Пра беларускую кухню ішла размова падчас правядзення тэматычнага дня “Стравы нашых продкаў” у сярэдняй школе № 12 Светлагорска.
У маёй краіне есць, безумоўна, свае каштоўнасці і традыцыі. Яны робяць яе асаблівай – маёй. Шматвекавую, вельмі багатую і цікавую гісторыю мае і беларуская кухня. Гаворка пра яе была вельмі пазнавальнай.
Удзел прынялі амаль усе: і вучні, і настаўнікі, і нават работнікі школьнай сталоўкі. На працягу “смачнага беларускага дня” у музейным пакоі “Беларуская хатка” вучні IV–V класаў разам з бібліятэкарам А.Д.Паўлюкавай абмяркоўвалі кулінарныя традыцыі нашых продкаў, распавядалі пра хлеб, бульбу, бліны, любімую садавіну і ягады беларусаў – яблыкі, парэчкі, ажыны, чарніцы, пра беларускія напоі.
Адносіны беларусаў да ежы, да застолля знайшлі свае адлюстраванне ў беларускай літаратуры, у розных жанрах вуснай творчасці. Вучні VI, VIII класаў – удзельнікі свята беларускай кухні “Пакаштуйце беларускае” – разам з загадчыцай бібліятэкі Ж.М.Старавойтавай прынялі актыўны ўдзел у віктарыне “Старажытныя назвы беларускіх страў паводле твораў У.Караткевіча, Я.Коласа”, у конкурсе прыказак і прымавак “Дзе каша і аладка…”, спявалі беларускія народныя песні.
Сапраўднае свята нацыянальнай кухні “Падарожжа ў краіну беларускай кухні і этыкету” прайшло ў школьным буфеце. Вучні пакаштавалі стравы, прыгатаваныя па старадаўніх беларускіх рэцэптах. А дапамагала дзяўчатам настаўніца працоўнага навучання А.В.Мінакова. Да мерапрыемства была падрыхтавана выстава-продаж беларускага печыва.
Смак беларускай кухні адчулі вучні I–XI класаў за школьным абедам, а потым змаглі выбраць топ-6 беларускіх блюд, якія найбольш вядомыя на стале ў беларусаў.
Спадзяемся, што свята беларускай кухні – гэта яшчэ адна магчымасць зазірнуць у мінулае і захаваць будучае.
Вольга ПАСТАНОГАВА,
намеснік дырэктара
сярэдняй школы № 12 Светлагорска