У Гродзенскай вобласці праходзіць абласная акцыя “Памяць. Адзінства. Перамога”, у якой прынялі ўдзел вучні Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна.
Членамі краязнаўчага клуба “Спадчына” і патрыятычнага клуба “Патрыёт” была даследавана дзейнасць аднаго з першых партызанскіх атрадаў, які дзейнічаў у Навагрудскім раёне падчас Вялікай Айчыннай вайны. Атрад “Кастрычніцкі” партызанскай брыгады імя Кірава створаны ў 1941 годзе. Асноўнымі пунктамі дыслакацыі партызан былі вёскі Каменка, Журавельнікі, Навіны, Пярэвічы, Драчылава Навагрудскага раёна. На рахунку атрада больш за 46 аперацый, 36 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай суперніка, пабітыя варожыя гарнізоны, аперацыі па выратаванні насельніцтва ад знішчэння. Менавіта гэтым атрадам восенню 1941 года была здзейснена першая дыверсія, у выніку якой была парушана варожая лінія сувязі па дарозе Навагрудак – Ліда.
Напрыканцы лістапада ў гонар 80-годдзя стварэння партызанскага атрада “Кастрычніцкі”, яго першай дыверсіі, 80-годдзя пачатка Вялікай Айчыннай вайны на трасе “Навагрудак – Ліда” быў адкрыты памятны знак з QR-кодам у рамках абласнога патрыятычнага праекта “Памяць. Адзінства. Перамога”. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі піянеры дружыны імя Віктара Ваўчэцкага – камандзіра атрада, члены БРСМ, члены клубаў “Спадчына”, “Патрыёт”, намеснік старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Каралько, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Наталля Жышко, старшыня сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Гірыновіч. Хвілінай памяці ўшанавалі памяць загінуўшых партызан атрада “Кастрычнікі”, усіх салдат, што не вярнуліся з палёў баёў Вялікай Айчыннай вайны.
Пятрэвіцкая зямля стала стартавай пляцоўкай у Навагрудскім раёне ў рамках праекта. Усяго на Навагрудчыне будзе адкрыта шэсць такіх памятных знакаў з QR-кодамі, з дапамогай якіх можна будзе даведацца пра ваенныя падзеі на гэтай тэрыторыі.
Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна