Тыдзень беларускай літаратуры для смаргонскіх трэцякласнікаў  

- 14:44ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У сярэдняй школе № 5 Смаргоні на працягу мінулага тыдня, як ніколі, гучала беларуская мова – тут праходзіў тыдзень беларускай літаратуры.

На паралелі 3-х класаў гэты тыдзень праходзіў пад дэвізам “З любоўю да роднай мовы!”. Кожны настаўнік падрыхтаваў цікавыя і займальныя заняткі на розны густ.

Вучні 3 “Б” класа падарожнічалі па Краіне знаёмых незнаёмцаў. Падчас правядзення занятку дзеці рабілі спробы калектыўнага тлумачэння значэнняў фразеалагізмаў, шукалі ў тэксце ўстойлівыя выразы, суадносілі сюжэтныя малюнкі з адпаведнымі фразеалагічнымі зваротамі. Творчыя заданні выклікалі ў вучняў усмешку і вясёлы настрой.

У дзяцей 3 “Г” класа адбылася гульнёвая праграма “Востраў слоў”. Вучні праявілі кемлівасць, здагадлівасць, паказалі свае веды ў намінацыях “Таямнічыя словы”, “Крылатыя выразы”, “Заданні для ўсмешкі”. Лепшыя знаўцы роднай мовы атрымалі ўзнагароды.

Гульня-падарожжа “Гучы, роднае слова” была яскравай і займальнай і не пакінула абыякавым ніводнага вучня 3 “В” класа. Хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў вандроўку па станцыях. Вучні чыталі на памяць вершы беларускіх пісьменнікаў, адгадвалі акразагадкі, успаміналі беларускія казкі і прыказкі, гулялі ў перакладчыкаў. У канцы занятку старанна выводзілі самае роднае беларускае слова і склалі “Сэрца любімых слоў”.

Асабліва гасціннай выдалася літаратурная гадзіна ў вучняў 3 “А” класа. Яны завочна пабывалі ў гасцях кнігі-юбіляра В.Віткі “Чытанка-маляванка”.У гэтым годзе ёй споўнілася 50 гадоў. Дзеці з цікавасцю інсцэніравалі творы, якія ў сваім дзяцінстве чыталі іх бабулі і дзядулі. Хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі акцёрскія і творчыя здольнасці.

Віктарына “Па старонках беларускіх казак” захапіла вучняў 3 “Д” класа. Казачнае спаборніцтва праходзіла паміж камандамі “Зубраняты” і “Бусляняты”. Усім зразумела, беларускія народныя казкі не толькі выхоўваюць любоў да традыцый свайго народа, але і спрыяюць развіццю асобы ў духу патрыятызму.

Мерапрыемствы на роднай мове садзейнічалі фарміраванню моўнай культуры вучняў, узбагачэнню слоўнікавага запасу, выклікалі цікавасць, жаданне размаўляць па-беларуску.

Тыдзень праляцеў хутка. Вучні атрымалі зарад ведаў і пазітыўных эмоцый, а настаўнікі – задавальненне ад вынікаў сваёй працы.

 

Таццяна КСЕНЕВІЧ, Надзея ШПАКОЎСКАЯ,
настаўнікі пачатковых класаў
сярэдняй школы № 5 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий