На пасяджэннях школьных метадычных фарміраванняў педагогі Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна прадэманстравалі ўласныя метадычныя напрацоўкі па візуалізацыі вучэбнага матэрыялу.
Выкарыстанне прыёмаў візуалізацыі робіць вучэбны занятак больш інфарматыўным і эфектыўным. Існуе мноства традыцыйных спосабаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу: апорныя канспекты, схемы, табліцы, калажы, відэаролікі, трэнажоры, інтэлект-карты і інш. Безумоўна, метадычна граматны падыход да візуалізацыі забяспечвае і падтрымлівае пераход навучэнца на больш высокі ўзровень пазнавальнай дзейнасці, стымулюе крэатыўны падыход.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Аксана Цераховіч падзялілася вопытам прымянення візуальнага прыёму, які дазваляе адысці ад пасіўнага слухання да актыўнай працы вучняў, – гексамі. Таксама Аксана Аляксандраўна расказала пра свой вопыт работы па выкарыстанні кросенсаў, прапанавала ўласна створаныя кросенсы па творах беларускай літаратуры.
У педагогаў, якія працуюць з дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі, асаблівую цікавасць выклікае такі інтэрактыўны візуальны сродак, як лэпбук. Выкарыстанне лэпбукаў актывізуе вучэбную і пазнаваўчую дзейнасць навучэнцаў, павышае візуальную граматнасць і культуру. Вопытам работы па выкарыстанні лэпбукаў у адукацыйным працэсе падзялілася выхавальнік Алена Яблонская.
Настаўнік-дэфектолаг Таццяна Якубоўская лічыць, што ў рабоце з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне візуальных сігналізатараў. Таццяна Стэфанаўна прапанавала ўвазе членаў дынамічнай групы ўказку-сігналізатар, якая выкарыстоўваецца для фарміравання ўмення правільнага чытання. З мэтай самакантролю пры аўтаматызацыі гукаў у самастойным маўленні ў карэкцыйным працэсе выкарыстоўваюцца сігналізатары ў выглядзе “светлафора” і “далонек”.
Педагогі ўстановы аздначылі практычную значнасць атрыманага вопыту, цікавасць і сучаснасць прыёмаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу.
Мы ўпэўнены, што добрых метадаў існуе роўна столькі, колькі існуе добрых настаўнікаў. Галоўная задача – павысіць матывацыю педагогаў на сістэмнае выкарыстанне ў навучанні прыёмаў візуалізацыі.
Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна