Падчас восеньскіх канікул вучні сярэдняй школы № 11 Ліды здзейснілі падарожжа і наведалі Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту Строчыцы, які размясціўся непадалёку ад Мінска.
Да наведвання музея школьнікі, безумоўна, мелі ўяўленне пра жыццё і побыт беларускіх сялян. Яны прымалі ўдзел у абрадах, гульнях, майстар-класах, якія ладзяцца ва ўстановах культуры лідскага краю, а вось апынуцца ў сапраўднай вёсцы пачатку мінулага стагоддзя яны не мелі магчымасці.
Дарога да Мінска праляцела хутка. І вось перад намі адкрылася пляцоўка з драўлянымі пабудовамі экскурсійнага сектара “Цэнтральная Беларусь”. Здавалася, што вось-вось нам сустрэнуцца і жыхары. Усе з цікавасцю слухалі экскурсавода і разглядалі аб’екты музея, які месціцца пад адкрытым небам ужо сорак пяць гадоў.
Сюды, як даведаліся вучні, былі звезены аўтэнтычныя будынкі з розных куткоў Беларусі. І сёння гэта адзінае месца ў краіне, дзе кожны наведвальнік можа апынуцца ў мінулым не віртуальна, а рэальна.
Што найбольш уразіла падлеткаў, дык гэта сапраўдная вясковая вуліца, драўляныя будынкі: свіран, амбар, гумно, уніяцкая царква, клець, хлеў, пагонны двор.
Не менш цікавым было знаёмства з інтэр’ерам унутры пабудоў. У хатах усё дакладна так, як і было шмат гадоў таму: печ, чырвоны кут, палаці, калыска, прычэпленая да столі, жаночы куток з кухонным посудам. На стале – небагатая сялянская ежа, побач – калаўрот. З аповеду экскурсавода пачулі, як узводзіліся будынкі ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, як жылі сем’і, чым займаліся і пра што марылі.
Лепшаму ўспрыняццю экскурсіі і знаёмству з побытам сялян садзейнічала тое, што экскурсія праходзіла на беларускай мове. Пачулі вучні на роднай мове і шэраг беларускіх прымавак і народных павер’яў.
Аднак найбольшыя эмоцыі школьнікі атрымалі, калі трапілі ў народную вучэльню – па-цяперашняму – пачатковую школу. Парты, стол настаўніка, дошка – здаецца, нічога не змянілася. У адным класе адначасова вучыліся вучні розных класаў, прадметы выкладаў адзін настаўнік. Урокі доўжыліся 50 хвілін, перапынкі былі пяціхвілінныя, шасцідзённы вучэбны тыдзень, а таксама абед, падчас якога вучні елі кашу з аднаго гаршка – адсюль і пайшло слова “аднакашнікі”.
У тыя часы не ўсе дзеці маглі атрымаць адукацыю. А ў дзяўчат увогуле не было такой магчымасці. Як аказалася, у той час існавалі “калькулятары” – лічыльнікі і “планшэты” – называліся яны грыфельныя дошкі. Што не спадабаліся лідскім школьнікам, дык гэта метады цялеснага пакарання, якія раней выкарыстоўваліся ў школе. А вось што хатняе заданне не задавалі – вельмі добра!
Паўтары гадзіны падарожжа па “Цэнтральнай Беларусі” прайшлі вельмі хутка. Экскурсія скончылася, а вось жаданне працягнуць знаёмства з побытам і культурай беларусаў таго часу ў вучняў з’явілася яшчэ больш.
Калі вы не былі ў Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту Строчыцы, то не сумнявайцеся, вы атрымаеце цудоўныя ўражанні ад наведвання. Тым больш, што кожную пару года там ладзяцца святы, праходзяць фестывалі, нават здымаюцца мастацкія кінастужкі.
Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 9 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды