Каб абудзіць у дзяцей цікавасць да завучвання навагодніх вершаў, на дапамогу выхаванцам рознаўзроставай групы Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна прыходзяць мнематабліцы.
На кожнае слова або маленькае словазлучэнне прыдумваецца карцінка (малюнак). Спачатку выхаванцы слухаюць выразнае чытанне верша, гледзячы на апорныя карцінкі ў мнематабліцы. Выхавальнік тлумачыць ім незразумелыя, новыя словы. Пасля гэтага дзіця па памяці, выкарыстоўваючы апорныя малюнкі, расказвае верш. Зрокавы вобраз, які захаваўся ў дзіцяці, дазваляе значна хутчэй запомніць верш.
Выхаванцы любяць гуляць з мнематабліцай самастойна: з разрэзаных частак мнематабліцы складаюць верш. Выкарыстанне апорных малюнкаў захапляе дзяцей, ператварае завучванне вершаў у гульню. А для дашкольніка, вядома, гульнявая дзейнасць з’яўляецца вядучай.
Самае ж галоўнае ў гэтым тое, што завучванне вершаў для дзіцяці мае велізарную карысць: пашыраецца кругагляд, развіваецца памяць, фарміруецца культурны ўзровень маленькага чалавека.
Алена ЯБЛОНСКАЯ,
выхавальнік рознаўзроставай групы
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна