Шасцікласнікі Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна адправіліся ў паход па маршруце: аг.Вялікія Азёркі – в. Малая Воля Дзятлаўскага раёна.
Асенні дзянёк так і спрыяў нам сваім надвор’ем, дзяліўся апошнімі праменьчыкамі сонейка. Дзьмуў лёгкі халаднаваты ветрык. Але гэта ніяк не стрымлівала дзяцей. Бацькі маіх вучняў таксама пастараліся, дапамаглі нам у арганізацыі і правядзенні паходу, за што ім неабходна сказаць вялікі дзякуй. У рукзаку ў кожнага былі тэрмасы з гарачым чаем, бульба і сала для кастра і, вядома, розныя прысмакі. У дарозе вучні не пераставалі любавацца прыгожымі ляснымі краявідамі, магутнымі хвоямі і дубамі, прыгажунямі-бярозкамі і мастом праз раку Шчара.
У час падарожжа мае вучні задавалі многа розных пытанняў, вельмі пранікліся расказам пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў нашай мясцовасці, пра тое, які лёс напаткаў жыхароў вёсак суседняга Дзятлаўскага раёна. Вучні даведаліся, што 16 снежня 1942 года 364 мірныя жыхары вёскі Вялікая Воля былі расстраляны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На месцы расстрэлу знаходзіцца помнік, на якім выгравіраваны надпіс-зварот да кожнага з нас: “Сучаснік! Схілі галаву перад светлай памяццю паўшых герояў. Яны адстаялі свабоду тваю і шчасце крывёю”. Дзеці ўсклалі да помніка галінкі хвоі і доўга стаялі на адным месцы, па некалькі разоў ціхенька перачытваючы гэтыя словы. Я думаю, што яны разумеюць, што такое мір на нашай прыгожай беларускай зямлі…
Падарожжа наша працягвалася далей. Адпачынак у лесе на беразе магутнай ракі Шчара, дым кастра, незабыўны смак печанай бульбы і сала, прагулка ляснымі сцежкамі роднага краю, аповед пра падзеі 1942 года – усё гэта надоўга застанецца ў нашай памяці. Вучні добра адпачылі, уволю надыхаліся свежым паветрам, гулялі ў розныя гульні, не ўспаміналі нават пра мабільныя тэлефоны. Усё гэта вельмі здорава!
А мы будзем працягваць вучобу і чакаць наступных канікулаў, каб далей крочыць сцежкамі роднага краю і гартаць наступныя старонкі нашага гераічнага мінулага.
Таццяна ГАЛАВАЧ,
класны кіраўнік
Азёркаўскай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна