Святочная атмасфера, кветкі і ўсмешкі напоўнілі раніцу 1 кастрычніка. Напярэдадні святкавання Дня настаўніка ў Ханявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Свіслацкага раёна прайшоў Дзень самакіравання. Вучні 9–10-х класаў памяняліся месцамі са сваімі настаўнікамі і ўбачылі школьнае жыццё з іншага боку.
Старшакласнікі загадзя рыхтаваліся і правялі ўрокі, якія запомняцца ўсім. Літаратура, матэматыка, фізіка, замежная мова і многія іншыя прадметы сталі ў гэты дзень асабліва цікавымі, бо, як вядома, дзеці бачаць наш свет зусім іншымі вачыма!
“Новая адміністрацыя” школы працавала з поўнай адказнасцю. Дублёры – дырэктар школы Арцём Касьян i яго намеснiк Вікторыя Кудлаш – стараліся вырашыць усе ўзнікшыя праблемы хутка і эфектыўна. Менавіта яны захоўвалі парадак у роднай школе на ўроках і на перапынках. Сюрпрызам для настаўнікаў стала відэапаштоўка ад навучэнцаў са словамі ўдзячнасці сваім педагогам.
Дзень самакіравання даў магчымасць школьнікам усвядоміць усю адказнасць дарослага жыцця, а камусьці, магчыма, дапаможа выбраць будучую прафесію.
Таццяна ЛЕВАНЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна