Сёлета вучні Збароўскага ясляў-сада – базавай школы імя К.Н.Осіпава Рагачоўскага раёна адзначылі дзень нараджэння Ніла Гілевіча літаратурнай вечарынай.
Настаўніца прапанавала ідэю і магчымыя варыянты правядзення мерапрыемства, а вучні падхапілі ініцыятыву. Формай правядзення стала літаратурная вечарына. Вядучымі сталі самыя актыўныя вучаніцы: Кацярына Шаталава, Кацярына Тэн і Карына Якаўлева.
Вечарына мела назву “Край мой беларускі, край!..” і пачалася з прагляду відэакліпу “Вы шуміце, бярозы” у выкананні ВІА “Сябры”. Вядучыя падказалі вучням, што аўтарам тэксту з’яўляецца Ніл Гілевіч. Звесткі пра жыццё і творчасць Ніла Сямёнавіча зацікавілі гледачоў, якім далі магчымасць самім падумаць, ці ўсё названае з’яўляецца праўдай. Гледачы і ўявіць не маглі, што Ніл Гілевіч быў такім таленавітым і рознабакова адораным чалавекам.
Найбольшае ўражанне засталося ў вучняў ад прагляду відэазапісу пра жыццё пісьменніка, на якім ён расказваў пра свой няпросты жыццёвы шлях. Гучалі на мерапрыемстве і вершы. Хочацца адзначыць лепшых прамоўцаў: Дзмітрыя Шпакава, Івана Атрасевіча, Валерыю Крачаву і Ганну Холад.
Шмат твораў пераклаў Ніл Гілевіч на родную мову, паважаў беларускае слова і не любіў трасянку. Вось і мы вырашылі пагуляць з гледачамі ў літаратурную гульню “Мовазнаўца”. На экране з’яўляліся беларускія словы, значэнне якіх неабходна было патлумачыць. Пасля меркаванняў публікі на экране з’яўлялася правільнае тлумачэнне кожнага слова з невялікім малюнкам. Самымі лёгкімі для вучняў аказаліся словы “твань”, “бондар”, “хатуль”. А вось “салапяка”, “ясакар”, “гіль”, “акавіта” раней вучні нідзе не чулі.
Падрыхтоўка да мерапрыемства заключалася не толькі ў рэпетыцыях і зборы інфармацыі. Два тыдні ў школе працягваўся конкурс малюнкаў, аўтары лепшых малюнкаў былі ўзнагароджаны дыпломамі. За лепшы партрэт Ніла Гілевіча дыплом атрымала вучаніца 8-га класа Кацярына Шаталава, а ў намінацыі “Край мой беларускі, край” лепшы малюнак быў створаны шасцікласніцай Ганнай Холад.
Дырэктар Алена Клачкова адзначыла, што вечарына атрымалася цікавая і цёплая, нібы мы завіталі да Ніла Гілевіча ў госці, прачыталі яму вершы і паказалі свае літаратурныя здольнасці. Калі б ён і сапраўды пачуў нашы цёплыя словы, то яму было б прыемна, што мы памятаем яго і хочам сваю памяць пранесці праз усё жыццё.
Вольга КАВАЛЁВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Збароўскага ясляў-сада – базавай школы імя К.Н.Осіпава
Рагачоўскага раёна