Цікавымі мерапрыемствамі на асеннюю тэматыку скончылася першая чвэрць для навучэнцаў розных узроставых груп Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Напярэдадні восеньскіх канікул у госці да дзяцей завітала Залатая Восень. Спачатку яна сустрэлася з выхаванцамі дашкольнага ўзросту. Падчас сустрэчы дзеці разам з Восенню паслухалі песеньку “Дожджык, сонейка вярні” і адначасова агучылі на металафоне гукі кропелек дажджу. Затым усе разам прагналі злую хмарку.
Восень у госці прыйшла не з пустымі рукамі, а з чароўным кошыкам, у якім прынесла садавіну і агародніну. Дзеці з задавальненнем пагулялі ў “Знайдзі, што пакажу”. Ім трэба было дастаць з кошыка любы фрукт і знайсці яго на малюнку.
Восень падзякавала выхаванцам за цікавую сустрэчу і пайшла ў госці да дзяцей школьнага ўзросту. Тут вучні прынялі ўдзел у гульнях: “Смачны кампот”, “Сушым садавіну”, “Складзі карцінку (садавіна і агародніна)”, “Парныя карцінкі (восень)”. Дзеці развівалі дробную маторыку рук, замацоўвалі ўменне распазнаваць садавіну і агародніну і веданне прымет восені.
Пасля Залатая Восень расказала хлопчыкам і дзяўчатам, што яна ўмее афарбоўваць лісце ў чырвоны і жоўты колер. Не дзіўна, што менавіта ў гэтую пару года мы назіраем за чырвона-жоўтым лістападам. Кожнаму дзіцяці Восень падаравала рознакаляровае лісце, з якім яны выканалі танец “Лісцікі-лісточкі”.
Выхаванцы падзякавалі Залатой Восені за багаты ўраджай агародніны і паказалі інсцэніроўку песні “Ураджайная”. А яна, у сваю чаргу, пачаставала хлопчыкаў і дзяўчынак садавінай, з якой дзеці разам з дарослымі прыгатавалі фруктовы салат.
Наталля МІЛЕЙКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Дзятлаўскага раённага цэнтра
карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі