салдата на праваслаўных могілках аг. Дварэц. У 2005 г. падчас сельскагаспадарчых работ каля в. Коцькі былі знойдзены астанкі салдата Савецкай арміі. Дакументаў пры ім не аказалася. Пазней гэтыя астанкі былі перапахаваны на могілках. Навучэнцы Дварэцкай сярэдняй школы рэгулярна наведваюць гэта месца, ускладаюць кветкі. Мы шануем і памятаем салдат, што не вярнуліся з вайны!

Пры падрыхтоўцы і падчас падарожжа дзеці даведаліся шмат цікавых фактаў з гісторыі родных мясцін, а таксама адчулі сваё дачыненне да гісторыі сваёй малой Радзімы. У час велапрабегу мы задумаліся пра захаванне і беражлівыя адносіны да памятных мясцін.

Віталь ІВАНАШКА,
педагог-арганізатар Дварэцкай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий