У пачатку верасня першакласнікі Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна ўпершыню пазнаёміліся са школьнай бібліятэкай. Затым з цікавасцю кожны раз яе наведвалі. А на гэтым тыдні самых маленькіх навучэнцаў школы пасвяцілі ў чытачы.
Ля ўваходу дзяцей чакалі казачныя героі, якія расказалі, што бібліятэка – не проста кабінет з кнігамі, гэта сапраўдная казачная краіна, напоўненая самымі рознымі таямніцамі. І жыхары гэтай краіны таксама незвычайныя, гэта кнігі, кожная з каторых мае свой дом і кватэру.
Затым усе ўдзельнікі мерапрыемства адправіліся ў казачнае падарожжа. Першакласнікам спадабалася адгадваць загадкі, гуляць, выпраўляць памылкі і адказваць на пытанні віктарыны “Самы лепшы сябар”.
Бібліятэкар з радасцю пазнаёміла першакласнікаў з правіламі паводзін у бібліятэцы, а таксама дала базавыя паняцці па асновах бібліятэчнай пісьменнасці. Прайшоўшы ўсе выпрабаванні, навучэнцы 1-га класа даказалі, што гатовы стаць сапраўднымі чытачамі. Бібліятэкар на кожнага маленькага навучэнца завяла іх асабісты чытацкі фармуляр.
І надышоў самы ўрачысты момант – вымаўленне клятвы. Маленькія школьнікі з захапленнем паўтаралі за казачнымі героямі вершаваныя радкі клятвы. Напрыканцы мерапрыемства першакласнікі, цяпер як паўнапраўныя чытачы, з задавальненнем выбралі сабе цікавыя кніжкі.
На сённяшні момант не ўсе навучэнцы 1-га класа ўмеюць чытаць, але ўрачыстае пасвячэнне ў чытачы павінна стаць стымулам хутчэй вывучыць усе літары, а ў далейшым любіць і чытаць кнігі.
Марыя КАСПАРЭВІЧ,
настаўнік 1-га класа
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна