У рамках акцыі “Мы – за здаровы лад жыцця” у Клайшанскай базавай школе Воранаўскага раёна прайшло спартыўнае свята “Спорт любіць – моцным і здаровым быць!”.
На старт выйшлі дзве каманды: “Маланка” і “Гром”. Ключавая ўмова ўдзелу – быць прыхільнікам здаровага ладу жыцця або быць гатовым ім стаць. З якімі вынікамі каманды прыйдуць да фінішу, залежыла толькі ад іх саміх.
Праграма свята “Спорт любіць – моцным і здаровым быць!” была даволі насычанай. Першым заданнем было прадстаўленне каманд. Дзеці ў вершаванай форме расказалі пра сябе і сваіх сяброў. Камандам былі прапанаваны займальныя, часам вельмі няпростыя конкурсы са скачкамі на мячах, бегам з абручамі, дзе яны змаглі праявіць свае спартыўныя навыкі. Усе этапы спаборніцтваў праходзілі ў напружанай барацьбе.
Спартыўны запал і жаданне дамагчыся перамогі для сваёй каманды захоплівалі дзяцей настолькі, што яны не заўважалі таго, што адбываецца вакол. Усе імкнуліся прыйсці да фінішу першымі. У спортзале было шумна і весела, усе былі радасныя, а шчаслівыя ад захаплення вочы дзяцей – лепшая ўзнагарода для настаўнікаў.
Хлопчыкі і дзяўчынкі зразумелі: каб заваяваць перамогу, мала быць проста фізічна моцным. Неабходна быць арганізаваным і сабраным, спрытным і знаходлівым.
Журы падвяло вынікі спаборніцтваў. Аказалася, што каманда “Маланка” набрала большую колькасць балаў і перамагла. Свята пакінула масу станоўчых эмоцый і ўражанняў. Мэта несці дзецям святло, радасць, любоў была дасягнута.
Генадзій ВАРАНОЎСКІ,
настаўнік фізічнай культуры і спорта
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна