Тыдзень замежных моў у Браслаўскай гімназіі

- 11:05ВИТЕБЩИНА, Регионы

Некалькі адметных дзён у Браслаўскай гімназіі былі адзначаны знамянальнай падзеяй: навучэнцаў “наведала” каралева Вялікабрытаніі Лізавета II. Ва ўстанове адукацыі прайшоў тыдзень замежных моў, які меў назву Royal Week і быў прысвечаны жыццю і дзейнасці каралевы.

Гімназісты атрымалі магчымасць акунуцца ў атмасферу жыцця Букінгемскага палаца і зрабіць сумеснае фота з самой каралевай: яна “чакала” іх кожны перапынак за кубачкам гарбаты.

Хлопцы і дзяўчаты змаглі бліжэй пазнаёміцца з традыцыямі і асаблівасцямі жыцця каралеўскай сям’і, разгадваючы вялізную крыжаванку, дзе неабходна было адшукаць англійскія словы, а таксама змагаючыся ў анлайн-квізе, дзе пераможцам станавіўся той, хто найбольш хутка і правільна здолеў адказаць на пытанні пра сакрэты будняў Лізаветы II. Удзельнікі тыдня паказалі свае веды і ўменні ў рамках адкрытых урокаў, інтэлектуальных гульняў і нават аўкцыёну пра Вялікабрытанію. На працягу тыдня таксама працавала каралеўская пошта, з дапамогай якой кожны жадаючы мог адправіць пасланне аднакласнікам і любімым настаўнікам.

У чацвер і пятніцу была арганізавана выстава iEARN праекта Holiday Cards Exchange, дзе прапаноўвалася не толькі пазнаёміцца з лістамі і паштоўкамі з розных краін, але і пакінуць сваё пасланне для каралевы Лізаветы II. Быў арганізаваны конкурс рэкламных відэаролікаў пра Браслаў, якія маглі б прыцягнуць увагу каралеўскай асобы і выклікаць у яе жаданне наведаць нашу ўстанову адукацыі. Пераможцамі сталі Яна Рышкевіч і Паліна Адахоўская (студыя “ПалЯна”), якія паказалі, што было б, калі б Лізавета прыехала ў Браслаў насамрэч (ролік можна паглядзець тут: https://clck.ru/YR8Fg).

Як адзначаюць гімназісты, тыдзень замежных моў прайшоў у актыўным і пазітыўным фармаце, дазваляючы кожнаму выбраць пэўную справу, у якой хацелася прадэманстраваць свае ўменні валодання замежнай мовай і адкрыць для сябе нешта новае і цікавае. Самых актыўных удзельнікаў узнагародзілі падарункавымі сертыфікатамі на наведванне кафэ, дзе яны маглі ўспомніць падзеі мінулага тыдня і абмяняцца ўражаннямі за кубачкам англійскай гарбаты.

 

Вольга ЛУКША,
настаўнік англійскай мовы
Браслаўскай гімназіі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий