Пад дэвізам “Будзем цікава жыць, каб дзяцінства ў казку ператварыць” у аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Восеньская рапсодыя” Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна прайшоў дзень восеньскай казкі.
“Жылі-былі…” – гэтыя словы знаёмыя ўсім, таму што кожны з нас калісьці ў дзяцінстве акунаўся ў свет казак. Так і навучэнцы школы разам з педагогамі здзейснілі займальнае падарожжа ў казачны свет, удзельнічаючы ў гульні-віктарыне “У гасцях у казкі”. Здавалася, што некаторыя дзеткі ведаюць усе казкі ў свеце, так як адказвалі на ўсе пытанні. Яны адгадвалі казкі па іх пачатку, адказвалі на пытанні пра розных персанажаў, вызначалі, з якой казкі тая ці іншая рэч і чыя яна, адгадвалі герояў казак па апісанні іх выгляду, пазнавалі казкі па ілюстрацыях. Дзеці проста малайцы!
Затым выхаванцы малявалі сваіх любімых казачных герояў, удзельнічаючы ў конкурсе малюнкаў “Чароўныя казкі”. Майстар-клас “Мой любімы герой” не пакінуў абыякавым нікога. Хлопчыкі і дзяўчынкі захоплена ляпілі любімых казачных персанажаў. Затым у завочнай форме наведалі відэасалон “Ах, ужо гэтыя казкі!”, дзе з цікавасцю паглядзелі “Восеньскую казку”. Працягнулася падарожжа інсцэніроўкай казкі на новы лад, якая таксама вельмі спадабалася навучэнцам. У перапынках паміж конкурсамі хлопчыкі і дзяўчынкі гулялі ў гульні нашых дзядуляў і бабуль – лапту, гарадкі, ручаёк.
У завяршэнні казачнага дня дзеці прынялі ўдзел у арт-тэрапіі “Казачнае Лукамор’е”. Тут яны з дапамогай фарбаў, алоўкаў выказалі свае эмоцыі, свае адчуванні за ўвесь дзень.
Дзень казак атрымаўся яркім і насычаным, прайшоў весела, на адным дыханні. Сустрэча з казкай прынесла шмат радасці, добрых уражанняў і жадання яшчэ раз вярнуцца ў казачную краіну.
Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна