Пасвячэнне ў першакласнікі ў грынкаўскай школе

- 12:46ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Значнай падзеяй для самых маленькіх вучняў Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна стала свята “Пасвячэнне ў першакласнікі”.

На свята завіталі госці з Краіны Ведаў: Вучоны Кот, Чытанне, Пісьмо і Царыца Матэматыка, у ролі якіх выступілі пяцікласнікі. Казачныя героі падрыхтавалі для вучняў розныя выпрабаванні, з якімі першакласнікі паспяхова справіліся.

Вучоны Кот гуляў у рухомыя гульні “Самы ўважлівы”, “Дзінь-дзінь” і заклікаў, каб вучні былі вельмі ўважлівымі на ўроках і слухалі сваю настаўніцу. Царыца Матэматыка падрыхтавала задачы і рэбусы, загадвала матэматычныя загадкі, якія дзеці з задавальненнем разгадвалі. Пісьмо расказала вучням пра літары, прапанавала скласці на дошцы словы. Дзеці яшчэ раз паўтарылі з гераіняй правілы пісьма і правілы для навучэнцаў.

Чытанне пацікавілася, ці ўмеюць вучні ўважліва слухаць казкі. Першакласнікі вельмі добра справіліся і з гэтым. Апошнім выпрабаваннем для самых малодшых школьнікаў было заданне-конкурс “Хто хутчэй складзе партфель”. Конкурс паказаў, што ўсе дзеці добра ўмеюць гэта рабіць.

Пасля ўсіх выпрабаванняў казачныя героі Краіны Ведаў упэўніліся, што першакласнікі заслугоўваюць насіць ганаровае званне “Вучань” і ўручылі ім медалі.

З прывітальным словам да першакласнікаў звярнулася іх першая настаўніца Таццяна Іванаўна. Яна сказала, што за месяц вучобы ў школе дзеці засвоілі, што значыць быць вучнямі, але гэта яшчэ толькі пачатак цікавага і карыснага падарожжа па Краіне ведаў. Настаўніца пажадала першакласнікам добрай і лёгкай вучобы.

Твары дзяцей свяціліся ўсмешкамі, ва ўсіх быў добры настрой. А гэта сведчанне таго, што вучоба ў школе ім падабаецца.

 

Таццяна ПЕЛЕШ,
настаўнік пачатковых класаў
Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий